23 сакавіка – Дзень работнікаў гідраметэаралагічнай службы
У наступным годзе метэастанцыя “Валожын” адзначыць сваё 80-годдзе, а Белгідрамет – векавую дату: 100 гадоў. Важнасць і значнасць гэтай службы цяжка пераацаніць, бо, складаючы свае планы на заўтра, мы абавязкова ўлічваем, якім будзе надвор’е. Не гаворачы ўжо пра зацікаўленыя ведамствы і арганізацыі, для якіх надвор’е мае істотнае значэнне.
Прафесію метэаролага можна назваць адной з самых рамантычных. Гэта справа жыцця тых людзей, якія прымаюць надвор’е такім, якое яно ёсць. Яны не скардзяцца на яго і не спасылаюцца пры няўдачах, бо як пяецца ў песні: “У прыроды няма дрэннага надвор’я”. Усё пра “капрызы” надвор’я і свой працоўны шлях нам расказаў начальнік метэастанцыі “Валожын” Сяргей ТРУС.
– Сяргей Аляксандравіч, ведаю, што ў прафесію Вы прыйшлі выпадкова і нават уяўлення не мелі, хто такі метэаролаг і чым ён займаецца?
– Так. У 2001 годзе заканчваў Смілавіцкі тэхнікум па спецыяльнасці юрыст. Яшчэ перад абаронай дыплома з добрай рукі начальніка метэастанцыі “Валожын” Веры Сямёнаўны Анушэўскай, якая прапанавала мне пайсці аграметэаролагам, уладкаваўся сюды на працу. Два месяцы быў вучнем, а са жніўня прыступіў да абавязкаў.
Што за навука такая – метэаралогія, не ведаў нічога: памятаў, што ў школе па геаграфіі праходзілі градуснікі, хаця насамрэч правільна іх называць тэрмометрамі. Усё адбылося неяк спантанна, нечакана. Калектыў быў харошы, а сама Вера Сямёнаўна, сумленна кажучы, аднеслася да мяне па-мацярынску: калі ўзнікалі якія пытанні – заўсёды прыходзіла на дапамогу. І вось неяк уцягнуўся, на наступны год паступіў завочна ў Расійскі дзяржаўны гідраметэаралагічны ўніверсітэт. А ў 2005 годзе ўзначаліў нашу метэастанцыю. Вера Сямёнаўна працягвала перадаваць мне свае веды, вялікі вопыт – знаходзячыся на заслужаным адпачынку, рабіла яшчэ метэаролагам.
– Як толькі пачалі “ўлівацца” ў гэту прафесію, што было цікавага, скрытага, незразумелага для простага абывацеля?
– Ведаеце, як і ў жыцці, так і ў прыродзе ўсё ідзе цыкламі. Чорная паласа – белая паласа, спад – пад’ём. Спецыфіка прафесіі патрабуе быць вельмі ўважлівым і назіральным, і, як вучыла і казала наш шаноўны ветэран працы, за дрэнным надвор’ем заўсёды будзе харошае. І гэта сапраўды так, бо ў Валожыне аднойчы назіралася нават паўночнае ззянне – з’ява незвычайна прыгожая, што ўзнікае ў верхніх слаях атмасферы. Таму трэба назіраць за ўсім. За тымі ж аблокамі – яны, дарэчы, бываюць трох ярусаў: высокага, сярэдняга і ніжняга і дазваляюць вызначыць, будзе дождж ці не. У прыватнасці, ліўневыя ападкі і навальніцы магчымы толькі з аблокаў ніжняга яруса.
– А якую функцыю выконвае метэаралагічная пляцоўка?
– Вышыня нашай метэаралагічнай пляцоўкі складае 229 метраў над узроўнем мора – на другім месцы ў рэспубліцы Беларусь: першая знаходзіцца ў Навагрудку на вышыні 270 метраў. Яна абсталявана ў 1964 годзе. Там назіранні “выконваюць” спецыяльныя датчыкі, паказанні з якіх адразу паступаюць на пост метэаролага на камп’ютар. Дарэчы, метэаролаг бачыць усё ў рэальным часе: ад тэмпературы і віготнасці паветра, кірунку і хуткасці ветру да тэмпературы паверхні зямлі, пруткасці вадзянога пару, кропкі расы, прамярзання глебы і шмат чаго іншага. Аднак чалавечы фактар ніхто не адмяняў: напрыклад, сучасная тэхніка не можа распазнаць, якая ў нас воблачнасць, якія аблокі. І галалёдную намаразь камп’ютар таксама не пакажа – гэтым займаецца толькі чалавек.
– Як вымяраецца вышыня снежнага покрыва?
– Ёсць стацыянарныя рэйкі, якія ўстанаўліваем у спецыяльна вызначаных на метэапляцоўцы месцах, пасля вылічваем сярэдняе значэнне. Што тычыцца снегаздымкі, летась была цікавая сітуацыя. У нас ёсць спадарожнік. Два месяцы таму звярнуліся з Акадэміі навук, каб з яго дапамогай прагназаваць паводку, а таксама паспрабаваць зверыць снегаздымку. Гэта значыць, параўнаць паказчыкі, якія мы збіраем уручную: ходзім раз у дэкаду, робім 50 замераў – маршрут па полі складае каля кіламетра, з тымі, што паступяць са спадарожніка. Безумоўна, шчыльнасць снегу ім не вызначыш, а вышыню снежнага покрыва пакажа. Вось такі эксперымент правялі на базе нашай метэастанцыі: нюансаў шмат, але вучоныя ім зацікавіліся.
– Цікава даведацца, а што залежыць ад шчыльнасці і вышыні снежнага покрыва?
– Бываюць два станы глебы: замёрзлая і талая. Калі яна замёрзлая, снег кладзецца, і пры яго таянні вада не можа нікуды дзецца. Калі ж глеба талая, снег, ператвараючыся ў ваду, адразу пранікае ў яе. Для чаго гэта трэба ведаць? Калі ў нас замёрзлая глеба, вышыня снежнага покрыва павялічваецца, шчыльнасць снегу ўзрастае, і ён становіцца вельмі цяжкім. Асабліва такія паследкі будуць назірацца вясной падчас паводкі. Снег ляжаў, падтайваў, дало рэзкае цяпло, вада пацякла па рэках, і пачалося разводдзе. Вось менавіта са станам снегу яно і звязана: мы, метэаролагі, робім назіранні па палях, каб у далейшым гідролагі складалі прагноз, якой будзе паводка. На Валожыншчыне вялікіх рэк няма, а вось гідралагічны пост размешчаны ў Багданаве на рацэ Альшанка, але ён адносіцца да Вілейскай гідралагічнай станцыі.
Таксама вялікае значэнне гэтыя паказчыкі адыгрываюць і на захаванасці сельгаскультур пасля зімы: у прыватнасці, іх пашкоджанасці ці гібелі.
– Што можна сказаць пра сёлетнюю, ужо адышоўшую зіму: ці назіраліся якія-небудзь нехарактэрныя асаблівасці?
– Па маіх назіраннях, была сапраўдная харошая зіма. Быў снег – яго вышыня даходзіла да паўметра, зямля прамярзала да 5 сантыметраў. Безумоўна, дрэнна, што снег лёг на непрамёрзлую глебу – ёсць відавочнасць пашкоджання азімага рапсу.
– Аднак у апошнія гады за адны суткі можна заўважыць вельмі рэзкія перапады тэмпературы: ад плюс 10 да мінус 15.
– Згодзен – раней такога не было. Узгадваю, як 20 гадоў таму прыйшоў на метэастанцыю, зімой былі маразы да мінус 26-27 градусаў. А вось перападаў не адзначалася. Такія анамаліі надвор’я адмоўна ўздзейнічаюць і на раслінны свет, і на жывёлу, і на чалавека. Але, разумееце, ва ўсім свеце мяняецца клімат, тым не менш каляндарнае лета ў нас засталося звычайным. У асноўным мяняецца зімовы перыяд – становіцца цяплей: так, сёлета вялікіх маразоў і не назіралася.
– Як Вы лічыце, ад чаго гэта залежыць? Ёсць нейкі аналіз, што адбываецца ў прыродзе?
– Ізноў жа скажу пра цыклічнасць. Пагаджуся і з меркаваннем некаторых вучоных, якія спасылаюцца на парніковы эфект, калі выкідваецца вялікая колькасць цяпла ў атмасферу. Гэта можа адбывацца на другім кантыненце, а паследкі будуць назірацца ў нас.
– Не так даўно ва ўжытак сіноптыкаў увайшло паняцце ўзроўняў бяспекі. Цяпер часта можна пачуць, калі, перадаючы прагноз надвор’я, звяртаюць увагу на аранжавы ўзровень. Правільна разумею: трэба быць напагатове?
– Каляровая індыкацыя для папярэджання насельніцтва аб складаных умовах надвор’я і надзвычайных сітуацыях шырока выкарыстоўваецца ва ўсім свеце. Зялёны ўзровень сведчыць, што небяспечных і неспрыяльных з’яў надвор’я не чакаецца. Жоўты звяртае ўвагу: магчымы ападкі, навальніцы, узрастанне парываў ветру, высокія або нізкія тэмпературы. Аранжавы папярэджвае, што ўмовы надвор’я ўяўляюць рэальную небяспеку – чакаюцца шквалы, ліўні, навальніцы, град, спякота, маразы, снегапады, завеі. Чырвоны ўзровень гаворыць пра вельмі небяспечныя ўмовы надвор’я: ураган, праліўныя дажджы, вельмі моцныя снегапады, буйны град, надзвычайная пажарная небяспека, якія могуць выклікаць сур’ёзны матэрыяльны ўрон, чалавечыя ахвяры. Як правіла, штармавое папярэджанне аб’яўляецца пры хуткасці ветру 15-20 метраў за секунду. Дарэчы, у нас чырвоны ўзровень бяспекі быў падчас “хаўера”, з моманту якога 15 сакавіка гэтага года споўнілася 10 гадоў.
– Яшчэ адна акалічнасць, на якую звяртаюць увагу: метэазалежнасць. Што яна падразумявае?
– Яна залежыць ад ціску паветра і сведчыць пра тое, што чакаецца яго паніжэнне ці павелічэнне. Паветра абавязкова аказвае сваё ўздзеянне на чалавека: калісьці мацней, калісьці слабей – можа балець галава, круціць ці ламаць суставы. І чалавек тады спасылаецца на дрэннае надвор’е. Нават тыя ж самыя рыбакі ведаюць, што пры пэўным ціску паветра не варта ехаць на рыбалку – рыба брацца не будзе. На метэастанцыі ёсць барометр: напрыклад, ціск паветра на адзнацы ад 740 да 750 лічыцца нармальным для нашага раёна.
Белгідрамет прапануе незвычайную ідэю падарунка – сертыфікат і пашпарт надвор’я на ўрачыстую дату. Нагода – любы дзень нараджэння, юбілей, гадавіна вяселля, іншыя знамянальныя даты, а таксама, напрыклад, дата заснавання прадпрыемства або фірмы. База метэаралагічных даных дазваляе зрабіць пашпарт надвор’я для людзей рознага ўзросту. Дакладнасць даных завяраецца подпісам начальніка і пячаткай.
Маляўніча аформлены дакумент, акрамя слоў віншаванняў і добрых пажаданняў, змяшчае дакладную інфармацыю аб умовах надвор’я ў любым пункце краіны, якія назіраліся ў той ці іншы дзень, які для чалавека або фірмы быў значным. Пры афармленні ўлічваюцца інтарэсы і захапленні.
Заказаць такі падарунак можа кожны жыхар Беларусі. У нашым раёне дзеля гэтага неабходна звярнуцца ў метэастанцыю “Валожын”.
– Скажыце, калі ласка, а можаце Вы са сваім вопытам па аблоках, кірунку ветру, іншых назіраннях прадказаць надвор’е хаця б на адзін дзень наперад?
– Так. Мы шмат аналізуем і шмат бачым, і нашы прадказанні ў асноўным пацвярджаюцца. Напрыклад, улетку перад навальніцай ціск будзе рэзка падаць. Узімку, калі па небе плывуць аблокі сярэдняга ці высокага яруса, сведчыць пра тое, што ападкаў не чакаецца.
– Бываюць такія выпадкі ў прыродзе, што застаўляюць насамрэч задумацца і зразумець: колькі ж яшчэ нязведанага і незразумелага для чалавека ў гэтым свеце?
– Вось зусім нядаўна. Цёплае надвор’е, вышэй за нуль, і на працягу сутак тэмпература панізалася на 15 градусаў – было плюс 5, стала мінус 10, пайшоў ледзяны дождж, утварылася галалёдзіца. І ўжо праз суткі ўсё рэзка памянялася – ізноў усталявалася плюсавае надвор’е. Зразумела, што мы знаходзіліся дзесьці ў тылавой частцы цыклону ці антыцыклону, але для мяне гэта было цікава.
– Што Вам прыносіць штодзённая праца?
– Ведаеце, калі нашы даныя супадаюць з данымі таго ж спадарожніка, адчуваю сапраўдны гонар за свой калектыў, бо гэта пацвярджае, што тут працуюць прафесіяналы. Мне імпануе, што мы аднымі з першых у Беларусі праводзілі назіранні па прыборы СВ-15, які вымяраў тэмпературу глыбіні вузла кушчэння для азімых зерневых культур. Яго ў нас тэсціравалі, а зараз ён выкарыстоўваецца практычна на ўсіх метэастанцыях.
– З нагоды прафесійнага свята што б хацелася пажадаць калектыву і ўсім жыхарам раёна?
– Безумоўна ж, надвор’я ў доме. Здароўя моцнага, дабрабыту ў сем’ях, плёну ў працы.
Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ