9 кастрычніка – Сусветны дзень пошты
Аддзяленне паштовай сувязі ў гарадскім пасёлку Івянец абслугоўвае звыш 4,5 тысячы чалавек насельніцтва і ўсе арганізацыі, што размяшчаюцца на яго тэрыторыі.
На сённяші день тут працуюць шэсць чалавек: начальнік Марына Чаславаўна Нелюб, намеснік начальніка Святлана Леанідаўна Кажэвіна, спецыяліст паштовай сувязі Ганна Віктараўна Мярзлікіна і тры паштальёны – Юзэфа Іванаўна Мароз, Алена Канстанцінаўна Плотнік і Алена Францаўна Юхневіч. Апошняя з’яўляецца ветэранам працы і ўжо на працягу 25 гадоў у добрае надвор’е і ў непагадзь спяшаецца выканаць свае абавязкі. Наогул, ніхто з жанчын не навічок у прафесіі, усе маюць немалы працоўны стаж. Хутка да іх яшчэ далучыцца аператар паштовай сувязі Вераніка Рамуальдаўна Кавэцкая, якая зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцем да 3-х гадоў.
У аддзяленні ўважліва адносяцца да кліентаў, да кожнага стараюцца знайсці індывідуальны падыход. Многіх з іх ведаюць асабіста, бо тыя пастаянна прыходзяць, каб атрымаць пенсію, аплаціць жыроўкі і іншыя плацяжы. Пры абслугоўвані насельніцтва на даму выкарыстоўваецца сэрвіс “мабільны паштальён”, расплаціцца можна як наяўнымі грашамі, так і з дапамогай банкаўскай карты.
Менш чым год назад у памяшканні аддзялення быў праведзены рамонт, пасля якога яго выгляд кардынальна змяніўся. Камфортныя ўмовы, зразумела, станоўча адбіваюцца на якасці работы і хуткасці абслугоўвання кліентаў. Прадастаўляецца не толькі поўны спектр паштовых, але і няпрофільныя паслугі. Ажыццяўляюцца прыём і выдача лістоў, пасылак і грашовых пераводаў, афармленне падпіскі на любімыя друкаваныя выданні, выплата пенсій і дапамог, усе віды плацяжоў, страхаванне, а таксама продаж філатэлістычнай прадукцыі і тавараў штодзённага попыту. На стэлажах размешчаны шырокі асартымент розных тавараў. Пасля рамонту тут працуе выдатны магазін самадаступнасці. У продажы ёсць багаты выбар прадуктаў харчавання, прамысловыя тавары: ручнікі, посуд, пасцельная бялізна, сродкі гігіены і шмат іншага, што неабходна ў быце.
Рамонт выкананы ў прыемных шэра-бела-блакітных тонах. У абноўленым аддзяленні маецца сучасная сістэма для самаабслугоўвання. Для наведвальнікаў працуюць два аперацыйныя акны для прыёму-выдачы паштовых адпраўленняў і абслугоўвання па плацяжах, устаноўлены плацежна-даведачны тэрмінал, што дазваляе здзейсніць усе неабходныя разлікі без камісіі, дзеля бяспека кліентаў працуе сістэма відэаназірання.
Работнікі лічаць, што іх маленькі калектыў вельмі згуртаваны і дружны. Усе разам яны прынялі непасрэдны ўдзел у рэалізацыі праекта па абнаўленні аддзялення. Цяпер вока радуюць сучасны дызайн, новае абсталяванне і мэбля. Утульная атмасфера спрыяе зладжанай прадукцыйнай працы.
Работнікі аддзялення стараюцца найбольш поўна задаволіць попыт фізічных і юрыдычных асоб у патрэбах паштовай сувязі, рэалізуюць сацыяльныя функцыі па частаце дастаўкі пошты, ажыццяўляюць прасоўванне новых дыстанцыйных сэрвісаў: Нацыянальнай электроннай паштовай сістэмы – “Белпошта”, што дазваляе перасылаць лісты ў анлайн-рэжыме з захаваннем юрыдычнай значнасці, якую забяспечвае электронны паштовы штэмпель, паскоранай пошты EMS, атрыманне адпраўленняў па SMS-коду. На сайце belpost.by можна анлайн аформіць паштовыя адпраўленні. Для гэтага спачатку трэба прайсці рэгістрацыю ў асабістым кабінеце і ў рэжыме “Паштовыя адпраўленні” стварыць інфармацыю пра тое, што вы збіраецеся адправіць, а затым пры наведванні аддзялення паведаміць работніку “Белпошты” штрыхкод. Наогул, радуе, што тарыфы на паслугі не толькі не даражэюць, але і становяцца таннейшымі, а значыць, і больш даступнымі. Так пасылку масай да кілаграма можна адправіць усяго за 3 рублі.
Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара