Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
У 1973-м годзе бацькі ўпершыню купілі тэлевізар. “Рэкорд”. Здалі карову і купілі. Бацька вярнуўся дадому расплаканы. Шкадаваў Маліну, хоць яна была ўжо старая і перадойка. Пры тэлевізары мелася хатняя антэна. З ёй часта было немагчыма глядзець кіно. На экране сняжыла і бегалі палосы. Нам параілі паставіць антэну на жардзіне. Набыўшы новую антэну, мы з бацькам паехалі на возе ў Далідовічаў лес шукаць дрэва, якое стане жардзінай. Знайшлі яліну. Тонкую і высокую. Метраў восем. Спілавалі. Пянёк замаскіравалі мохам і шыльнікам, галіны таксама пахавалі, бо прыехалі ў лес без дазволу лесніка. Потым дома, здзёршы скоблам з яліны кару, некалькі дзён сушылі на сонцы, каб стала лягчэйшай, як будзем ставіць разам з антэнай. Можа жардзіна і палягчэла, але мы з ёй навалэндаліся. Яліна была вельмі цяжкой, і да ўсяго на ёй з’явілася смала. Ставілі ўтраіх – бацька, маці і я. Брат і сястра толькі глядзелі. І, калі новая антэна ўзвысілася над хатай і была падключана да тэлевізара, адразу ж на экране прапалі бягучыя палосы і белыя кропкі. Праўда, у ветранае надвор’е якасць тэлеперадач і фільмаў пагаршалася. Антэна стаяла гадоў дзесяць. Яе замянілі на трубу з громаадводам. Цяпер у хаце тэлевізара няма, але антэна стаіць. І на яе часта сядаюць птушкі і спяваюць на ўвесь сад і вуліцу.
03.06.2012. Два выхадныя дні, якія былі падзмрочаны холадам і дажджом, праляцелі. І я за гэтыя два дні ў вольны час ад паходаў да бацькі прагледзеў пяць фільмаў.
Першы фільм Марка Ферэры “Я цябе кахаю!”, які ў 1986 годзе ў Канах атрымаў “Залатую пальмавую галінку”, быў пра тое, як малады чалавек, якому ўжо абрыдла празмерная ўвага з боку жанчын, знайшоў на вуліцы бірульку для ключоў. Бірульку не простую, а ў выглядзе сімпатычнага жаночага тварыку, які на кожны свісток гаспадара адклікаецца: “Я цябе кахаю!” Праз нейкі час бірулька стала маладому чалавеку замяняць усіх ягоных палюбоўніц. Ды аднойчы здарылася бяда – малады чалавек зламаў зуб і не змог болей свістаць… Ходзячы кожны дзень да бацькі праз сквер, на сваім шляху я знаходзіў шмат якой усячыны, а вось бірулькі з сімпатычным жаночым тварыкам не бачыў. Ды і не патрэбна яна мне!
Фільм рэжысёра Уладзіміра Мірзоева па аповесці Андрэя Платонава “Катлаван”, на жаль, не закончаны. У ім зняліся Пётр Мамонаў, Максім Суханаў і Віктар Сухарукаў. Фільм цудоўны, і я, дагледзеўшы яго да канца, сказаў: “Ну і ну!”
Трэці фільм – “Цуд”. Рэжысёр Аляксандр Прошкін. Гераіня фільма на вечарынцы, не дачакаўшыся свайго жаніха, запрашае на танец Мікалая Угодніка. Хапае ікону і з ёй камянее. Жыхары правінцыяльнага гарадка напалоханы гэтым незвычайным здарэннем, якое абрастае чуткамі і выдумкамі… У аснову фільма пакладзены рэальныя падзеі, якія адбыліся ў Самары ў 1956 годзе і вядомыя як “Стаянне Зоі”. Словам, ёсць пра што падумаць і ўспомніць, што Бог ёсць!
Фільм рэжысёра Вячаслава Роса “Сібір. Монамур” расказвае пра тое, як у тайзе жыве стары старавер Іван і яго сямігадовы ўнук Алёшка. Яны чакаюць бацьку хлопчыка, які два гады назад сышоў з дому і не вярнуўся. Зграя здзічэлых сабак паядае ўсё жывое, што трапіцца на іх шляху. Хлопчык сябруе з адным з гэтых сабак. Час ад часу далёкі сваяк дзядзька Юра прывозіць дзеду і ўнуку ежу. Апошнім разам, калі дзядзька вяртаўся дамоў ад старавера, яго з’ядаюць сабакі. У фільме хапае стрэлаў і крыві, але ён заканчваецца добра. Гледзячы на Алёшку, які ўпаў у перасохлы калодзеж і яго адтуль не змог дастаць дзед, я ўспомніў, што і я ў сваім дзяцінстве было ўваліўся ў калодзеж. Я ў калодзежы прабыў паўдня, і мяне адтуль дастала мая бабуля Ганна. Хлопчыка дастаў вайсковец, і хлопчык яго назваў “татам”…
Фільм Клода Лялуша “Чыгуначны раман” пра вядомую пісьменніцу і яе “літаратурнага негра” – гэта той, хто ананімна піша за некага. Усё заканчваецца тым, што пісьменніца канчае жыццё самагубствам, бо яе “негр” не захацеў болей працаваць на яе…
Цяпер на душы, як у кінатэатры, дзе хвілін пяць назад закончыўся фільм і гледачы пакінулі залу, а я застаўся з тым, што бачыў на экране…
24.11.2013. Па тэлеканале “Беларусь 3” глядзеў фільм пра тэатральнага рэжысёра Валерыя Раеўскага, які быў зняты ў 2008 годзе. Дарэчы, ягоны сын вучыўся ў адным класе з нашай дачкой Веранікай, і мы з Валерыем Мікалаевічам час ад часу сустракаліся на бацькоўскіх сходах. Фільм канчаецца тым, што рэжысёр, пайшоўшы са свайго лецішча да могілак і пазваніўшы ў званы ў невялічкім Храме, спыняецца каля магілы і кажа: “Не хочацца мне паміраць…” Валерый Раеўскі памёр 19 лістапада 2011 года…
13.04.2015. Паглядзеў “Люстэрка” Марыны Мігуновай пра Марыну Цвятаеву. Фільм пра паэтэсу амаль без вершаў і без паказу, як яны пісаліся, а толькі пра ўзаемаадносіны з мужчынамі – гэта не фільм пра Цвятаеву…
03.05.2015. Глядзеў фільм пра князёў. Узгадаўся выраз “князь сярэбраны”. Так называў паэта Юрася Свірку Алесь Пісьмянкоў. Нярэдка Алесь называў старэйшага калегу па пяры “вучыцелем”. І недарэмна ўзагадаўся Юрась Мікалаевіч – у яго 6 траўня дзень народзінаў, і было б яму 82 гады…
16.05.2015. Не даходзячы метраў сто да Музея Петруся Броўкі, з Людай натрапілі на здымкі нейкага фільма. Навокал было сонечна. Кіношнікі здымалі праліўны дождж з ветрам і хлапца з дзяўчынай пад вялікім чорным парасонам. Гледзячы на будучы эпізод фільма, узгадаліся радкі: “Сонца свеціць, дождж ідзе. Хлапец дзеўку ў лес вядзе…”
24.05.2015. Сёння Людміла Рублеўская была экскурсаводам па Кальварыйскіх могілках. Правесці экскурсію папрасіў Алег Дзьячкоў, які прывёз у Мінск поўны аўтобус людзей. Дзве гадзіны мы хадзілі па могілках. Час ад часу я дапаўняў Людміліны аповеды пра знакамітых дзеячаў культуры і іх родных, якія спачываюць на Кальварыі. Потым разам з магілёўцамі мы наведалі Прылукі, дзе стаіць палац Чапскіх. З 1872 года Прылукі былі ўладаннем вядомага калекцыянера і нумізмата Эмерыка Чапскага, а з 1897 года – ягонага сына Юрыя (Ежы). Цяпер у палацы месціцца інстытут аховы раслін. У палацы Чапскіх быў зняты першы ў БССР мастацкі фільм “Лясная быль”. Гэта чорна-белае нямое кіно выйшла на экраны 26 снежня 1926 года.
22.08.2015. З Людмілай паглядзелі фільм пра брытанскага мастака-пейзажыста Уільяма Цёрнера (23.04.1775 – 19.12.1851). Узгадаўся фільм пра Леанарда да Вінчы, які я глядзеў, калі мне было дванаццаць гадоў. Сёння ў інтэрнэце знайшоў той фільм. Ён упершыню на тэлеэкраны выйшаў у 1971 годзе. Паглядзеў. І здзівіўся сам сабе, бо ўсё амаль памятаю. Яшчэ памятаецца, што пасля фільма я нейкі час маляваў, маляваў левай рукой, бо мне здавалася, што калі буду так маляваць, як Леанарда да Вінчы, то і я буду, як гэты геніяльны мастак. Пасля таго фільма я і дзённік завёў, куды запісваў назіранні за прыродай, вынікі доследаў з раслінамі, мурашкамі, п’яўкамі, чарвякамі і г. д. Словам, з таго часу ў мяне заўсёды з сабой сшытак, куды занатоўваю ўсё, што лічу важным для сябе…
02.09.2016. На тратуары на вуліцы Каржа, дзе ўчора здымалі фільм пра любоў, засталася вялікая чорная пляма, якая выконвала ролю крыві самагубцы. Я хвілін дзесяць пастаяў непадалёку і паназіраў: старыя, людзі майго ўзросту і маладзейшыя за мяне на гадоў дзесяць пляму абыходзяць, а ўсе маладыя ідуць, не гледзячы, што ў іх пад нагамі…
21.10.2017. Пасля таго, як я змясціў у Фэйсбуку запіс пра тое, што паглядзеў фільм пра Пікаса, Наталля Салаўёва напісала: “І я зараз пагляджу гэты фільм. Я чытала Вашу кнігу “Цырульнік з Пугачоў”. Спачатку думала, што кніга пра Пугачова, а потым даведалася – так вёска называецца, мне стыль спадабаўся, вельмі шчыры і праўдзівы, як у Рэмарка…”
20.01.2018. З Людмілай паглядзелі фільм кінарэжысёра Аляксея Балабанава (25.02.1959 – 18.05.2013) “Я таксама хачу”. Фільм пра дарогу да шчасця, пра шчасце. Калі скончыўся фільм, я сказаў: “Я таксама хачу!”
04.08.2018. Глядзеў фільмы пра вайну. Нібыта сам ваяваў. Цяпер сумна, як салдату, які выжыў і ў якога наперадзе доўгая дарога дадому…
19.08.2018. Некаму, можа, будзе смешна, што я глядзеў фільм рэжысёра Кіры Ангелінай «Каханне не дзеліцца на 2» і ў ягоным фінале паўгадзіны плакаў. Чаго плакаў? Проста ведаю, што такое маміну сястру назваць мамай, а потым даведацца, што яна не твая мама. Адна з галоўных гераінь кінастужкі Марына мамай называла сваю цётку васямнаццаць гадоў, а я сем. У фільме прагучалі залатыя словы, што самае галоўнае ў жыцці бацькоў – навучыць дзяцей дараваць і любіць. І мяне гэтаму вучылі мае родныя. І, па-мойму, навучылі.
05.09.2018. Паглядзеў фільм рэжысёра Карласа Саўра «Гоя ў Бардо», зняты ў 1999 годзе. Хворы і глухі Франсіска Гоя дажывае свае апошнія гады ў дабравольным выгнанні ў Бардо. Ён жыве з жонкай, значна маладзейшай за яго, і іх дачкой. Па начах працягвае маляваць і ва ўспамінах, якія чаргуюцца з размовамі з дачкой, з жудаснымі болямі галавы і старэчым маразмам, ён ізноў перажывае яркія моманты свайго жыцця, асабліва адносіны з герцагіняй Альбай.
20.11.2018. Замест таго, каб нешта рабіць з запланаванага на адпачынак, перагледзеў нядоўгі серыял Валерыя Тадароўскага “Адліга”.
1961 год. Віктар Хрусталёў – малады, таленавіты аператар. Аднойчы ён выпіваў са сваім сябрам-сцэнарыстам Кастусём у інтэрнаце УДІКа. І трэба ж было такому здарыцца, Кастусь выпаў з акна і загінуў. Пасля смерці сябра Віктар знаходзіць сцэнарый, які не быў у свой час зацверджаны, і разумее, што гэта зусім чумавая рэч. Ён марыць зняць па гэтым сцэнарыі фільм. На пахаванні Віктар сустракаецца з рэжысёрам Ягорам Мячыным. І неўзабаве ў іх з’яўляецца магчымасць разам паўдзельнічаць у здымках карціны пад назвай “Дзяўчына і брыгадзір”. Прысутнічае ў карціне і любоўная інтрыга. Віктар і Ягор па чарзе сустракаюцца са студэнткай хімфака МДУ Мар’янай, якая трапляе да іх на здымкі ў якасці галоўнай акторкі. Здаецца, што фільм, як фільм, але гэта толькі так здаецца, бо праз здымкі “Дзяўчыны і брыгадзіра” паказваецца час хрушчоўскай адлігі. У песні, якая гучыць у кожнай серыі, ёсць радкі пра тое, што ўсе думалі, што гэта прыйшла вясна, а гэта ўсяго толькі часовая адліга. І я, гледзячы фільм, праслязіўся…
24.03.2019. Паглядзеў фільм рэжысёра Жака Дуаёна “Радэн” пра французскага скульптара, аднаго з заснавальнікаў імпрэсіянізму ў скульптуры Агюста Радэна (12 лістапада 1840 года ў Парыжы, памёр 17 лістапада 1917 года там жа).
“Уяўляеце, што можна стварыць з адзінокага каменя?” – кажа Радэн. І стварае. Каханне і любоў. Каханне і смерць. Пацалунак і жаданне дыхаць жанчынай. Пузаты аголены Бальзак, якога патрабуюць апрануць. І скульптар апранае пісьменніка. І жанчыны. Каханыя. І не. Таленавітыя. І не. Добрыя. Злыя. І сын. І вечнае натхненне.
І ў які раз шкадую, што я не мастак…