24 студзеня ў раённым цэнтры культуры было па-асабліваму ціха і ўтульна: тут прайшла паэтычная сустрэча-ўспамін «Мовай сэрца», прысвечаная памяці нашай славутай зямлячкі, майстра беларускага слова — Валянціны Францаўны Гіруць-Русакевіч.
Гэта не было афіцыйнае мерапрыемства. Гэта была споведзь, размова родных душ, дзе кожнае слова рэхам адгукалася ў сэрцах прысутных.

Галоўнымі арганізатарамі і ўдзельнікамі сустрэчы сталі «рунеўцы» — сябры народнага калектыву літаратурна-мастацкага майстэрства, якім Валянціна Францаўна кіравала доўгія гады. Яна была не проста кіраўніком, а хутчэй сяброўкай, настаўніцай, маці. Калегі па пяру выходзілі на сцэну з асаблівым хваляваннем. У іх выказваннях гучалі не толькі вершы самой паэткі, але і ўласныя творы, напісаныя з болем страты і адначасова з вялікай удзячнасцю да Валянціны Францаўны.

Паэтка Марыя Шакун нагадала, як Валянціна Францаўна ўмела адным словам падбадзёрыць пачаткоўца, як тонка яна адчувала людзей, і як тактоўна давала парады. Лідзія Гардынец распавяла пра яе нязгасную энергію і ўменне бачыць прыгажосць у звычайным лістку ці кроплі дажджу. Словы Тамары Бярэзінай, унучкі славутага паэта-земляка Пятра Біталя, былі адрасаваны Валянціне Францаўне, як захавальніцы памяці іншых творцаў. Яна не толькі пісала сваё, яна жыла лёсамі сваіх папярэднікаў.
На сцэне адзін аднаго змянялі сябры па пяру: Марыя Мучынская, Ірына Гаўрыс, Галіна Гражынская. У іх выступленнях адчувалася нешта большае за простае чытанне вершаў. Гэта былі гісторыі пра чалавека, які жыў па законах дабрыні. Гэта была клятвы на вернасць таму шляху, які яны прайшлі разам.

Адным з самых кранальных момантаў стала выступленне дзяцей. Калі юныя жыхары Валожына пачалі чытаць вершы Валянціны Францаўны, зала замерла. Гэта не было проста дэкламаванне — гэта было поўнае растварэнне ў паэзіі. Пасыл «Нашы пачуцці словамі паэткі» адчуваўся ў кожным позірку, у кожным дрыготкім дзіцячым голасе.


Навучэнцы сярэдняй школы №1 Валожына: Малевіч Ілля, Лукашанец Аліна, Лебядзевіч Анастасія, Гісіч Эвеліна, Юркевіч Арыяна і навучэнцы Валожынскай гімназіі Лапцева Ксенія і Трапашка Мілана чыталі пра маці, пра родныя мясціны, пра белых буслоў і сінія васількі так шчыра, нібы гэтыя радкі нараджаліся ў іх душах. Было відавочна: паэзія Гіруць-Русакевіч не мае ўзросту, яна зразумелая і блізкая нават тым, хто нарадзіўся ўжо пасля выхаду яе знакамітых зборнікаў. У юначых вуснах яе слова гучала як запавет берагчы сваё, роднае, беларускае.


Асаблівую атмасферу, душэўнасць прынесла выступленне нявесткі паэткі Вікторыі. Гэта стала сімвалам таго, што памяць пра Валянціну Францаўну жыве не толькі ў кнігах, але і ў самым святым — у сям’і. Вікторыя падзялілася вельмі асабістымі, цёплымі момантамі, малюючы вобраз паэткі як пяшчотнай маці і мудрай жанчыны, якая ўмела стварыць вакол сябе свет любові. Яе выступленне стала жывым пацверджаннем таго, што сапраўдная паэзія пачынаецца з роднай хаты.
Калі ў зале загучалі аўдыязапісы, дзе Валянціна Францаўна сама чытае свае вершы, здалося, што яна тут, сярод нас. Гэтая непаўторная інтанацыя, глыбокая душэўнасць і пяшчотная беларуская мова напоўнілі прастору нейкай магічнай сілай. А песні на яе словы прымусілі сэрцы біцца ў адзіным рытме.
Людзі разыходзіліся з сустрэчы з пачуццём святла. Так, яе няма з намі, але яна пакінула нам ключ да разумення свету і самога сябе. Гэты ключ — яе «мова сэрца».
Як пісала сама Валянціна Францаўна:
Усё зразумела, так мне здаецца,
Калі размаўляем на мове сэрца —
Яно баліць, кахае, плача і смяецца…
Звяртаюся да вас на мове сэрца.
Гэты зварот быў пачуты. Мова сэрца Валянціны Францаўны — мова любові да Радзімы, вернасці караням і нязгаснай дабрыні — цяпер стала нашым агульным запаветам. Валожынская зямля заўсёды будзе памятаць сваю Паэтку, а яе жывое слова будзе вечна красаваць маладой рунню ў душах новых пакаленняў.







