Ірына і Баляслаў Шуты жывуць у аграгарадку Ракаў па вуліцы Радашковіцкай, 21. Іх дагледжаную сядзібу, гасцінных і вельмі працавітых гаспадароў добра ведаюць не толькі ў мястэчку, а і далёка за яго межамі.
Тры дзясяткі гадоў таму на гэтым месцы бацьку Баляслава Мар’янавіча выдаткавалі даволі ладны ўчастак – пад 50 сотак – пад будаўніцтва дома і для вядзення падсобнай гаспадаркі. Калі сын стварыў сям’ю, надзел быў перададзены маладым.
– Напачатку мы жылі на кватэры, а тут змайстравалі невялікую часовую пабудову, у якой пасля і пасяліліся, – расказвае Ірына Чаславаўна. – Дом будавалі ў 90-х: цяжка, самы развал краіны, але людзі былі намнога дабрэйшыя – дапамагалі адзін аднаму, рабілі без ніякай платы: стол накрыеш, пакорміш – вось і ўвесь разлік.
Аднак так атрымалася, што новая доўгачаканая будыніна, зробленая ўласнымі рукамі амаль пад ключ, вокамгненна згарэла па незразумелых і да гэтага часу прычынах: засталіся толькі сцены. Давялося адбудоўвацца ў другі раз. Так паступова з’явіліся невялікі домік, прыгожы дом, гараж, лазня, гаспадарчыя пабудовы. Уся планіроўка, а пасля ўвасабленне задуманага ў рэальнасць – справа гаспадара.
Працавалі шмат – часам на дзвюх работах, трымалі вялікую гаспадарку, круціліся, як кажуць, як белка ў коле. А амаль дзесяць гадоў таму пайшлі на новы, запатрабаваны ў наш час, крок: на сваім жа ўчастку адкрылі аграсядзібу “Ля Іслачы”. Там, дзе калісьці быў вялікі гаспадарчы двор, з недаробленай драўлянай лазні атрымаўся прывабны будынак, у якім можна сабрацца разам і годна правесці любое мерапрыемства. Сама тэрыторыя таксама змянілася непазнавальна: ландшафтным дызайнам ізноў жа займаліся гаспадары-самавукі. Усё выйшла па-сучаснаму прыгожа і з густам.
Кожны куток, пабудова, дрэўца ці кветка тут зроблены і дагледжаны з вялікай любоўю – гэта бачна па ўсім. А вось парадак і чысціня – па словах гаспадыні, справа пастаянная, бо ўхапіць за адзін дзень немагчыма. Галоўнае не запускаць, а падтрымліваць – своечасова праполваць, падкошваць, рамантаваць і гэтак далей. Работа на ўласным участку – бясконцая, у любую пару года. Баляслаў Мар’янавіч падзяліўся:
– Вось сёлета надзвычайная засуха, а ў нас насаджэнняў вельмі многа. Каб іх паліць, на два дні патрэбна шэсць тон вады! А зімой паўдня даводзіцца толькі снег на падворку расчышчаць.
Пасядзець, адпачыць, падумаць і “пафіласофстваваць” у прыгожай драўлянай альтанцы, побач з якой змайстраваны закрыты мангал і кацёл для юшкі, надараецца рэдка. Аднак сапраўдную асалоду сям’я атрымлівае якраз не ад прывольнага баўлення часу, а, наадварот, ад штодзённых клопатаў, карпатлівай работы, пастаяннага руху, пераўладкаванняў, абнаўлення. Усё гэта прыносіць ім радасць, замілаванне, напаўняе стваральнай энергіяй. А планаў у Шутоў шмат, не хапае толькі часу. Таму хочацца пажадаць ім не страчваць ніколі пазітыўнага запалу для ўвасаблення ў жыццё задуманага, і кожны дзень ствараць свой райскі куточак на зямлі!
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА