Яна чуе галасы продкаў. Яе стыхія – фальклор, а сфера інтарэсаў – аўтэнтычнасць. Яна не проста вывучае культуру, яна дыхае ёй. Ведае, як гучаць старажытныя беларускія песні, адчувае кожную нітачку тканін, да якіх дакраналіся рукі прабабуль. Для яе рэканструкцыя касцюма – гэта дыялог праз час, дзе важна кожная дэталь вышыўкі. Менавіта такія людзі ўпісваюць неацэнныя старонкі ў код беларускай жанчыны.
Гераіня нашага нарыса – навуковы супрацоўнік філіяла Валожынскага краязнаўчага музея «Валожынская ешыва», гісторык, педагог і даследчык беларускай этнаграфіі (лепш беларускай традыцыі альбо фальклору) Юлія Анацкая. Нягледзячы на адносна невялікі тэрмін працы ў музеі, яна ўжо актыўна ўдзельнічае ў маштабных праектах, накіраваных на папулярызацыю нацыянальнай спадчыны, пра якія будзе размова пазней, калі настане час.
Юлія Мікалаеўна належыць да той рэдкай катэгорыі спецыялістаў, якія спасцігаюць культуру не дыстанцыйна, а праз тактыльнае ўспрыманне: рэканструкцыю танца, вывучэнне фактуры рэдкіх тканін, аднаўленне старажытных элементаў касцюма. Яе дзейнасць уносіць неацэнны ўклад у захаванне культурнага кода беларускай жанчыны. Юлія пераканана: фальклор – гэта «жывая сутнасць», якая цячэ ў нашых жылах, запісаная на ланцужках ДНК нашымі продкамі. Яна марыць пра доўгатэрміновае супрацоўніцтва з кожным, каму дарагія гісторыя і культура краіны.

Асаблівая навукова-даследчая цікавасць Юліі Мікалаеўны зараз – рэканструкцыя традыцыйнага Валожынскага строю адзення. Гістарычна Валожын знаходзіўся на скрыжаванні гандлёвых шляхоў з Вільняй, якая была ў нейкі перыяд гісторыі культурным цэнтрам. Магчыма таму ў элементах мужчынскага і жаночага гарнітура ёсць дэталі і элементы больш заходняга стылю. Акрамя таго, наяўнасць яўрэйскай абшчыны, звязанай з дзейнасцю ешывы, таксама аказвала ўплыў на побыт і рамёствы. Мясцовыя майстры пераймалі адзін у аднаго элементы крою. На фатаграфіях вобраз Юліі здаецца выйшаў са старажытных здымкаў. І гэта не проста стылізацыя: тут кожны элемент яе ўбрання адноўлены ўласнымі рукамі не для таго, каб пыліцца ў шафе, а каб жыць, рухацца і ўпрыгожваць гэты свет.

У сваёй працы па рэканструкцыі традыцыйнага валожынскага строю Юлія Мікалаеўна абапіраецца на ўнікальную крыніцу – серыю фатаграфій Бенедыкта Тышкевіча, піянера пастановачнай мастацкай фатаграфіі. Яго дэкарацыяй былі не сцены ў атэлье, а прыродны ландшафт, а галоўныя фотамадэлі – сяляне. Дзякуючы яго здымкам, якія захоўваюцца ў музеях Вільні і ў прыватных калекцыях, удалося аднавіць воблік сялян Валожыншчыны. Даследчыца адзначае праблему страты ўзораў: так, напрыклад, унікальныя валожынскія фартухі з арнаментам, нанесеным праз клішэ, да нашых дзён практычна не захаваліся. Адна справа – разглядаць малюнак ці фотаздымак, і зусім іншая – паспрабаваць ажывіць яго. А калі знаходзяцца сапраўдныя старажытныя тканіны, дык гэта проста цуд.

– Усе элементы касцюма, прадстаўленага на фота, адноўлены мной уручную, – расказвае Юлія. – Тканіны знойдзены ў экспедыцыях, у «бабуліных куфрах». Фатаграфіі Тышкевіча дазваляюць убачыць не проста малюнак, а аб’ёмны вобраз, асабліва калі ў рукі трапляюць аўтэнтычныя матэрыялы. У рэканструкцыі абапіраюся на гістарычныя дэталі: нацельную кашулю з вышыўкай, шарсцяную спадніцу, галаўныя ўборы («каптуры» з вушкамі, характэрныя для заходняга рэгіёну), а таксама фібулы, пацеркі і паясы.

Маюць месца ў жыцці Юліі Мікалаеўны фальклорны рух і пераемнасць. Захапленне этнаграфіяй прыйшло дзякуючы знаёмству з гісторыкам Васілём Грынем. Апусканне ў тэму танца пачалося з выпадковага наведвання традыцыйнай танцавальнай вечарыны, дзе яна адчула жывую сувязь з мінулым. Каля двух гадоў таму Юлія далучылася да танцавальнага калектыву «Гуда», які займаецца вывучэннем і аднаўленнем старажытных песень без скажэнняў і традыцыйных танцаў з іх аўтэнтычнымі рухамі. Гледзячы на тое, як танцуюць гэтыя жанчыны і мужчыны, здаецца, што з-пад кожнага абцаса выбіваюць такт не проста рытмы, а сам пульс беларускага народа.

Яшчэ сваімі натхняльнікамі Юлія Мікалаеўна называе майстрыху традыцыйнага касцюма, жыхарку Валожынскага раёна Юлію Літвінаву, а таксама фалькларыста і этнографа Сяргея Выскварку – кіраўніка Любанскага раённага цэнтра культуры, якога яна лічыць сваім настаўнікам.
У сучасным турбулентным свеце, на думку Юліі Анацкай, фальклор становіцца якарам, які вяртае пачуццё стабільнасці і сувязі з роднай зямлёй. Вывучэнне танца, спеваў або рамёстваў абуджае радавую памяць і матывуе да захавання ідэнтычнасці. Праца такіх спецыялістаў, як Юлія, даказвае: фальклор – гэта не музейны экспанат, а «жывая тканіна», якая працягвае пульсаваць у такт сэрцу народа. Душа, якая шукае, абавязкова захоча захаваць сябе на роднай зямлі і любіць яе яшчэ больш.
Біяграфічная даведка і вытокі
Юлія Анацкая нарадзілася ў вёсцы Подберазь Валожынскага раёна. Атрымаўшы педагагічную адукацыю ў Мінску, працавала выкладчыцай гісторыі і нямецкай мовы ў Гародзькаўскай сярэдняй школе, а таксама асвоіла дадаткова эканамічную спецыяльнасць. Творчая траекторыя Юліі Мікалаеўны шмат у чым вызначана сямейнай гісторыяй. Яе дзед, Валянцін Антонавіч Гаўрыс, быў віртуозным баяністам і гастраляваў па ўсёй краіне. Маці, Ядвіга Валянцінаўна Анацкая, выкладчыца хіміі і біялогіі, займалася арганізацыяй тэатральных пастаноў і культурных мерапрыемстваў, праявіўшы сябе як выдатны творчы арганізатар у Падбярэзскай сярэдняй школе, дзе адпрацавала больш за сорак гадоў. Муж – мастак і саратнік у пачынаннях. Сын, працягваючы дынастыю, захапляецца музыкай, піша кампазіцыі і асвойвае гукарэжысуру, нярэдка дапамагаючы маці ў яе фальклорных пошуках.
Іна ДАЛІДОВІЧ





