Интервью

Аб тым, як выбраў прафесію суддзі расказаў Анатолій Зянько

У першую нядзелю снежня адзначаецца Дзень юрыста.

Больш за дваццаць пяць гадоў у судовай сістэме раёна працуе Анатолій Зянько, васямнаццаць з якіх з’яўляўся старшынёй суда Валожынскага раёна. Мае 1-ы клас суддзі, у скарбонцы шматлікіх узнагарод – Ганаровая грамата Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

– Анатолій Васільевіч, пачнём з галоўнага, што, насамрэч, і вызначае жыццёвы шлях: як выбіралі прафесію?

– Пытанне досыць складанае. Яшчэ ў школьныя гады ў мяне з’явілася жаданне працаваць у праваахоўных органах. Напэўна таму, што хадзіў у фотагурток, які размяшчаўся ў адным з колішніх дамоў графа Тышкевіча, дзе былі ваенкамат, рэдакцыя, іншыя арганізацыі. А паколькі насупраць знаходзіцца раённы аддзел унутраных спраў, заўсёды сустракаў супрацоўнікаў міліцыі. І я зразумеў: хачу быць міліцыянерам. У старэйшых класах дзіцячая мара падмацавалася тым, што прафесія цікавая – пастаянна трэба кагосьці шукаць ці аналізаваць так, каб знайсці злачынца.

Але калі ўжо вучыўся на юрыдычным факультэце Белдзяржуніверсітэта, разважаў па-іншаму: хацелася стаць проста юрыстым без пэўнага выбару спецыяльнасці. Разглядалася пытанне работы і ў пракуратуры, і ў судзе, і ў адвакатуры. Па размеркаванні павінен быў трапіць у суд Маладзечанскага раёна, але месца было занята. Вось так і прыйшоў на работу ў юрыдычную кансультацыю Валожынскага раёна.

– Хто дапамагаў улівацца ў прафесію, пазнаваць яе асаблівасці?

– Загадчыкам юрыдычнай кансультацыі на той час была Тамара Якаўлеўна Троцкая – сапраўдны прафесіянал сваёй справы, вопытны, граматны юрыст, харошы чалавек. Універсітэт, безумоўна ж, даў глыбокія веды, але на любой рабоце, пасадзе і ў любой спецыяльнасці практыка – гэта асноўнае. Вось Тамара Якаўлеўна і стала маім першым настаўнікам. Паступова ў мяне ўжо склалася практыка, з’явіліся свае кліенты. Давялося ўдзельнічаць у розных справах, тым больш гэта былі 90-я гады, калі рэгістравалася многа цяжкіх злачынстваў. Таму работы хапала.

– Памятаеце сваю першую справу ў ролі адваката?

– Яна была звязана з самагонаварэннем. Для раёна справа гучная, бо наша мясцовасць тады “славілася” вырабам самагону.

– Разумею, што Ваша задача – абараніць таго, хто парушае закон?

– Ведаеце, для адваката слова “абараніць” мае досыць шырокае значэнне, бо ёсць розныя катэгорыі спраў і розныя віды пакаранняў, прадугледжаныя Крымінальным кодэксам. Галоўнае, каб чалавек, які звярнуўся да адваката, застаўся задаволены яго работай і, калі ён не вінаваты, не быў прыцягнуты да адказнасці.

Любы юрыст – незалежна ад таго, пракурорскі гэта работнік, які падтрымлівае абвінавачванне, ці адвакат, які абараняе свайго кліента, ці суддзя, які разглядае справу, – дзейнічае ў рамках закона Рэспублікі Беларусь.

– Як патрапілі ў суд Валожынскага раёна?
– Праз восем гадоў адвакацкай дзейнасці мне прапанавалі перайсці ў галоўны орган правасуддзя. На пасаду суддзі прызначаўся указам нашага Прэзідэнта – пасада стала не выбарная, а назначаная. На той час была ўжо Беларуская дзяржава, якая развівалася. Вельмі вялікія змены адбыліся ў заканадаўстве, што, дарэчы, карэнным чынам паўплывала на злачыннасць, і яна пачала зніжацца з кожным годам.

Старшынёй суда быў Іосіф Міхонскі – чалавек з вялікай літары: вельмі граматны як юрыст, як суддзя, і вельмі харошы па чалавечых якасцях. Суддзямі былі Алена Хаткевіч і Таццяна Несцярэўская. Працавалі мы ў досыць сціснутых умовах – суд знаходзіўся ў будынку раённага аддзела ўнутраных спраў. На чатыры суддзі – адна зала судовых пасяджэнняў, і справы, невялікія па фармаце, даводзілася разглядаць у службовым кабінеце. Таму калі праз тры з паловай гады ўзначаліў калектыў, было жаданне пабудаваць новы будынак суда з камфортнымі ўмовамі работы. Памятаю, як са старшынёй райвыканкама Іванам Маркевічам аб’ехалі ўвесь горад, падбіраючы ўчастак так, каб у людзей была даступнасць да правасуддзя. І вось у 2014 годзе задума стала явай – горад атрымаў адзін з прыгажэйшых будынкаў.

– Па родзе сваёй дзейнасці Вы былі знаёмы з работай суда. Але прафесія суддзі, у адрозненне ад адваката, мае зусім іншы кірунак.

– Згодны. Часам бываюць такія справы, калі на лаву падсудных трапляюць непаўналетнія ці асобы, якія здзейснілі злачынства па неасцярожнасці, – у асноўным гэта дарожныя здарэнні, звязаныя з аварыямі, дзе пацярпелі людзі.

– У судовай практыцы Вы ўжо 25 гадоў. Памятаеце якую-небудзь гучную ці, наадварот, павучальную справу?

– І сёння ў памяці адна справа – яна не была асабліва складаная. Жыхар нашага раёна вырошчваў мак, высушваў і вырабляў з яго наркатычныя сродкі. Пакуль ішло расследаванне, ён пайшоў служыць у армію. Калі я ўжо разглядаў справу, ён сядзеў у клетцы з жалезных прутоў для абвінавачваемых. Трохгадовая дачушка гладзіла яго па руцэ і, паколькі яе папярэдзілі, што ў судзе неабходна весці сябе ціха, бязгучна плакала – па маленькіх дзіцячых шчочках моўчкі цяклі слёзкі. Малюнак быў настолькі душашчыпальны і кранальны, што не мог пакінуць абыякавым нікога, у тым ліку і мяне, бо суддзя ж таксама чалавек. Запомніў гэта на ўсё жыццё і з-за дзіцяці пашкадаваў бацьку: закон даваў магчымасць назначыць пакаранне без пазбаўлення волі. Але наколькі здзівіўся, калі праз некалькі гадоў атрымалася супрацьлеглая сітуацыя: разглядалася новая справа за нявыплату аліментаў гэтым жа чалавекам у адносінах да гэтай жа дзяўчынкі. Яна яго выратавала ад турмы, а ён так і не ацаніў дадзены лёсам шанц.

– Анатолій Васільевіч, цяжка чытаць прыгавор, калі на лаве падсудных – твой зямляк?

– Мой жыццёвы прынцып – выносіць прыгавор па законе: незалежна ад таго, ведаю я чалавека і ці ведае ён мяне. Кожны грамадзянін можа заявіць адвод суддзі. Такога недаверу ў мяне не было, больш таго, надаралася, што ў адносінах да аднаго ж і таго чалавека даводзілася разглядаць справы па некалькі разоў, бо ён здзяйсняў злачынствы неаднаразова. Калі давяраюць – значыць, прыгавор быў справядлівы.

– На Ваш погляд як юрыста-практыка, што вымушае чалавека пайсці на злачынства?

– Сітуацыі зусім розныя, і ў кожнага яны свае. Часам у некага на самай справе бываюць матэрыяльныя складанасці; хтосьці, знаходзячыся ў алкагольным ап’яненні, не разумее, што робіць; іншы, не падумаўшы, здзейсніць нешта супрацьпраўнае, а пасля будзе доўга раскайвацца; бываюць і злачынствы па неасцярожнасці.

– А складана судзіць чалавека?

– Не зусім проста. Але, калі бачыш, што чалавек здзейсніў злачынства, гэта даказваецца, следчымі органамі праведзена дастатковая работа, і сам чалавек усведамляе, што вінаваты, то суддзя разумее: ён павінен быць пакараны.

– Якія злачынствы з’яўляюцца самымі распаўсюджанымі?

– У асноўным – крадзяжы, нявыплата аліментаў, радзей – хуліганства. Дарэчы, назіраецца тэндэнцыя да іх змяншэння. Значна скарацілася за апошнія гады колькасць такіх цяжкіх злачынстваў, як забойства ці прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. На гэта паўплывала не толькі ўзмацненне адказнасці ў заканадаўстве, але і тое, што ўсе органы больш перайшлі на прафілактычныя вынікі работы.

Успамінаю юбілей нашай Канстанціна-Аленінскай царквы, на якім прысутнічаў Філарэт, Мітрапаліт Беларусі. На ўрачыстае набажэнства запрасілі кіраўнікоў, пашчасціла пабыць і мне. І калі далі слова, шчыра казаў, што любое рашэнне прымаю не толькі па законе, але і па сумленні: улічваю як закон, так і чалавечы фактар. Кожны вынесены прыгавор перажываеш аж да болі ў сэрцы. Бо надараецца так, што чалавек парушыць закон, і ўжо толькі сам удзел у судовым працэсе для яго становіцца навукай на ўсё жыццё.

– Колькі ўвогуле суддзёй разглядаецца спраў за год і наколькі гэта працяглы перыяд – ад здзяйснення злачынства да абвяшчэння прыгавору?

– У год разглядаю да 100 крымінальных спраў розных катэгорый. Самая малая справа складаецца са 100 лістоў, бываюць справы па некалькі тамоў, у кожным з якіх па 250 лістоў. І гэта заўсёды пасяджэнне ў зале суда з удзелам пракурора, не заўсёды – адваката: яны прысутнічаюць па асабліва цяжкіх справах ці па жаданні чалавека. За гады адбыліся значныя змены ў заканадаўстве: некаторыя справы мы разглядаем без удзелу дзяржаўнага абвінавачвальніка – у паскораным парадку, ёсць новы від рагляду спраў – завочны, калі не трэба прысутнічаць на ім абвінавачваемаму. Гэтыя новаўвядзенні з’явіліся не так даўно.

А вось што датычыцца перыяду разгляду спраў, то для кожнага злачынства ён розны: калі следства праводзіць справу паскорана, то яны расследуюцца 15 дзён, далей на працягу 20 дзён разглядаюцца ў судзе. Завочныя разглядаюцца адразу пры паступленні ў суд у трохдзённы тэрмін. А ўвогуле на разгляд крымінальнай справы адводзіцца два месяцы.

– Вы досыць працяглы час узначальвалі суд нашага раёна. Хто прайшоў судовую школу і зараз годна выконвае юрыдычную практыку?

– У міліцыю ад нас пайшлі Вераніка Цішэвіч – цяперашні кіраўнік кадравай службы РАУС; Наташа Шапарэвіч працуе ў ДАІ, звязана з адміністрацыйнай практыкай. Кожная даслужылася да маёра міліцыі. Аддзел прымусовага выканання ўзначальвае Марына Жылевіч. Ірына Якутовіч прайшла ўсе прыступкі ў судзе і вырасла па кар’ернай лесвіцы да суддзі.

– Якія рысы характару больш уласцівыя Вашай прафесіі?

– Напэўна, цярпенне, вытрымка, веданне закону і яго прымяненне.

– Што Вам прыносіць штодзённая работа?

– З гадамі толькі ўпэўніўся: прафесія суддзі – мая любімая работа: гэта справа мне па душы. Заўсёды з настроем іду на працу. Падабаецца мець зносіны з людзьмі, эмацыянальнае задавальненне атрымліваю, калі выношу рашэнне і на яго паступае мала скаргаў.

– Што б пажадалі калегам у прафесійнае свята?

– Жадаю, каб штодзённая работа стала прызваннем і прыносіла толькі задавальненне, ніколі не падводзіла б здароўе, быў мір на зямлі, і радасць панавала ў кожным доме.

Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ