Сельское хозяйство

Размова адна: хутчэй бы выйсці ў поле

Веснавая сяўба не за гарамі. Дзе-нідзе на мехмайстэрнях можна яшчэ пачуць гул газаэлектразварачных апаратаў і бой малатка: механізатары наводзяць апошнія штрыхі на сваіх сталёвых машынах, каб пасля актыўна ўключыцца ў палявы канвеер.

Сельгаспрадпрыемствы раёна гатовы да масавага выхаду тэхнікі на палеткі

У гэтыя дні гаспадаркі займаюцца ўнясеннем мінеральных угнаенняў, закрыццём вільгаці, падкормкай азотам азімых зерневых культур, шматгадовых траў і пашы. Калійныя тукі ўнесены на плошчы больш за 6 тысяч гектараў.

Леанід МОЙСА з “Сівіцы” – адзін з самых вопытных і адказных механізатараў гаспадаркі. Ён з вялікай любоўю ставіцца да даручанай справы, роднай зямлі, замацаванай тэхнікі і ўжо даўно гатовы да новага сельскагаспадарчага сезона

Нядаўна мы пабывалі ў творчай камандзіроўцы ў “Суднікаўскім” і “Сівіцы”. Як расказаў дырэктар ААТ “Суднікаўскі” Аляксандр Касінскі, на веснавой сяўбе будуць задзейнічаны больш за 14 адзінак тэхнікі.
– Усе энерганасычаныя трактары, прычапныя агрэгаты рамантавалі ўласнымі сіламі, – патлумачыў Аляксандр Іванавіч. – Асноўныя работы праводзілі самі механізатары, якія і будуць працаваць на іх. Таксама былі задзейнічаны 4 слесары. Задзел пад будучы ўраджай робім кожны дзень – ужо больш чым на 800 гектарах унеслі калійныя ўгнаенні. Падрыхтавалі сталовую, дзе будуць гатавацца абеды. На гэтым тыдні правядзём сход: раскажам пра ўмовы аплаты працы, асаблівую ўвагу звернем на захаванне тэхнікі бяспекі. З упэўненасцю магу сказаць, што настрой ва ўсіх харошы: размова адна – хутчэй бы выйсці ў поле.

Натхнёныя на плённую работу і працаўнікі “Сівіцы”. Малады кіраўнік Аляксандр Сямёнаў падтрымлівае бадзёры настрой механізатараў. Клопатаў шмат. Безумоўна ж, чагосьці не стае, іншага не хапае, аднак кожны на сваім рабочым месцы разумее: трэба максімальна пастарацца і зрабіць усё магчымае, што залежыць менавіта ад яго, каб не падвесці калектыў. Ды і зямля чакаць не будзе: пасееш у час – будзеш з ураджаем.

(На фота Трактарыст Уладзімір ШКЕЛЬ і газаэлектразваршчык Арцём ГУРЫНАЎ з “Суднікаўскага” прыклалі нямала намаганняў і старання, каб тэхніка ў гарачую пару не падвяла)

Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА