Интервью

Пачні з сябе – і свет памяняецца!

Нядаўна ў РЦК упершыню прайшоў конкурс “Міс Аграпрам-2023”, на якім выбіралі лепшую прыгажуню сельскагаспадарчай галіны раёна. Ганаровы тытул дастаўся галоўнаму аграному райаграпрамтэхнікі Сабіне САЛАВЕЙ. На Валожыншчыне яна чалавек новы – прыехала да нас на работу напачатку гэтага года, а дагэтуль 10 гадоў адпрацавала ў сельскай гаспадарцы Гродзенскай вобласці. Пра ўдзел у конкурсе, працоўны шлях і новы віток у жыцці мы з ёй і пагутарылі.

– Сабіна Мікалаеўна, пачнём з галоўнага: Вашы першыя ўражанні ад прызнання і перамогі ў конкурсе?

– Прыемна, што заўважылі і высока ацанілі. Думаю, кожны, хто збіраецца паказаць сябе, разлічвае на вынік.

– Раскажыце, калі ласка, як рыхтаваліся да конкурсу? Разумею, ёсць пэўныя ўмовы, але наколькі сур’ёзна да ўсяго падыходзілі?

– Вельмі сур’ёзна, бо я ў Мінскай вобласці і ў Валожынскім раёне чалавек новы. На Гродзеншчыне мяне ведаюць усе: працавала ў галіне сельскай гаспадаркі – пры аблвыканкаме займалася размеркаваннем элітнага насення, мела цесныя зносіны з кожным сельгаспрадпрыемствам. Калі называлі маё прозвішча, разумелі, пра каго ідзе размова. А сюды прыехала – не ведае ніхто. Таму хацелася сябе неяк паказаць.

– Як лічыце, што трэба было паказаць менавіта ў гэтым конкурсе?

– На мой погляд, самае галоўнае – любоў да Радзімы і свой патрыятызм. У цяперашні час гэта на першым месцы. Бо моладзь у нас сёння, вельмі шкада, але часам глядзіць зусім у іншы бок, не думаючы пра тое, што крыецца менавіта ў глыбіні вось гэтай еўрапейскай палітыкі. Таму хацелася паказаць сябе як чалавека, які любіць сваю Беларусь, падтрымлівае свайго Прэзідэнта. Усё, што робіцца ў нашай краіне, мне падабаецца: у любым выпадку я заўсёды падстаўлю плячо роднай зямлі.

– Вы цэніце тое, што маеце?

– Усё цаню, абсалютна – нават тое дрэннае, што адбывалася. Гэта маё жыццё, мой вопыт, яго нельга ў мяне адабраць – яно застанецца са мной назаўсёды. Таму ёсць сягоння такая я.

– Як лічыце, дзе гэта закладваецца, прывіваецца? Вы – маладая дзяўчына, тым не менш ужо адбыліся ў многіх іпастасях.

– Усё пачынаецца з сям’і. Калі дома існуе негатыўны настрой, адпаведна, што ён адлюстроўваецца на дзецях. У мяне дома пануе дабрабыт, супакаенне. Матуля заўсёды казала: “Адносся да людзей так, як хочаш, каб адносіліся да цябе”. Вось гэту ўзаемную павагу хацелася б аддаваць і прымаць. Пакуль атрымліваецца, хаця бывае па-рознаму.

– А як адчуваеце сябе з такой цвёрдай жыццёвай пазіцыяй сярод сваіх аднагодкаў? Не сакрэт, у маладзёжным асяроддзі крыху іншыя ўстаноўкі, прыярытэты, погляды, дзе кожны выбірае для сябе, і трэба паважаць яго выбар.

– Не пагаджуся, што кожны выбар трэба паважаць. Вунь да чаго давяла славутая еўрапейская ювенальная юстыцыя ў адносінах да дзяцей – асабіста ў мяне яна выклікае азлабленне. Але лічу, што трэба адстойваць свой пункт гледжання: калі ты ўпэўнены, што твая пазіцыя на 100 працэнтаў правільная, варта яе абараняць да канца. Іншы раз, нават досыць часта, мне ўдавалася пераканаць чалавека, прыводзячы розныя довады, што ўсё-такі мы жывём у цудоўнай краіне. Усё залежыць ад нас: пачынай з сябе – і свет памяняецца.

– А як гэта магчыма зрабіць: дзе знайсці, убачыць тую залатую сярэдзіну, каб мець сваё перакананне і ведаць, што я на правільным шляху?

– Штодзённая работа над сабой. Вядома, ёсць нейкія пабочныя меркаванні, але трэба заставацца пры сваёй пазіцыі – не здраджваць самому сабе. Калі здраджваць сабе – ужо нічога не дапаможа: ніхто цябе не выцягне і ніхто не выратуе.

– Зразумела, але як выпрацаваць сваю пазіцыю, не паддацца нейкаму наплыву?

– Напэўна, гэта ўжо характар. Па першай адукацыі я аграном – больш мужчынская прафесія: работа з механізатарамі, цяжкай тэхнікай, якая патрабуе ўвагі і вялікай адказнасці, бо за табой стаіць калектыў. А ты прыйшла з універсітэта, яшчэ дзяўчына, і што рабіць з мужчынамі – не ведаеш. Аднак спрабуеш імі кіраваць – і яны пачынаюць цябе паважаць. Далей – болей. Калі працавала ў райвыканкаме – за табой увогуле цэлы раён стаіць, усе паказчыкі, менавіта ў раслінагадоўлі. Вось кожны такі крок і выпрацоўвае характар.

– Раскажыце, калі ласка, пра сябе?

– Нарадзілася ў Ашмянскім раёне, вучылася ў школе, чатыры гады займалася ў мастацкай школе па класе выяўленчага мастацтва. Дакладна, кім хацелася б стаць, не задумвалася: нейкі вецер гуляў у галаве, мне было ўсё роўна. Зараз здзіўляюся: малайцы некаторыя школьнікі, якія зараней вызначаюць свой будучы шлях. У мяне маці і бацька – аграномы, і матуля кажа: “Ідзі на агранома – галоднай, дачушка, не застанешся”. Так і зрабіла. Вучоба давалася лёгка, бо расла ў асяроддзі сельскагаспадарчых работнікаў: часта матуля на работу брала, раней можна было так – на камбайне пакатацца.

– Разумелі, што прафесія звязана з зямлёй?

– Сваіх бацькоў практычна не бачыла дома: добра, калі яны прыходзілі, пакуль яшчэ не засну. Пасля ўніверсітэта толькі два гады адпрацавала аграхімікам у сельгаспрадпрыемстве. Хацелася больш, але неяк да нас прыехаў старшыня Ашмянскага райвыканкама Юрый Уладзіміравіч Адамчык – цудоўны чалавек і вельмі таленавіты кіраўнік, у нас з ім узнікла спрэчка. І вось праз два месяцы ён мне паведамляе: “Ідзеш аграномам ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі райвыканкама”. Так здзівілася: мне толькі 24 гады, а тут ужо дзяржслужба. Прыйшла на прыём, ён кажа: “А не баішся?” Жартую: “Што, у гаспадарку назад не возьмуць?” Ён пасмяяўся і сказаў: “Справішся”. Адрабіла восем гадоў. Пасля давялося па сямейных абставінах пераехаць у Гродна, але асабістае жыццё не склалася, ізноў вярнулася дадому і вырашыла памяняць усё: сабрала рэчы і паехала ў Мінскую вобласць.

– Як знайшлі нас?

– Мне пашанцавала. Прыехала на прыём да Віктара Іванавіча Леоніка. Мы пагутарылі, расставілі прыярытэты і зараз працую галоўным аграномам райаграпрамтэхнікі.

– Дагэтуль бывалі на Міншчыне?

– Ніколі. Для мяне ўсё новае – тут трошачкі па-іншаму, чым у Гродзенскай вобласці.

– Давайце спынімся больш падрабязна: вельмі цікава было б даведацца пра адрозненне. Мы ж, карэнныя жыхары, гэтага не бачым. А што іншае, у чым асаблівасць, розніца?

– Ёсць станоўчыя моманты, ёсць – адмоўныя. На маю думку, крыху не хапае парадку. Там – заходняя Беларусь, тут – цэнтральная, таму, напэўна, і іншы менталітэт. Людзі больш спакойныя, усё больш павольна. Хаця, як кажуць, на роднай зямлі і дыхаецца лягчэй, таму і здаецца, што там лепш, а тут нешта не так.

– Чым займаецеся ў штодзённай працы?

– У мяне ў падпарадкаванні мех-атрад, а гэта тэхніка і механізатары. Да нас у кіраванне перайшоў ільнокамбінат – падтрымліваем, чым можам. На самай справе, работы многа. Пачаўся гарачы сезон: на працоўным месцы з 7 раніцы да 8 вечара.

– Чаго чакаеце ад пераезду і такіх кардынальных змен у сваім жыцці?

– У мяне мэты стаяць даволі дакладныя, для чаго прыкладала шмат намаганняў. Атрымала другую вышэйшую адукацыю: эканоміка вытворчасці ў аграпрамысловым комплексе. У 2022 годзе скончыла Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Усё-такі аграном-эканаміст – гэта ўжо задаткі кіраўніка. Думаю, што сельскагаспадарчае прадпрыемства мне было б вельмі па душы. Не ў бліжэйшы час, але ў бачнай будучыні.

– Правільна зразумела: Вы гатовы ўзначаліць гаспадарку?

– Практычна ўжо так. Яшчэ, канешне, хацелася б крышачку набрацца вопыту – вось і ад нашага дырэктара Віктара Дзмітрыевіча Кізеева. З кім не працавала, ад кожнага кіраўніка брала нешта станоўчае і карыснае: трэба вучыцца кожны дзень, каб быў прагрэс.

– Разумееце, што гэта яшчэ больш праблем, клопатаў, турбот, яшчэ менш вольнага часу?

– Кажыце, што праблемная галіна. Лічу, калі патэнцыял чалавека ўвогуле можа выканаць любую задачу, чаму гэта не можа зрабіць іншы? Значыць, чалавечы арганізм, чалавечы розум разлічаны на пэўныя магчымасці. Бясспрэчна, у любога ёсць рамкі, але часам за іх трэба выходзіць. Таму што мы, людзі, у прынцыпе, фізіялагічна аднолькавыя, толькі хтосьці давучыўся, а хтосьці не давучыўся. І ад усяго варта браць па максімуме. Калі адзін бярэ – значыць, можа і другі, і трэці, і пяты. Проста трэба стымуляваць людзей, каб яны хацелі працаваць, ісці на работу з задавальненнем.

– Як мяркуеце, ёсць перспектывы развіцця сельгасвытворчасці?

– На маіх вачах столькі прыкладаў, калі самая бедная гаспадарка падымалася за год-два: прыходзіў кіраўнік, які граматна, па-гаспадарску вёў за сабой. Для гэтага няшмат трэба – захаваць тэхналогію і мець жаданне працаваць з душой. У нас у краіне нічога іншага няма: ну, азот, калій, “БелАЗ”, а асноўнае багацце – людзі. Мы жывём за кошт сельскай гаспадаркі, кормім сябе і цяпер ужо, дзякуй Богу, частку Расійскай Федэрацыі – сваім братам дапамагаем. Сябруем не на словах, а на справе. Дзякуючы якасці, брэнд беларускай прадукцыі ведаюць у многіх краінах. Але яго трэба далей працягваць – рабіць усё, каб можна было годна прадставіць сябе ва ўсім свеце. Наша Беларусь – квітнеючая краіна! Зараз такі росквіт пайшоў – здаецца, прама на вачах як бутон раскрываецца. Яшчэ трошачкі – і мы будзем на сусветным глобусе, як кветка, што расцвіла.

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА