25 ліпеня – Дзень пажарнай службы
Да прафесійнага свята нагрудным знакам “Выдатнік” будзе ўзнагароджаны старшы вадзіцель групы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і абслугоўвання пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Садоўскі.
З Уладзімірам Аляксандравічам мы размаўлялі ў аўторак, калі ён сядзеў за пультам цэнтра аператыўнага кіравання і выконваў абавязкі дыспетчара. Падлічыла: за дваццаць хвілін гутаркі на тэлефон службы 101 паступіла пяць тэлефанаванняў. На шчасце, надзвычайных здарэнняў не адбылося – дыспечар каардынаваў работу пажарных і занятых на жніве. У гарачую пару гэта задача нумар адзін: захаваць жыццё хлебароба, тэхніку і залатое багацце краіны.
Як несвядомы ў службовых інструкцыях падраздзяленняў МНС чалавек адразу ж заўважыла дакладны і разам з тым супакойваючы і даючы надзею адказ дыспетчара: “Дзяжурная служба МНС. Чым Вам дапамагчы?”
У раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Садоўскі прыйшоў адразу пасля арміі – як сам жартаўліва зазначыў, змяніў адну форму на іншую.
– У 2014 годзе прайшоў камісію і ўладкаваўся камандзірам аддзялення на Сакаўшчынскі пост. Графік работы харошы – суткі праз двое, ды і ўвогуле спадабалася: там форма – тут форма, але ні ваенным, ні міліцыянерам сябе не бачыў, – расказвае пра першыя крокі ў прафесію на сёння ўжо прафесіянал і выдатнік службы. – Там адпрацаваў чатыры гады. Пасля так атрымалася, што перавялі на дыспечатара ў Валожынскую часць. Зараз на пасадзе вадзіцеля з абавязкамі дыспетчара.
– У кожнага ёсць нейкія ўяўленні аб прафесіі. У Вашым выпадку, разумею, што рэальнасць больш жорсткая?
– Мяне заўсёды ў жыцці цікавіла не сядзець на адным месцы. Вось зараз у нас нават тут – на цэнтры аператыўнага кіравання – спакойна. А праз хвіліну можа быць незразумела што. Манатоннасць не для мяне, калі ўсё ідзе сваім парадкам: люблю драйв, каб нервы крыху паказытаць можна было.
– Нават так?! Тады патрапілі, як кажуць, па адрасе. А хто на першым часе дапамагаў асвойваць спецыфіку работы? Каго можаце назваць сваім настаўнікам?
– У Сакаўшчыне працаваў з начальнікам паста Андрэем Анатольевічам Башаркевічам. Калі прыйшоў, ён быў камандзірам паста, яго перавялі на начальніка, а мяне – на яго месца. Разам працавалі ў зменах некаторы час. Таму азы даваў мне ён. Памятаецца і першы пажар, які адбыўся на льнокамбінаце. Пасля вясна надышла, людзі мінулагоднюю траву пачалі паліць, агонь перакідваўся на пабудовы. Дзесьці з кожным разам штосьці для сябе і браў па рабоце.
– На льнокамбінаце ж быў вельмі маштабны пажар. Полымя хутка распаўсюджвалася і магло перакінуцца невядома куды. Як вялі сябе: па абстаноўцы ці па інструкцыі?
– Выпадак адбыўся адразу пасля вучобы – падрыхтоўку праходзіў у Заслаўі. Нас вучылі, як паводзіць сябе ў такіх сітуацыях. Але вучоба – гэта тэорыя, а практыка – больш суровая. Маштабы ўзгарання, безумоўна ж, уразілі. Напрыклад, калі гарыць нейкая пабудова – тры на чатыры метры, не праблема лакалізаваць полымя. Тут тушылі там, дзе больш гарэла. А ўвогуле на пажары першае, што неабходна даведацца, ці ёсць людзі, і ратаваць іх. А далей кіравацца прынцыпамі, распрацаванымі для пажарных.
– Ці быў у Вашай практыцы пажар, дзе гінулі людзі?
– Пакуль нікога на пажары не давялося выратаваць, але на загараннях з загінуўшымі быў. У Сакаўшчыне быў такі выпадак, калі мы першымі прыехалі. Выязджалі на машыне і ў Гродзенскую вобласць – у бліжэйшыя населеныя пункты, якія мяжуюць з Багданаўскай зонай.
– Цяжка ў першы раз бачыць ахвяру агню?
– Трэба маральна сябе падрыхтаваць, бо, пагадзіцеся, хтосьці губляе прытомнасць, нават калі ў яго з пальца бяруць кроў. Я стараюся стрымана адносіцца да такіх сітуацый, інакш дапамогу аказаць будзе немагчыма. Званкі ж на цэнтр розныя паступаюць. Вось два гады назад тэлефануе жанчына, паведамляе, што тоне дзіця – дзевяць гадоў дзяўчынцы было. Разумею, што трэба каардынаваць дзеянні – накіраваў машыну, а яна на эмоцыях са мной дзесяць хвілін па тэлефоне размаўляе. І я не маю права пакласці трубку і пры гэтым усведамляю, што назад нічога ўжо не павярнуць. Прыходзіцца ўсё прапускаць праз сябе і дзейнічаць на халодную галаву.
– Да вас жа не толькі з пажарамі тэлефануюць, але надараюцца і нейкія нестандартныя сітуацыі, калі людзі па звычцы набіраюць 101?
– На кожны выпадак ёсць пэўны алгарытм дзеянняў. Вось, напрыклад, не можа чалавек адкрыць дзверы ў сваю кватэру. Рознае бывае: ці дзверы замкнула, ключы забыўся ці згубіў. Калі там няма людзей, якім неабходна медыцынская дапамога, малалетніх дзяцей, калі чалавек упэўнены ў тым, што там адключаны газавыя і электрапрыборы, на пліце нічога не стаіць, – у гэтай сітуацыі няма пагрозы жыццю і здароўю. Таму даём рэкамендацыі і каардынаты службы, якая прыедзе і без пашкоджанняў адчыніць гэтыя дзверы. Дзейнічаем у залежнасці ад абставін – адразу выключаем горшае, што можа адбыцца: вызначаем, ці насамрэч сітуацыя экстраная ці надзвычайная. А пасля адказваем, куды можна звярнуцца.
– Што лічыце галоўным у сваёй паўсядзённай рабоце?
– Калі гаварыць пра работу дыспетчара, то максімальна хутка атрымаць правільную і патрэбную інфармацыю, каб вызначыць, каго, куды і колькі накіраваць для яе ліквідацыі – каб не было прамаруджвання ў гэтых момантах.
– Як прафесіянал што б пажадалі калегам і жыхарам раёна?
– Калегам – традыцыйнае: сухіх рукавоў. А вось людзям – тое, што пастаянна рэкамендуе наша інспекцыя: не разводзіць кастры паблізу пабудоў, не пакідаць дзяцей без нагляду, выконваць элементарныя правілы пажарнай бяспекі. Нельга абыякава думаць, што гэта ж адбываецца з кімсьці – са мной такога ніколі не здарыцца. У жыцці так не бывае.
Алена ЗАЛЕСКАЯ