Сельское хозяйство

За высокімі вынікамі стаіць адданасць прафесіі

На мінулым тыдні ў горадзе Узда падвялі вынікі штогадовага абласнога спаборніцтва за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці аграпрамысловага комплексу Мінскай вобласці і ўзнагародзілі пераможцаў. Сярод перадавікоў – 9 прадстаўнікоў Валожыншчыны.

Вітаючы перадавікоў вытворчасці, губернатар Міншчыны Аляксандр Турчын падвёў папярэднія вынікі года і назваў галоўныя дасягненні сельскай гаспадаркі Міншчыны за 2022 год:
– У нас атрымалася магія лічбаў: 2 мільёны тон зерня і 2 мільёны тон малака. Але гэтыя лічбы маюць пад сабой эканамічныя разлікі і абгрунтаванасць. Мы разумеем, колькі нам патрэбна зерня, каб забяспечыць галіну жывёлагадоўлі. І мы разумеем, колькі нам неабходна малака, каб забяспечыць эфектыўную загрузку перапрацоўчых магутнасцей вобласці.

Другі значны вынік – эканамічная эфектыўнасць. Мы істотна скарацілі колькасць стратных прадпрыемстваў. Для мяне гэта самы галоўны прыярытэт. Трэцяе наша дасягненне – рост экспарту, у тым ліку ў Расійскую Федэрацыю. І апошні мой візіт у Ленінградскую вобласць гаворыць пра тое, што ў нас ёсць значныя перспектывы, куды рухацца ў гэтым кірунку.

Таксама для мяне важна рашэнне Прэзідэнта і ўрада аб будаўніцтве ў вобласці вялікай колькасці малочнатаварных ферм, якія, безумоўна, у сярэднетэрміновым і кароткатэрміновым перыядзе дадуць свой значны эфект. Гэта дазволіць працаваць тэхналагічна, атрымліваць не толькі высокія надоі, але і прыбытак ад вытворчасці малака. І тады мы зможам гаварыць пра эфектыўна працуючую і ў цэлым пра сельскую гаспадарку, і пра любое сельгаспрадпрыемства ў асобнасці. Таму што для большасці гаспадарак аснова іх эканомікі – малочная жывёлагадоўля.

Аляксандр Генрыхавіч падкрэсліў, што ўсяго гэтага немагчыма зрабіць без людзей працы. Якая б не была ферма, якое б сучаснае абсталяванне там не паставілі, калі не будзе чалавека, які зможа на ім працаваць, – усё застанецца бескарысным хламам. Таму самая галоўная задача – забяспечыць дастойны ўзровень заработнай платы, дастойныя ўмовы працы з выхаднымі днямі і камфортам на рабочым месцы.

Нашы аграрнікі дасягнулі працоўных перамог па некалькіх пазіцыях

У намінацыі “Вытворчасць цукровых буракоў” ганаровае трэцяе месца заняло сельгаспрадпрыемства “Агра-Дубінское” – дырэктар Генадзь Каспяровіч. Вытворчасць салодкіх караняплодаў склала 30072 тоны. Выхад прадукцыі з 1 бала-гектара – 1224 кілаграмы. Дзяржзаказ выкананы на 100,3 працэнта: прададзена дзяржаве 30009 тон цукровых буракоў.

У намінацыі “Вытворчасць і рэалізацыя жывёлы” Валожынскаму раёну прысуджана другое прызавое месца. Выгадавана жывёлы за 9 месяцаў бягучага года 15,4 тысячы тон. Рэалізавана – 14,3 тысячы тон. Рэалізацыя жывёлы на 100 бала-гектараў сельскагаспадарчых зямель склала 687 кілаграмаў.

Сярод галоўных спецыялістаў зоаветэрынарнай службы, якія забяспечылі высокія паказчыкі прадукцыйнасці жывёлы і тэмпу росту вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі да ўзроўню года, – галоўны ветэрынарны ўрач сельгасупраўлення “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” Уладзімір Талер. У гаспадарцы не дапушчана інфекцыйных захворванняў жывёлы, выкананы план правядзення вакцынацыі, тэхналагічныя страты жывёлы не перавышаюць дапушчальнай нормы.

Сярод загадчыкаў малочнатаварных ферм, якія забяспечылі высокія паказчыкі прадукцыйнасці жывёлы і тэмпу росту вытворчасці малака да ўзроўню года, – начальнік вытворчага ўчастка ў жывёлагадоўлі сельгасупраўлення “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” Павел Грэмза. Валавы надой малака за 9 месяцаў 2022 года склаў 4008 тон (107,6 працэнта). Ад адной каровы ў сярэднім атрымана 5885 кілаграмаў малака (+305 кілаграмаў). Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы склалі 924 грамы (+101 грам).

Сярод аператараў па штучным асемяненні жывёлы, якія забяспечылі паказчыкі па найбольшым выхадзе цялят ад кароў і цялушак і эфектыўнасці асемянення жывёлы, – аператар штучнага асемянення жывёлы сельгаспрадпрыемства “Пяршаі-2014” Юрый Равяка. Абслугоўваемае пагалоўе кароў і цялушак – 704 галавы (102,9 працэнта). Атрымана цялят на 100 кароў і цялушак 93 галавы. Эфектыўнасць асемянення жывёлы – 81 працэнт.

Сярод аператараў машыннага даення кароў, якія забяспечылі найвышэйшы сярэдні надой малака ад каровы, – аператар машыннага даення сельгаспрадпрыемства “Пяршаі-2014” малочнатаварнага комплексу “Пяршаі” Святлана Швяцова. Абслугоўваемае пагалоўе кароў – 162 галавы. Выраблена малака 823 тоны (100,6 працэнта). Сярэдні надой ад адной каровы склаў 5236 кілаграмаў (+13 кілаграмаў).

Сярод звёнаў аператараў машыннага даення кароў, якія забяспечылі найвышэйшы сярэдні надой малака ад каровы, – аператары машыннага даення кароў сельгаспрадпрыемства “Пяршаі-2014” малочнатаварнага комплексу “Манькаўшчына” Таццяна Корсак і Вольга Сакалоўская. Абслугоўваемае пагалоўе – 160 галоў. Валавы надой малака склаў 1867 тон (105,7 працэнта). На адну карову ў сярэднім надоена 5916 кілаграмаў малака (+162 кілаграмы).

Сярод аператараў жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы, якія забяспечылі найвышэйшыя сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы пры забеспячэнні высокай захаванасці маладняку, – жывёлавод сельгаспрадпрыемства “Пяршаі-2014” малочнатаварнага комплексу “Пяршаі” Пётр Сухой. На абслугоўванні знаходзяцца 343 галавы маладняку БРЖ да 6 месяцаў. Валавыя прывагі склалі 78 тон, сярэднясутачныя прывагі – 829 грамаў (+200 грамаў). Захаванасць маладняку – 100 працэнтаў.

Алена ЗАЛЕСКАЯ