(Заканчэнне. Пачатак у № 28)
Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
14.08.2011. У доме, дзе мы кватаруем на Нарачы, на другім паверсе мае кватэру паэт-гумарыст Уладзімір Ермалаеў. Ён учора вечарам прыехаў з Мінска і, адпачыўшы, сёння нас запрасіў да сябе паспрабаваць кавуна. Мы з радасцю пайшлі, бо крыху засумавалі без гутарак з творчымі людзьмі. Павінен быў да нас далучыцца Мікола Шабовіч, які жыве каля Нарачы ў 30 кіламетрах ад нас, але не паехаў, бо пабаяўся кепскага надвор’я. І, відаць, правільна зрабіў, што не прыехаў, бо, як толькі мы селі за стол, пачалася страшная залева, якая ў двары пазатаплівала машыны. Пазней мы даведаліся, што ў Мінскай вобласці наогул быў вялікі буран і град. І пакуль бушавала навальніца, Уладзімір Фаміч чытаў нам свае пародыі, і ўсім нам было весела і светла…
Некалькі дзён назад мне сніліся Пугачы. Прыйшоўшы да сажалкі, што на перакрыжаванні, я сустрэў Уладзіміра Ермалаева, які выдаваў веласіпеды пакатацца. На веласіпедах ужо каталіся мае памерлыя аднакласнікі Сашка Балотнік і Вова Звярок. І так хутка яны ездзілі па вуліцы, што аж страшна было. І я ад страху прачнуўся. Сёння, гасцюючы ў Ермалаева, я ўбачыў у яго два веласіпеды, і Уладзімір Фаміч, заўважыўшы, куды я гляджу, сказаў: “Можаце ўзяць пакатацца…”
15.08.2011. Яшчэ ў першы дзень кватаравання на Нарачы заўважыў, што ў ложка, на якім сплю, няма адной ножкі, а замест яе пакладзены тры кніжкі. Сёння пачытаў назвы: першая кніжка – падручнік для 4 класа па англійскай мове, другая – нейкая таксама замежная і трэцяя – “Судьбы книг. В. Сажин. Книги горькой правды”…
Уладзімір Ермалаеў спецыяльна для Людмілы і мяне прынёс з бібліятэкі кніжку Генадзя Малышава і Алега Карзяёнка “Нарочанское эхо Вердена. К 90-летию Нарочанской трагедии Первой мировой войны (18.03. – 28.03.1916)”. На жаль, дзе гэта кніжка выйшла і якім накладам – невядома. А зацікавіла мяне выданне найбольш таму, што ў 1916 годзе на вайне загінуў мой прадзед Яська Шніп…
Першую сусветную вайну ў рускай арміі называлі Еўрапейскай вайной…
У кніжцы шмат фотаздымкаў з фронту, які праходзіў па Нарачанскім краі. Гледзячы на здымак з подпісам “Тоска по женщине. Художник (разведчик Алексеев) и его скульптура из сырого песка”, узгадаў знаёмага мастака з яго пясчанымі скульптурамі…
У Свята-Ільінскай царкве ў вёсцы Кабыльнікі (цяпер Нарач) быў нямецкі шпіталь 21-га армейскага корпуса…
За час Еўрапейскай вайны было збіта 12250 самалётаў (нямецкіх і рускіх). Большасць паветраных баёў адбылося ў беларускім небе…
У 80-я гады мінулага стагоддзя каля вёскі Беркаўшчына Княгінінскага сельсавета (цяпер вёскі не існуе) было знішчана пахаванне рускіх салдат, якія загінулі ў час газавай атакі: спачатку бульдозерамі знеслі драўляныя крыжы, а потым экскаватарамі бралі пясок на падсыпку дарогі да птушкафермаў… У вёсцы Варашылкі проста на нямецкім пахаванні пабудаваны дом, каля дома валяецца каменная пліта з нямецкім надпісам…
16.08.2011. Першае, што сёння зрабіў, – павіншаваў сваю малодшую сястру Валю з днём нараджэння…
Вужык, як шнурок з чаравіка велікана, перапоўз лясную сцяжыну…
У паветры запахла школай. У гэткі час у дзяцінстве перад 1 вераснем мяне стрыг бацька. Стрыг пад нуль, і я прыходзіў у школу калючы, як вожык…
Па тратуары два мужыкі валакуць газонакасілку. Старэйшы кажа: “Ты ведаеш, а ў нашай працы на Нарачы ёсць вялікі плюс!” “Які ж?” – пытаецца маладзейшы і чуе: “Вельмі многа прыгожых маладых жанчын!”
17.08.2011. І дамоў не хочацца, і на Нарачы ўжо амаль усё аблазілі. І я гляджу праз акно на нарачанскія сосны і сумую па першых днях адпачынку…
Уладзімір Ермалаеў усё прапануе і прапануе пакатацца на яго веласіпедах. А я ніяк не магу забыцца пра сон, дзе на іх каталіся мае аднакласнікі, якія памерлі, Сашка Балотнік і Вова Звярок…
У кніжцы Генадзя Малышава пра Еўрапейскую вайну і Нарачанскую трагедыю ёсць і старонка пра каханне, дзякуючы якому не згубіўся журнал ваенных дзеянняў ад 19 ліпеня 1914 года з імёнамі 202-х Георгіеўскіх кавалераў 22-га Ніжагародскага палка. Журнал захавала Лідзія Ільінічна Дунец, 1918 года нараджэння, якая яшчэ нядаўна жыла ў доме, збудаваным яе бацькам у 1902 годзе ў вёсцы Баяры Мядзельскага раёна. У Еўрапейскую вайну, па словах Лідзіі Ільінічны, у іх доме кватараваў палкоўнік, які і пакінуў журнал. Аднак журнал, відаць, захоўваўся не таму, што ў ім спіс Георгіеўскіх кавалераў, а таму, што ў ім запісана чатырохрадкоўе, прысвечанае Лідзе Дунец: “Я помню все, и голос милый, и ласки, ласки без конца. Я буду помнить до могилы черты любимого лица. К. 23.06.40 г.”. Як не спрабаваў Генадзь Малышаў даведацца ў 87-гадовай гаспадыні журнала, хто ж хаваецца за “К”, яна так і не прызналася. І ўсё ж бабуля расказала, што яна адналюбка, і калі “К” прысвячаў ёй вершы, яна кахала іншага, а той іншы быў закаханы не ў яе. Так Лідзія Дунец і не выйшла замуж. На жаль, не ўсе старонкі журнала захаваліся. Магчыма, сярод Георгіеўскіх кавалераў быў і мой прадзед Яська Шніп…
Пад вечар патэлефанаваў Уладзімір Ермалаеў і папрасіў, каб да яго тэрмінова зайшоў наш Максім. “Відаць, хоча, каб хлапец яму дапамог нешта зрабіць…” – падумаў я. І калі Максім праз пару хвілін вярнуўся, мы даведаліся, што Ермалаеў яго пазнаёміў з дзяўчатамі, і ён ужо сёння вечарам з імі ідзе на танцы…
18.08.2011. Чацвер. У нядзелю збіраемся вярнуцца з Нарачы дамоў. Мне ў панядзелак на працу, а Людміле 29 жніўня. Праўда, цяпер, калі Максім пазнаёміўся з дзяўчатамі, можа так атрымацца, давядзецца ехаць у Мінск аднаму…
У курортным пасёлку ўжо тыдзень жывуць і ходзяць па вуліцах шумнай і вясёлай кампаніяй маладзенькія цыганкі. Старэйшай недзе гадоў дваццаць, а меншай паўгода, і яе цыганкі па чарзе носяць з сабой. Усе чыста і модна апранутыя, сімпатычныя і не прыстаюць пагадаць…
Вельмі шмат пажылых расіян. Ходзяць парамі і ўспамінаюць маладыя гады…
У лесе шмат сыраежак і, на жаль, смецця…
19.08.2011. Білетаў на выязную экскурсію не было, і мы вырашылі схадзіць на каталіцкія могілкі ў вёску Кабыльнікі (цяпер Нарач). І каб дарэмна не блукаць, выйшаўшы з курортнага пасёлка, я ў першага сустрэчнага запытаўся: “А дзе тут старыя могілкі?” Мужчына аказаўся гаваркім, і мы ад яго шмат пра што даведаліся.
Амаль у самым цэнтры могілак пад соснамі стаіць манумент салдатам 21-га армейскага корпуса нямецкай арміі, а каля яго ладны пляц з цэментнымі крыжамі. Захавалася недзе каля 350…
Успамінаючы свайго прадзеда Яську Шніпа, які загінуў у час Еўрапейскай вайны ў 1916 годзе і ляжыць недзе ў брацкай магіле, я вырашыў запісаць на памяць некалькі прозвішчаў немцаў. Магчыма, сярод гэтых немцаў ёсць і тыя, у баі з якімі загінуў мой прадзед…
Вюрстэр Густаў. Загінуў 08.10.1915.
Мюлер Густаў. Загінуў 01.02.1916.
Расне Вальтэр. Загінуў 20.03.1916.
Залеўскі Ёган. Загінуў 22.03.1916.
Зуттэ Хайнрых. Загінуў 11.04.1916.
Карл. Загінуў 08.07.1916.
Эрдман Ёган. Загінуў 06.05.1917.
За дзесяць дзён баёў каля Нарачы (18.03 – 28.03.1916 г.) з боку рускіх загінула каля ста тысяч салдат і афіцэраў, а з нямецкага – каля 40 тысяч…
На сучасных помніках шмат надпісаў па-беларуску. Я запісаў некаторыя: “Мітуневіч Ванда. 11.01.1926 – 05.03.2003”, “Ворса Леанарда
Вікенцьеўна. 18.02.1918 – 25.04.2009” і побач яе муж “Ворса Валерый Іосіфавіч. 16.04.1915 – 07.01.2001”, Шніткоўскі Міхал “17.09.1906 – 03.10.2002. Памёр у веку 96 гадоў. Божа, будзь да яго міласэрны”, “Ліхадзіеўскі Вацлаў Іванавіч. 1912-1972”, ад удзячных вучняў і ўнукаў…
Шмат пахавана людзей, якія пражылі па 90 і болей гадоў. Сярод іх Ганна Дунец. Пражыла 105 гадоў. Магчыма, яна маці або сваячніца Лідзіі Дунец, у якой захаваўся журнал Георгіеўскіх кавалераў Еўрапейскай вайны…
У цэнтры старых пахаванняў разбураны склеп, які зарос травой і мохам. Захавалася пліта з надпісам “Свентаржыцкая Францыска. Памерла ў 1844 годзе”. За пагнутай і паіржавелай агароджай помнік: “Юзэф Бачкоўскі. Памёр у 1858 годзе”.
Каля аднаго з уваходаў на могілкі – прыгожы помнік на дзве магілы з пашкоджанымі фотаздымкамі, на якім напісана: “Збігнеў Каласінскі. Харцар 10-й Віленскай дружыны. Загінуў на возеры Нарач 23 чэрвеня 1933 года, ратуючы калег. Матка і саюз асаднікаў”. І тут жа: “Ян Панек. Сакратар рады ваяводскага саюза асаднікаў. Кавалер крыжа храбрых. Загінуў на возеры Нарач 11 ліпеня 1935 года”…
Па могілках з Людай хадзілі амаль дзве гадзіны. Дамоў ісці не спяшаліся, але дробны дождж напомніў, што пара вяртацца, пакуль надвор’е нядрэннае і не сцямнелася…
У вёсцы Нарач зайшліся ў касцёл. Якраз трапілі на віншаванне пробашча з імянінамі. Я сябе адчуваў чамусьці ў XIX стагоддзі…
А царква і сёння на замку…
Вярнуліся дамоў а палове дзявятай. Недзе праз гадзіну пайшоў вялікі дождж…
20.08.2011. Усю ноч ішоў дождж. І наш дом, нібы карабель, плыў праз зялёнае сасновае мора…
Па дарозе ў санаторый “Белая Русь”, там, дзе сустрэліся з вужыкам, бачылі вавёрку. “Відаць, у іх тут партал з аднаго леса ў наш…” – пракаментаваў Максім…
Амаль кожны дзень ходзім у басейн плаваць.
У белых лебедзяў чорныя ногі…
21.08.2011. Дзень пачаўся з таго, што даведаліся пра смерць гісторыка Віталя Скалабана…
Ідзе дождж. І мы збіраемся дамоў у Мінск. Жадання вяртацца аніякага – мне заўтра на працу…
Да прыпынку нас правёў Уладзімір Ермалаеў. Ён усё дзівіцца, як гэта Людміла можа пісаць так цікава гістарычныя творы…
Чым бліжэй пад’язджалі да Мінска, тым больш неба хмурэлася, а на душы весялела з таго, што мы нядрэнна адпачылі…
Зайшлі ў сваю кватэру, як у падводную лодку…
23.08.2011. На працы ўжо другі дзень пасля адпачынку. Адчуваю сябе пасажырам, які даганяе цягнік. Праўда, у апошні вагон паспяваю…
28.08.2011. Мінуў тыдзень, як мы з Людай вярнуліся з адпачынку на Нарачы, а я ўсё ніяк не магу ўвайсці ў каляіну гарадскога жыцця. І ўвесь гэты мінулы тыдзень, як сумны сон, што сніцца мне пад шум нарачанскіх соснаў…
03.02.2019. Напісаў верш, прысвечаны памяці мастака Кастуся Шаранговіча, які нарадзіўся ў Нарачанскім краі.
БАЛАДА КАСТУСЯ ШАРАНГОВІЧА
(1955 – 29.08.2014)
Ты ідзеш па вадзе, на якой трапяткая сцяжына
Аж да жнівеньскай поўні, якая над Нараччу свеціць.
За табой застаецца, як хаты падмурак, карціна,
Што ты ўсё маляваў, ды ўсе фарбы пазмешаваў вецер,
Вецер чорны, які забірае з сабой, каго зловіць.
І цябе ён дагнаў… Тут, на беразе Нарачы мілай,
Ты шаптаў і пісаў на пяску тыя словы,
Што ля сэрца насіў, як матуля цябе тут насіла.
І алоўкі твае пагубляліся ў травах азёрных,
І зрабіліся рыбамі ў хвалях, што біліся ў бераг,
Па якім ты няспешна ішоў малады, непакорны,
І плылі прад табой рыбакі на чаўнах, як галерах.
І шумелі-спявалі высокія светлыя сосны,
Што трымалі нябёсы і будуць трымаць над зямлёю,
Пад якімі апошні свой год, як агонь невыносны,
Ты пражыў, як хацеў, і адзін з незямной цішынёю
Ты пайшоў па вадзе, на якой трапяткая сцяжына
Аж да жнівеньскай поўні, якая над Нараччу свеціць.
За табой засталася, як Храм на пагорку, Айчына,
Што карцінаю будзе й тваёй і не згубіцца ў свеце.
18.09.2022. Занатаваў учарашнюю паездку на радзіму Максіма Танка. Атрымалася шмат, але ўсё роўна не ўсё запісаў, бо розных залацінак было навокал і нямала ўспамінаў пра той час, калі мы з Людмілай і дзецьмі адпачывалі на Нарачы. Першы раз ездзілі туды гадоў 25 таму. Дзеці былі малымі. На Нарачы пазнаёміліся з дзяўчынай, якая працавала ў дзіцячай спартыўнай школе, што непадалёку нашага дома ў Мінску. І мы Вераніку аддалі займацца гімнастыкай. Сёе-тое ў дачкі атрымлівалася, і я таемна думаў, што наша Вераніка некалі стане гімнасткай, як Вольга Корбут, якую ведае ўвесь свет. Пару гадоў пахадзілі і кінулі, бо дачка сур’ёзна занялася маляваннем. Пазней хацелі і Максіма аддаць у гімнасты, але ён пайшоў на каратэ, дзе нейкі час меў пэўны спартыўны поспех.
Адпачываючы на Нарачы, у мяне нейкі час было жаданне напісаць раман пра першую Еўрапейскую вайну, на якой загінуў мой прадзед, улан царскай арміі Янка Шніп. Яму было 50 гадоў. Ляжыць ён недзе ў брацкай магіле каля Крэва. І кожны раз, праязджаючы каля Крэва, кланяюся прадзеду Янку. Не жаніўся б ён у свае 44 гады, дык не было б мяне…