На сёлетнім Свяце горада, якое прайшло 3 ліпеня, былі ўшанаваны Міхаіл Міхайлавіч і Галіна Альфонсаўна Цаюны з Валожына. Гэта сямейная пара нядаўна адсвяткавала 50 гадоў сумеснага жыцця.
У чым сакрэт сямейнага шчасця? Пра гэта і многае іншае яны нам і расказалі.
– Ці чакалі калі-небудзь, што залатое вяселле будзеце сустракаць на раённай урачыстасці?
– Ніколі не думалі. І нават не збіраліся адразу ісці – не вельмі хацелася прыцягваць да сябе ўвагу. Бо, здаецца, у нашым раёне нямала сем’яў, якія жывуць па шмат дзесяцігоддзяў разам. А ўвогуле, хваляваліся крыху. Вельмі ўрачыста, прыгожа ўсё праходзіла: ганарова на сцэну ўзнімаліся, сам старшыня райвыканкама віншаваў і ўручаў падарунак. Пра такія ўшанаванні можна толькі марыць…
– А ў сямейным коле адзначылі гэту падзею?
– Увечары таго ж дня сабраліся разам за святочным сталом.
– Цікава даведацца, калі ваша сям’я бярэ свой пачатак?
– Вяселле адзначалі 1 мая 1974 года на плошчы Свабоды ў Валожыне. Тады была такая традыцыя: рэгістрацыя шлюбаў маладажонаў праходзіла ў Доме культуры на сцэне. Хоць гэта была і серада, але Першамай – дзяржаўнае свята, выхадны дзень. Праходзіла дэманстрацыя, парад працоўных калон з плакатамі і транспарантамі, вялікія народныя гулянні. Патрапіць на свята стараліся ўсе. Людзей збіралася вельмі многа. Вось і вырашылі ажаніцца менавіта ў гэты дзень – каб запомніць на ўсё жыццё. Адразу пасля роспісу паехалі гуляць вяселле на малую радзіму жонкі – на хутар пад Івянцом, а потым перамясціліся ў Валожын – у родную хату мужа.
Галіна Альфонсаўна нарадзілася ў добра вядомай на Івянеччыне сям’і Звярынскіх. У 1969 годзе скончыла 10 класаў – гэта быў самы апошні выпуск старой драўлянай школы каля лесу. Паступіла ў фінансава-эканамічны тэхнікум – быў паскораны курс, таму вучылася ўсяго два гады. Па размеркаванні патрапіла ў Гродзенскую вобласць – у Смаргонскі райфінаддзел. У верасні 1973 года вярнулася ў Валожын – хацела быць бліжэй да бацькоў. Пераводам перавялі на работу ў такі ж аддзел нашага райвыканкама – працавала інспектарам па дзярждаходах. Кватаравала ў роднай сястры матулі. А ў вольны час разам з дзяўчатамі хадзіла на танцы ў РДК. Іх лёсаносная сустрэча адбылася незадоўга на Новага, 1974 года, менавіта ў гэтай культурнай установе.
– Мяне пакарылі, як у той песні, прыгожыя вочы насупраць, ды і сама дзяўчына, – з усмешкай кажа Міхаіл Міхайлавіч. – Запрасіў на танец адзін раз, другі, трэці, пасля дадому праводзіў. Новы год сустракалі разам, у хуткім часе зрабіў прапанову рукі і сэрца. І яна пагадзілася! Усё зусім проста…
Напачатку маладыя жылі ў бацькоўскай хаце мужа – ім адвялі невялікі пакой. У другім пакоі разам з сям’ёй месцілася родная сястра Міхаіла Міхайлавіча, яшчэ ў адным – самі бацькі. Кухня была агульнай.
– Жылі дружна, ніколі не пасварыліся, – успамінае Галіна Альфонсаўна. – Свякроў была за гаспадыню, гатавала ежу на ўсіх. Праз год у нас нарадзілася дачка, з’явіўся сын і ў сям’і сястры. Сцены ў хаце такія, што дзеці плакалі па чарзе і будзілі адзін аднаго. Таму ноччу, лічы, мала спалі. Ды і ў адпачынку па доглядзе за дзіцем тады жанчыны знаходзіліся толькі да года, а пасля аддавалі малышоў у яслі. Памятаю колішні першы дзіцячы садок, які размяшчаўся ў цяперашнім будынку музея. Яслі знаходзіліся на другім паверсе. Лесвіца там вельмі крутая, а гэтыя маленькія калабочкі – па годзіку – адзін за другім узбіраліся па прыступках і ішлі ў сваю групу, бацькі – на працу. Сын у нашай сям’і ўжо нарадзіўся ў кватэры, якую нам выдаткавалі ад дзяржавы. Пасля другога дэкрэтнага адпачынку я ўладкавалася на працу на пластмасавы завод, дзе адрабіла трыццаць восем гадоў.
Міхаіл Міхайлавіч сорак чатыры гады аддаў мясцоваму філіялу “Белтэлекам”, тут працуе яго сын, на ўчастку паштовай сувязі – дачка. У каледжы сувязі зараз вучыцца ўнук. Таму сувязісты – сямейная справа. Але не толькі прафесія аб’ядноўвае іх. На колішняй бацькоўскай сядзібе, што па вуліцы Набярэжнай у Валожыне, жывуць у ладзе і згодзе тры сям’і. Тут калісьці пабудавалі свой дом самі залатыя юбіляры, у бацькоўскую хату з кватэры на Папоўцы перабралася сястра Міхаіла Міхайлавіча. Нядаўна ўласнае жыллё ўзвёў і сын Цаюноў. На ўчастку ў 40 сотак хапае месца і зямлі ўсім: ніхто нічога не дзеліць і межаў не ўстанаўлівае, што ў наш час, пагадзіцеся, надараецца вельмі-вельмі рэдка.
Напэўна, бацькі з нябёсаў благаслаўляюць сваіх нашчадкаў на сумеснае дружнае пражыванне і толькі цешацца імі.
Гутарыла з залатой сямейнай парай і ўсё-такі дазволіла сабе пытанне, якое проста круцілася ў галаве:
– А ці было калі такое, што сям’я трымалася на валаску?
Вельмі спакойна і нават ціха адказала жонка:
– Было. І не раз. І сварыліся таксама – а як жа інакш: усё, як і ў любой сям’і. Што дапамагло захаваць сям’ю? Цярпенне, цярпенне і яшчэ раз цярпенне, чаго ой як не хапае сённяшняму пакаленню. Не варта выносіць напаказ свае эмоцыі і пачуцці, каб не выклікаць у іншых зайздрасці ці раздражнення. Бо шчасце любіць цішыню…
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА