Дзмітрый і Алена Хвін пражываюць у аграгарадку Ракаў па 2-м завулку Піянерскім, дом № 4. Сёння яны гасцінна расчыняюць дзверы ўласнай сядзібы і дзеляцца “сакрэтамі” пераўвасаблення хацінкі ў маленькае ўладарства хараства.
Дзмітрый Казіміравіч – карэнны ракаўчанін, Алена Іванаўна родам з Янушкавічаў Пяршайскага сельсавета. Стварыўшы сям’ю, маладая пара крыху пажыла з бацькамі мужа, а пасля пажадала адасобіцца і пайшла на кватэру. А ў 2001 годзе набыла дом па вышэйназваным адрасе. Што ўяўляла сабой “новае” жыллё, гаспадар успамінае з усмешкай:
– Тут і вуліцы толкам не было – толькі наша сядзіба і яшчэ адна маленькая хата. Наўкола балота і выган, на якім пасвілі кароў. Калі параўноўваць цяперашні дом з першапачатковым, то, можна сказаць, паўдома з адным пакоем, гаспадарчая пабудова і ладны надзел зямлі, на якім і мы напачатку садзілі бульбу і вялікі агарод. Трымалі па 12 свіней, бо, каб абжывацца, патрэбны былі сродкі – заробкаў не хапала.
З чаго пачыналі добраўпарадкаванне? З агароджы, якая дагэтуль была зроблена з жэрдак. Узялі крэдыт на спажывецкія патрэбы ў банку – як цяпер памятаю, дзве тысячы долараў, і пачалі гарадзіцца: ставіць плот давялося з чатырох бакоў. Купілі разабраны хлеў, перавезлі і склалі ў сябе на падворку. Тут зрабілі з цэглы пліту і варылі бульбу для свіней. З цягам часу пераабсталявалі яго ў летнюю кухню. Вельмі хацелася пакласці дарожкі: каб “патанніць” гэты працэс, пліткі з цэменту сам рабіў і выкладваў.
Далей сям’я Хвін пачала дабудоўваць дом – так з’явілася камінная, потым і другі паверх. Дарэчы, будынак прыгожа атынкаваны, пафарбаваны і цяпер больш нагадвае казачны домік. Пяць гадоў таму гаспадар сваімі рукамі змайстраваў лазню, а вось сучасную тэрасу ўжо ўзводзілі спецыялісты-будаўнікі. Тут таксама ўсё ўладкавана з густам.
Знайшлося на падворку месца і яшчэ аднаму асабліва моднаму зараз, а галоўнае – вельмі карыснаму для здароўя новаўвядзенню – апідоміку, ці, як яго называюць знаўцы пчалярнай справы, сну на пчолах. З гэтымі “разумніцамі” Дзмітрый Казіміравіч пазнаёміўся даўно – яны дасталіся яму ў спадчыну ад жончыных сваякоў. Сапраўдным пчаляром сябе не называе – толькі аматарам, аднак зроблены ім апідомік, ды і вуллі сведчаць пра вялікую любоў і клопат пра гэтых насякомых. “Паляжаць-палячыцца ў ім надараецца рэдка, а вось жонка і дачка з унучкай любяць тут аздаравіцца”, – кажа майстар-самавук.
Яшчэ адным упрыгажэннем падворка з’яўляецца мноства кветак і зялёных насаджэнняў – яны таксама патрабуюць дбайнай гаспадарскай рукі. А яна, дарэчы, бачна і па-за межамі сядзібы, дзе Дзмітрый Казіміравіч стараецца ўсе абкасіць, а на невялікім участку – можна сказаць, дзяржаўнай зямлі – па ўласнай ініцыятыве нават высадзіў дрэўцы.
– Цалкам згодны і падтрымліваю нашага Прэзідэнта, які адзначыў, што, калі чалавек – гаспадар на зямлі, ён будзе падтрымліваць парадак не толькі на сваім падворку, але і на вуліцы, дзе пражывае, – зазначыў Дзмітрый Хвін. – На жаль, не ўсе прыватнікі гэта разумеюць. Апошнія гады сярод людзей часцей бытуе меркаванне “мая хата з краю”. Таму лічу, што да некаторых трэба прымяняць і адміністрацыйны рэсурс: чамусьці на справе “бізун” прыносіць вынік адразу, а вось “пернік” – не. А так хочацца, каб мая любая ракаўская зямля была дагледжанай, чыстай, акуратнай, чым славіліся гэтыя мясціны спрадвеку. Тым больш, што ўвосень чакаем гасцей на раённыя дажынкі!
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА