Незвычайны, але такі важны і значны для ўсіх, напоўнены дзіцячай любоўю і павагай, юбілей адзначыў род Скадорваў з вёскі Алешчаняты. 100 гадоў споўнілася бацькоўскай хаце Віктара Скадорвы і Яніны Шчабляцовай (дзявочае прозвішча – Скадорва).
Сёння брат і сястра напаўняюць новымі важнымі сэнсамі гэта месца, захоўваюць гісторыю сям’і і сваім прыкладам паказваюць, як трэба ставіцца да малой радзімы. Мы пабывалі на юбілеі і пазнаёміліся з гэтымі людзьмі.
На ўваходзе ў двор нас гасцінна сустракаюць гаспадары і расказваюць гісторыю пабудовы:
– Дом, пра які пойдзе гаворка, пабудаваны ў 1922 годзе нашым прадзедам Юзафам Скадорва. Тут нарадзіўся і наш бацька Генрык. Калі стаў дарослым, ажаніўся і застаўся жыць са сваёй сям’ёй тут. Тое аблічча, якое мае дом зараз, зрабіў наш бацька. Ён унёс самы вялікі ўклад у рэканструкцыю. Быў зроблены капітальны рамонт: ашалявана хата, абабіта ўнутры сухой тынкоўкай, саламяная страха заменена на шыферную. На сённяшні дзень аўтэнтычнасць хаты захавалася на ўзроўні 70-х гадоў. Як бацька зрабіў, так і падтрымліваем. Пасля яго смерці мы з Яняй гаспадары ў роўнай долі. Але ў інтэр’еры ўсё засталося так, як было ў гады жыцця бацькоў. Мы нічога не мянялі. Для нас – гэта памяць, таму стараемся і даглядаем дом і пабудовы, садзім агарод, палім лазню, якую будаваў наш тата. Перарабілі некаторыя памяшканні пад свае запыты. Напрыклад, хлеў пачысцілі і ўладкавалі. Зараз гэта майстэрня, у якой сабралі ўсе патрэбныя прылады. Хаця жывём у Мінску, але часта прыяз джаем у бацькоўскі куток. Тут жывуць наша памяць пра клопат і ласку бабулі Ганны, успаміны пра бацьку і маці, пра нашы дзяцінства і юнацтва. Сюды прыязджаюць нашы дзеці з унукамі. У Яніны – сын Іван і дачка Ганна, у мяне – дачка Кацярына. Маленькія Алёнка, Эвялінка і Эліянка – шостае пакаленне роду. Яны напаўняюць новым жыццём гэта месца. Для нас вялікая радасць бачыць, што нам удалося захаваць дом і перадаць яго сваім нашчадкам.
– Ідэя адсвяткаваць 100 гадоў узнікла сама сабой, – працягвае Яніна Шчабляцова. – У першую чаргу нам хацелася зламаць традыцыю, калі ўсе сваякі збіраюцца па сумных момантах жыцця, і стварыць сапраўднае свята. Нагадаць, як добра збірацца ўсім у сардэчнай кампаніі, як у старыя добрыя часы. Разам спяваць і танцаваць, весці душэўныя размовы і дзяліцца добрымі навінамі. Так было раней, так рабілі нашы прадзеды і дзяды, так будзем рабіць і мы. Вядома, часы мяняюцца. Людзі аддаюць перавагу жыццю ў гарадах. Але нікому нельга забываць пра тое месца, у якім ты нарадзіўся і зрабіў першыя крокі. Месца, якое напоўніла цябе бацькоўскай любоўю і дало сілу. Месца, у якім кожны кавалачак прасякнуты ўспамінамі з дзяцінства і сапраўднымі жывымі пачуццямі. Мы павінны быць прадаўжальнікамі сямейных традыцый, перадаваць іх з пакалення ў пакаленне і захоўваць сваю спадчыну. Таму запрасілі на наша свята і сваякоў, і суседзяў, і знаёмых. Сярод іх самы старэйшы жыхар вёскі Алешчаняты – Любоў Сцяпанаўна Высоцкая, ёй 85 гадоў. Калісьці мае бацькі сябравалі з ёй, зараз сяброўства працягваем і мы. Добра, што на нашу задумку адгукнуліся многія, і рады, што яна ўдалася.
У пацвярджэнне слоў Яніны, гуляючы па падворку, заўважылі сямейныя фотаздымкі. На адным з іх захаваны момант, дзе аданавяскоўцы сабраліся, каб павесяліцца. На другім – каб пабудаваць мост праз рэчку, на іншых – важныя моманты ў жыцці. Напрыклад, першае наведванне школы аднаго з братоў. Галоўнае, што кожны здымак перадае атмасферу таго часу, гісторыю і традыцыі. У дзень юбілею калекцыю старажытных фота папоўнілі і сучасныя, на якіх удзячныя нашчадкі ў памяць прабацькоў, бабуль і дзядуляў працягваюць іх справу і шануюць родны дом.
Гаспадары старанна прадумалі праграму юбілею і правялі вялікую работу па падрыхтоўцы. Віктар Скадорваў сабраў звесткі аб продках для стварэння генеалагічнага дрэва і зрабіў яго да знамянальнай падзеі. Былі знойдзены і сабраны фотаздымкі. Самы стары з іх – фота прапрадзеда – зроблены ў фотамайстэрні, якая працавала ў Забрэзскім сельсавеце. Тады гэта была тэрыторыя Польшчы. Таксама Віктар падрыхтаваў аповед пра род Скадорваў, арганізаваў экскурсію па хаце і сядзібе.
Тэрыторыю прысядзібнага ўчастка добраўпарадкавалі і творча аформілі. Тут можна было папіць гарбаты ў “Карчме Яніны”, зазірнуць у майстэрню “У Вінцуся” і пакатацца на арэлях.
Пачалося свята з асвячэння і благаславення радавога гнязда Скадорваў. Каталіцкі святар ксёндз Іосіф з Вішнеўскага касцёла прачытаў малітву і пажадаў, каб дом сапраўды быў крэпасцю, аазісам шчасця, а вакол усёй сям’і была добрая Божая атмасфера.
Прадоўжыўся юбілей выступленнем артыстаў цыганскага шоу “Алюр”, якія прыехалі па запрашэнні Яніны Шчабляцовай. І на падворку, як у старыя добрыя часы, гучалі песні, людзі танцавалі, і паўсюдна разносіўся вясёлы дзіцячы смех, а месца і дом, так дарагія для ўсіх, напаўняліся радасцю і шчасцем.
Наталля НЯМКЕВІЧ
Фота Алёны ЧАКУР