Ёлка стаяла пасярод нашай вясковай хаты, маленькая, але такая прыгожая, што брацік глядзеў на яе і не мог налюбавацца. Не вельмі багата было на ёй цацак. Але такога цуду ў сваім жыцці мой брацік, якому не было яшчэ і чатырох гадкоў, ніколі не бачыў.
Ёлка зіхацела пад святлом электрычнай лямпачкі, у печцы ярка гарэлі дровы, а калі святло выключалі, цені ад полымя танцавалі на тых бліскучых цацках і сценах хаты, як нейкія дзівосныя і казачныя істоты. Хлопчык хадзіў вакол ёлкі і не мог адвесці ад яе вачэй. Гэта была першая ёлка ў нашай хаце і першыя цацкі. У далёкія 60-я гады не ўсюды ў вясковых хатах ставілі ёлкі. А вось у школах яны ладзіліся штогод. Гэта было наша любімае свята, якога вучні заўсёды чакалі з вялікай радасцю.
Наступіў снежань, і мы пачалі лічыць дні да Новага года. Аднойчы пасля ўрокаў зайшлі ў магазін і разгубіліся. У продажы былі ёлачныя цацкі – цэлыя скрынкі прыгожых, бліскучых шарыкаў, зорачак, пацерак. Да вечара, як зачараваныя, стаялі ля прылаўка. А калі ішлі дадому, я ўсё больш хмурнела. Дома мяне чакаў брацік, які ніколі яшчэ ў сваім жыцці не бачыў навагодняй ёлкі. У той вечар я доўга не магла заснуць, а на наступны дзень ужо цвёрда ведала, што мне рабіць.
У школу мы хадзілі за чатыры кіламетры. Аўтобусаў тады не было, даводзілася ісці пешшу. Выходзілі рана, гадзін у сем, а вярталіся са школы ў 15-16 гадзін. Вядома, бацькі стараліся даць з сабой што-небудзь, каб перакусіць на перапынку. Жылі мы бедна, але бывала, што бацькі давалі і па дзесяць капеек. У той час 2 капейкі каштавала шклянка чаю, 7-8 капеек – булачка ў школьным буфеце.
Тыдні за два я сабрала 40 капеек і купіла тыя самыя цацкі: шышку, самалёцік, шарык і лялечку-снягурку. Дома схавала іх у скрыначку пад ложкам. Паказаць маме ці тату баялася, а вось браціку не вытрымала і сказала адразу. Кожныя дзесяць хвілін хлопчык лазіў пад ложак, даставаў цацкі, разглядаў іх і не мог ніяк надзівіцца на гэты цуд. Увечары, калі ўсе сабраліся ў хаце, брацік пахваліўся маме. Вядома, мне трохі дасталося, але назаўтра тата прынёс і паставіў у хаце невялiчкую зялёную ёлачку. І я была самай шчаслівай, калі глядзела на свайго любімага браціка, якому змагла падарыць гэту казку.
Пасля ўжо ёлку ставілі мы кожны год. Былі яны, напэўна, вышэйшыя і прыгажэйшыя, толькі ў памяці і маёй, і брата назаўсёды засталася тая першая маленькая ёлачка – як самы яркі і шчаслівы ўспамін дзяцінства, і тыя першыя ёлачныя цацкі…
Лідзія ГАРДЫНЕЦ,
жыхарка вёскі Аўгустова,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі







