Тут усё зроблена з любоўю. Менавіта так можна сказаць пра сядзібу Аляксандра і Людмілы БУРАКОЎ, што жывуць па вуліцы Міру, 14 у аграгарадку Сакаўшчына.
Ці адчувалі калі-небудзь незразумелы стан душы: заходзіш на падворак, і адразу ж агортваюць незвычайнае цяпло і асалода? Наваколле як быццам бы прымае цябе і насцеж расчыняе свае дзверы. Тут настолькі добра, спакойна і ўтульна, што хочацца затрымацца і нават застацца, каб наталіцца гэтым хараством.
Аляксандр Іванавіч і Людміла Аляксандраўна свой Эдэм стваралі пятнаццаць гадоў.
– Домік на вёсцы шукалі даўно, – расказвае гаспадыня. – Я – з Гомельшчыны. Муж нарадзіўся на Валожыншчыне – у вёсцы Зарэчная, што паміж Вішневам і Багданава. А Сакаўшчына – малая радзіма яго стрыечных братоў: Валянціна, Аляксандра, Сяргея Сухадольцаў. Хацелася затрымацца дзесьці паблізу. Падказалі адрас. Прыехалі, паглядзелі – так прыгожа: наўкола бяскрайняе поле, рукой падаць хваёвы лес стаіць. На сам дом нават увагі не звярнулі. А ён, як у той песеньцы, – без акон і дзвярэй, і амаль што без даху. Суседзі расказвалі, што дзеці дзесяць гадоў “у вайну” тут гулялі – паразбіралі ўсё, што можна. Вось так і пачалася наша “вялікая” будоўля.
Людміла Аляксандраўна прызналася, што мае добры мастацкі густ: прыгожа малюе, дачка – мастак-мадэльер па прычосках і стрыжках. Талент ім перадаўся ў спадчыну па мацярынскай лініі. Таму ўвесь дызайн, ды і самі аднаўленчыя работы – справа рук гаспадыні. Яна ўсё жыццё адпрацавала брыгадзірам на будоўлях у сталіцы. Мураванне, бетанаванне, тынкоўку, пафарбоўку як дома, так і гаража рабіла сама.
За гады ўжо чатыры разы памяняліся “інтэр’еры” кветак. А іх тут – не злічыць: адны адцвітаюць, і адразу ж на гэтым месцы пышнай квеценню пакрываюцца іншыя. І так да позняй восені.
На падворку – мноства туй. Яны так пасаджаны, што ствараюць зялёную агароджу. Больш таго, іх абрэзкай і наданнем патрэбнага выгляду займаецца таксама Людміла Аляксандраўна.
Зроблены невялікі штучны вадаём, у якім красуюцца натуральныя белыя гарлачыкі. Удала прапісаліся на сядзібе і камяні, якія асабліва папулярнымі сталі ў апошнія гады ў афармленні ландшафтнага дызайну.
Маецца вялікі фруктовы сад, дзе растуць не толькі яблыні і грушы, але абрыкосавае, персікавае, нектарынавае дрэвы, грэцкі арэх і шмат іншых цеплалюбівых насаджэнняў. Дарэчы, яны шчодра пладаносяць.
На прысядзібным участку ёсць уся агародніна, што вырошваецца на зямлі: грады зроблены не аматарскія – для зяленіва, а спраўныя, як заўсёды было на вёсцы. У цяпліцы ужо паспяваюць памідоры і перац, а вось кабачкі і кроп пасеяны ў другі раз – на тым месцы, дзе дагэтуль рос часнок.
Незвычайным унутраным убраннем сустрэў нас і дом Буракоў, дзе прадумана і падабрана кожная рэч – ад мэблі да свяцільняў на столі.
У адным з пакояў па-сучаснаму абсталяваны ляжак, абкладзены керамічнай пліткай: цяпло ў ім падтрымліваецца дровамі, а выглядае ён нібы вялікая прадаўгаватая паліца. Ёсць камін, а вось газавага ацяплення няма – памяшканне абаграваецца натуральнымі відамі паліва.
На другім паверсе – спальні і пакой для ўнукаў: вельмі ўсцешыла, што на ложках ляжаць падушкі, навалочкі для якіх вязала і вышывала яшчэ іх прабабуля.
У доме зроблены дзве тэрасы з выхадам з першага і з другога паверхаў. Людміла Аляксандраўна патлумачыла, што, нягледзячы на адлегласць амаль у 10 кіламетраў, на іх выразна можна было ўбачыць салют у Валожыне, які рознакаляровымі фарбамі расквечваў небасхіл на свяце горада.
На пытанне, ці прыжыліся яны на сакаўшчынскай зямлі, муж і жонка ў адзін голас адказалі: “Даўно сталі сваімі. Тут вельмі добрыя суседзі. А лес ведаем больш, чым мясцовыя жыхары: нават дзе растуць лісічкі і сунічкі ўжо пытаюцца ў нас. А калі на некароткі час па сямейных абставінах трэба паехаць у Мінск, спяшаемся як мага хутчэй вярнуцца сюды – у куточак, які стаў мілы сэрцу і душы”.\
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА