Гаспадаркі раёна прыступілі да масавага жніва збожжавых культур.
У няпростых умовах сёлета праходзіць уборачная кампанія: уключыцца ў работу на поўную моц аграрыям не дазваляе пераменлівае надвор’е. Назіраецца вялікая вільготнасць збожжа, таму тэхніку даводзіцца выводзіць у поле апоўдзень. Да таго ж разам з каласавымі паспеў рапс, і камбайнеры адначасова вядуць уборку дзвюх культур.
Але адзін, як кажуць, у полі не воін: уборка хлеба – справа ўсенародная. На падтрымку вяскоўцам прыйшлі прадпрыемствы і арганізацыі раёна – дапамагаюць не толькі людзьмі, але і тэхнікай. Таксама чатыры адзінкі тэхнікі разам з работнікамі накіравалі шэфы – Савецкі раён горада Мінска. У прыватнасці, па адным пагрузчыку і МАЗу працуюць у “Агра-Дубінскім” і ў “Пяршаях-2014”.
У сельгаспрадпрыемстве “Валожынскае” да ўборкі самыя вялікія ў раёне плошчы – амаль чатыры тысячы гектараў. На 1172 гектарах размясціўся азімы рапс.
Як расказаў намеснік дырэктара па раслінаводстве Валерый Ялуга, азімы ячмень ужо ўбралі. Цяпер перайшлі на палеткі з трыцікале і пшаніцай.
– Нягледзячы на тое, што ўбіраем пакуль на падгарэлых і больш лёгкіх глебах, збіраем на круг звыш 40 цэнтнераў, – патлумачыў Валерый Паўлавіч. – Адначасова вядзём уборку азімага рапсу, які дае пакуль па 27,6 цэнтнера з гектара. Там, дзе пасеяны гібрыды, чакаем большай ураджайнасці – спадзяёмся на 32 цэнтнеры. 600 гектараў гэтай культуры “заклеілі”, бо вільготнасць вялікая: правялі такі аграпрыём, каб галоўкі трымаліся і не растрэскваліся. Можна сказаць, што для сёлетняга неспрыяльнага года ўраджай рапсу ўвогуле “супер”.
Што тычыцца зерневай групы, то віды на ўраджай ніжэйшыя за мінулагоднія. Напрыклад, летась мы намалацілі 18 тысяч тон збожжа. Гледзячы ж на палеткі ў гэтым годзе, па папярэдніх падліках, не дабяром каля 4 тысяч тон. Да таго ж трэба здаць на дзяржзаказ 1600 тон пшаніцы. Недахоп плануем перакрыць кукурузай: 2,5 тысячы гектараў прызначаны менавіта на зерне. Дарэчы, сёлета кукуруза лепшая, чым летась.
Пакуль нагрузка на адзін камбайн высокая: разам з рапсам складае 550 гектараў. Вось як з рапсам разбяромся, стане лягчэй: на адзін камбайн прыйдзецца па 300 гектараў.
Усяго ў нас на жніве задзейнічаны 9 камбайнавых экіпажаў: усе – з мясцовых работнікаў. Хлебаробы забяспечаны ўсім неабходным – і спецадзеннем, і харчаваннем, кожны ведае, колькі намалаціў за дзень. Што можна сказаць: стараюцца хлопцы, душой хварэюць за даручаную справу. Выраслі на зямлі, таму ведаюць цану кожнаму каласку.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА