На сёлетняй жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі выкладчык спецыяльных дысцыплін Валожынскага сельскагаспадарчага каледжа Ала Яфімчык была ўзнагароджана Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Ала Аляксандраўна выкладае тры прадметы: спецыяльныя тэхналогіі, канструяванне адзення і матэрыялазнаўства швейнай вытворчасці.Творчая актыўнасць і педагагічная інтуіцыя дапамагаюць развіваць інтэлектуальныя і прафесійныя здольнасці навучэнцаў. Пацвярджэннем чаму з’яўляюцца шматлікія дыпломы яе выхаванцаў у творчых конкурсах: дыплом у намінацыі “Школа моды” і спецыяльны прыз ад Беллегпрама ў фінале рэспубліканскага конкурсу “Млын моды-2020”, паказы-прэзентацыі на міжнародных і абласных выставах у 2020 і 2021 гадах, падрыхтоўка і ўдзел навучэнцаў у прафесійных конкурсах мінулага года. Сёлетні таксама азнаменаваўся поспехам.
– Першае пытанне традыцыйнае: якія ўражанні ад такой высокай адзнакі Вашай працы?
– Мой педагагічны стаж складае 27 гадоў. 19 з іх працавала настаўніцай працоўнага навучання ў роднай СШ № 1 г. Валожына, якую і скончыла. Восьмы год выкладаю прадмет у нашым каледжы. Лічу, што ўзнагарода ў нейкім сэнсе падвяла вынік зробленаму за гэты час. Але гэта не асабіста маё дасягненне, а работа каманды. Увогуле, вельмі прыемна. Люблю творчы працэс – як кажуць, я за любы творчы “кіпіш”: мяне можна запрашаць, я лёгкая на пад’ём.
– Як прыйсці да такога поспеху? Які гэта шлях?
– У 1996 годзе скончыла Мінскі тэхналагічны тэхнікум. У нас была прэстыжная спецыяльнасць: канструктар-мадэльер – цяпер яна называецца дызайнер адзення. Паступіць было вельмі складана – трэба было ўмець прафесійна маляваць. І я год вучылася прафесійна ставіць малюнак на паперу. Гэта быў самы важны экзамен: калі яго не праходзіў, астатнія можна было і не здаваць. Мне пашанцавала.
Атрымаўшы прафесію, хацела пайсці працаваць на прадпрыемства. Але напачатку 90-х прадпрыемствы стаялі, і адзінае месца, дзе хоць неяк плацілі заработную плату, – школы. Вось так і ўладкавалася ў першую гарадскую школу настаўнікам працоўнага навучання, хаця ніколі не планавала. Тады былі запатрабаваны адукаваныя спецыялісты. Ужо пасля атрымала педагагічную адукацыю.
Паспяхова адрабіла там, разам з вучнямі мы мелі шмат дасягненняў і ўзнагарод на розных узроўнях – і нават на рэспубліканскім. У прыватнасці, дыплом 3-й ступені на абласной алімпіядзе атрымала Сняжана Ланько. Юля Калініна таксама была ў лідарах прадметных спаборніцтваў. У нас было 1-е месца ў рэспубліканскім праекце “Бяспечны пераход”: зрабілі эскізы калекцый маладзёжнага адзення і абутку з флікерамі – тады пра іх ніхто не чуў і не ведаў. У наш час флікер стаў аксесуарам, а ў спецадзенні ўвогуле абавязковым элементам. Памятаецца, што нас запрасілі ў Мінск на ўзнагароджанне – віншаваў беларускі камедзі-клаб (быў тады такі)!
Мне пашчасціла патрапіць у патрэбнае месца і
ў патрэбны струмень – каб гэтага тады не было, я, напэўна, і не адбылася б.
Лічу, што творчасць – мая місія.
Некалькі разоў спрабавала адысці ад яе, але ізноў вярталася.
– Што адчувалі, калі Вашы вучаніцы ўзнімаліся на п’едэстал гонару?
– Вельмі радавалася і дзякавала за прадастаўленую магчымасць.
– Цікава даведацца, як выбіралі будучую прафесію? Пагадзіцеся, у савецкія часы яна была не вельмі распаўсюджанай.
– Напэўна, гэта прызванне. З дзяцінства мела творчы мастацкі густ. Маладосць прыйшлася на такі цікавы час, калі адкрылася жалезная заслона – з’явіліся эксклюзіўныя часопісы з высокай модай “Vodie”, “Burda”. Жанчыны перадавалі іх адна адной як нейкую каштоўнасць. Асабіста мяне заўсёды цікавіла мастацтва – люблю класічных мастакоў, цягнула да нечага незвычайнага, авангарднага. Мне падабаецца Сальвадор Далі: нават у школе мы зрабілі калекцыю з упаковачных матэрыялаў “Аванцюра ад куцюр” па творах менавіта гэтага жывапісца. Заўсёды натхнялася архітэктурай Антоніа Гаўдзі: яго візітная картка – Барселона. Усё гэта мяне прыцягвала і захапляла.
Да таго ж па вучобе – як у школе, так і ў тэхнікуме – шанцавала на вельмі адукаваных, разумных педагогаў. З цеплынёй і ўдзячнасцю ўзгадваю сваіх любімых настаўнікаў Лідзію Пятроўну Уланчык, Вольгу Маісееўну Косік, Ніну Мікалаеўну Хількевіч, класнага кіраўніка Галіну Вячаславаўну Сматрову.
– Што любіце ствараць?
– Валодаю некалькімі тэхнікамі рукадзелля: умею вязаць, вышываць, рабіць розныя дробныя вырабы. Але зараз, калі вучу ўжо прафесіі, а не проста вяду ўрок працоўнага навучання, мяне прыцягнуў выраб калекцый. І нават больш цікава ствараць мадэлі на паперы, чым на тканіне. Усё ж трэба скласці ў адзінае цэлае, дзеля чаго неабходна мець абстрактнае мысленне. Напрыклад, глядзіш на карціну Сальвадора Далі, а ў цябе вобразна павінны нарадзіцца два-тры касцюмы. Гэта вельмі цікавы творчы працэс.
– Вашы вобразы ўжо даўно рэалізаваліся ў сапраўдныя, не пабаюся гэтага слова, шэдэўры і выйшлі на досыць высокі ўзровень.
– Так. Тры гады запар мы прымалі ўдзел у “Млыне моды” і выходзілі ў фінал. А калекцыя “ASTATAK” Аляксея Русакова ў 2020 годзе атрымала спецыяльны прыз ад Беллегпрама – галоўнага вытворцы айчыннай прамысловасці. Дыплом яму ўручала сама кіраўнік прадпрыемства. У Аляксея канцэпцыя вельмі цікавая: кожны касцюм увасабляе сабой вобраз і творчасць культавай асобы XX стагоддзя. І Фрэдзі Мэрк’юры прасочваецца, і Курт Кабейн – ён хоць і сучасны юнак, але музычны густ застаўся ў мінулым стагоддзі. Дарэчы, гэта было заўважна адразу, бо прыйшоў ён вучыцца на спецыяльнасць швачкі-цырульніка. І калі прапанавала паўдзельнічаць у конкурсе, не задумваўся ні на хвіліну – сказаў, што ў яго ўжо ёсць ідэі і куміры. У нас адразу нарадзілася сем вобразаў. А чаму так назвалі калекцыю? Бо гэта як астатак успамінаў пра знакамітых асоб, дзе кожная літара нясе сэнс.
Яшчэ адна калекцыя, якую прадставіла Каміла Радкевіч, называецца “2612”. У ёй увасоблена сучаснае прачытванне віктарыянскага стылю, закладзенага досыць маладой каралевай Вікторыяй. Можна сказаць, яна нават рэвалюцыю зрабіла ў свеце моды: тыя ж чаравікі на шнуроўцы, якія мы зараз носім, – яе вынаходніцтва. Ці блузкі белыя з карункамі і фальбонамі. Спачатку мода была рознакаляровая, а калі памёр яе муж, каралева і, безумоўна ж, увесь двор апрануліся ў жалобу – ва ўсё чорнае. У нашай калекцыі прысутнічае чорна-жоўта-белы колер, дзе жоўты адлюстроўвае дату – 26-е 12-га месяца, калі пачалі адбывацца і радасныя падзеі ў жыцці. Аўтар паспрабавала выказаць, што не ўсё так самотна нават і ў цяжкія перыяды.
– Ваша асабістая калекцыя “Агнэся” таксама мела поспех?
– У адзенні гэтай калекцыі 2019 года ідзе спалучэнне беларускіх народных традыцый з сучаснымі тэндэнцыямі ў модзе. Яна белага колеру, а ўсе элементы і аздобы імітуюць наш беларускі строй, але асучаснены. Калекцыю “Агнэся” да гэтага часу запрашаюць на розныя модныя паказы: у Палацы Рэспублікі на Дзень настаўніка дэманстравалі, пабывалі з ёй на 44-й міжнароднай выставе-кірмашы “BelTexindustry”, дзе шырока былі прадстаўлены ўсе навінкі ў свеце моды і ў швейнай прамысловасці. Таксама з “Агнэсяй” і “2612” мы пабывалі на Тыдні беларускай моды – удзельнічалі ў культурна-відовішчным шоу, якое праходзіла на пляцоўцы тэатра імя Янкі Купалы.
Сёлета стваралі калекцыю “Моманты прыгажосці” для ўдзелу ў рэспубліканскім праекце “Каляровыя сны” – яна прызначалася для дзяцей-інвалідаў Івянецкага дома-інтэрната. Рабілі сумесны праект з вядомым дызайнерам Анастасіяй Фальковіч. Прэзентавалі яе ў Беларускім універсітэце культуры. Вельмі ўдзячна, што паўдзельнічала ў гэтым праекце – столькі станоўчых, душэўных эмоцый засталося і ў дзяцей, і ў мяне.
Я за тое, каб чалавек адчуваў сябе шчаслівым у тым,
у што ён апрануты, і дарыў гэту радасць душы навакольным.
– І як, на Ваш погляд, увогуле выглядаюць калекцыі?
– Дастойна. Не магу сказаць, што ў кагосьці лепш, у кагосьці горш: кожны дызайнер – ён жа самавыяўляецца. Калі высокае журы палічыла, што ён са сваёй ідэяй варты фіналу – значыць, штосьці зачапіла. У вобразе павінны быць сэнс і канцэпцыя – менавіта гэта ацэньваецца, яе трэба растлумачыць і абараніць. Застаецца толькі паспрабаваць зразумець яго задуму – што ён хацеў данесці. Абывацель паглядзіць і скажа, маўляў, незразумелае штосьці, а вось для сапраўднага дызайнера гэта эксклюзіў.
– Бо ў паўсядзённым жыцці такое адзенне наўрад ці можна апрануць?
– Ёсць подыумныя калекцыі – менавіта аўтарскія, прызначаныя толькі для паказу, а ёсць “насібільныя” – брэнды для продажу, якія можна запусціць у масавую вытворчасць. Напрыклад, тую ж калекцыю “Агнэся”, калі пачаць выпускаць, можна камбінаваць з нейкім паўсядзённым адзеннем. Але разам яна выключна аўтарская калекцыя.
– Што ў адзенні блізка асабіста Вам?
– Я люблю скромны элегантны стыль. Але пры гэтым з маленькімі акцэнтамі і разыначкамі. Увогуле мая слабасць – абутак: хацелася б насіць эксклюзіўныя туфелькі, але каштуюць яны вельмі дорага. А любімы колер – шэры: ён мой фаварыт. Таксама падабаецца чорны, цёмна-сіні – будзем казаць, прыстойныя колеры.
– На Ваш погляд, адзенне характарызуе чалавека?
– Безумоўна. Нездарма ж кажуць, што сустракаюць па адзенні. Таму да падбору таго, что апранаеш, трэба падыходзіць з роздумам.
– Пры сустрэчы ў Вас адразу ж узнікае нейкі вобраз?
– Пастаянна ўсіх ацэньваю – мяне так вучылі ў тэхнікуме. Мы ж канструктары – робячы чарцяжы, асабліва звярталі ўвагу на лініі ў адзенні, якія пасля дапамогуць скарэкціраваць фігуру ў лепшы бок – напрыклад, з прамой фігуры зрабіць пясочны гадзіннік. Бо адзенне павінна падкрэсліваць годнасць чалавека.
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ