Нядаўна споўнілася 125 гадоў з дня нараджэння Пятра Скарынкі – скульптара-аматара, аўтара манументальна-дэкаратыўных работ у горадзе і раёне.
Старэйшыя жыхары Валожына добра памятаюць тую пасляваенную пару, калі на зялёных, утульных вуліцах і парках роднага горада, як грыбы пасля дажджу, пачалі з’яўляцца першыя манументальна-дэкаратыўныя скульптуры майстра-самавука. Разнастайныя і цікавыя па кампазіцыі, выкананыя на даволі высокім мастацкім узроўні, вельмі выразныя і пластычна дакладныя – яны хутка сталі звычнымі і дарагімі кожнаму сэрцу валожынца.
Пётр Канстанцінавіч Скарынка нарадзіўся 12 ліпеня 1898 года ў вёсцы Беніца на Маладзечыншчыне. Адукацыю атрымаў у далёкім Арэнбургу, куды выехалі яго бацькі падчас Першай сусветнай вайны. У далёкай Сібіры ён вучыцца ў настаўніцкім інстытуце, працуе настаўнікам фізікі і матэматыкі ў школе.
У Валожыне сям’я Скарынкаў з’явілася прыкладна ў 1952-1953 гадах. Мінулае гэтага чалавека, пэўна, такое ж адметнае і разнастайнае, як і валожынскі перыяд. Але ведаюць пра яго на ўзроўні чутак: Пётр Канстанцінавіч у свой час быў рэпрэсіраваны, быццам працаваў сакратаром райкама партыі, але ў Валожын прыехаў ужо беспартыйным. Да гэтага жылі яны ў Абакане.
Аднак узлаванымі на ўвесь свет Скарынкі не былі, а ад Пятра Канстанцінавіча, наадварот, зыходзіў невычэрпны аптымізм.
Спачатку Скарынкі здымалі пакой у гаспадароў Рымшаў, па вуліцы, што цяпер завецца Астроўскага, у доме № 7. Жылі надзвычай сціпла, нават бедна. Былыя суседзі ўспамінаюць, што іншы раз на вячэру варылі на пецярых чатыры бульбіны ў мундзірах, больш нічога не было. Потым жыццё пачало наладжвацца, дзякуючы залатым рукам, ён пабудаваў дом № 34 на вуліцы 17 верасня.
Продолжение статьи в газете «Працоўная слава» за 29 сентября 2023 года