Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
10.07.2012. Спякотна. Высока ў небе варона, як муха…
07.06.2011. Горача на вуліцы. Горача на працы. Ці то ад спёкі, ці проста гэта супала са спёкай, але ўчора і сёння да мяне была чарга гарачых аўтараў. Прымаў без абеду. І яшчэ раз пачуў ад супрацоўнікаў выдавецтва, што ў мяне жалезныя нервы на гарачых аўтараў…
16.08.2012. На месцы філфакаўскага інтэрната ўжо амаль год, як вядуцца падрыхтоўчыя работы да будаўніцтва новага будынка. Ссечаны дрэвы, што раслі побач, і выкарчаваны іх пні, а ў ямінах з вадой, якая не перасыхала і ў спякотныя дні, расце асака…
09.08.2014. Дзякуючы Пятровічам, з Людай з’ездзілі ў Пугачы. За тры тыдні, што не быў у вёсцы, травой сяліба не зарасла і грады не засохлі… У хаце цёпла, як было пры маме… Кветкі каля хаты, пасаджаныя мамай, усё цвітуць і цвітуць, нібыта вечныя…
Не ўсе яблыкі, апаўшы на зямлю, схаваліся ў траве. Над імі восы, як залатыя анёлы… Каля плота сумуе крапіва. Толькі адна яна, калі гаспадароў няма дома, абараняе і абараняецца… На павуцінцы вісіць вішнёвы лісток, як маятнік гадзінніка, які спыніўся…
Спалохаў жабу ў траве і сам спалохаўся…
Агуркі на градзе вялікія і пажаўцелыя, як напоўненыя спёкай і сонцам… На плоце гаршчок, як шалом Дон Кіхота, які тут без нас начаваў…
Суседзяў на вуліцы не бачна, нібыта ўсе пайшлі на фронт (на жніво)…
Каларадскі жук паўзе па ганку, нібыта цяпер ён тут гаспадар…
Рвём цыбулю. Яна не супраціўляецца. А маркоўка і буракі яшчэ добра трымаюцца за родную зямлю…
На комін села незнаёмая птушка, нібыта на цэнтр зямлі…
Шкельца ў траве, як ільдзінка, што не растала з зімы, калі памерлі мама і тата…
Заехалі на Ракаўскія могілкі. Дзякуй Богу, новых магіл няма… У метрах дзесяці ад бацькавых магіл у траве каменны помнік шаснаццацігадоваму хлопцу, які памёр у сакавіку 1908 года. Далей таксама старыя пахаванні, але яны зараслі травой і асіннікам…
Жытняе поле. Буслы, як брыгадзіры з закладзенымі за спіну рукамі, ходзяць за камбайнамі…
Прыехалі дамоў, як з неба спусціліся…
10.08.2015. Каторы дзень у галаве круцяцца радкі:
Лета пачалося. Не танцуй!
І яно аднойчы адвіруе.
Ад самоты сонца нас ратуе,
Ад спякоты сам сябе ратуй!
11.08.2015. Спякота. На Свіслачы чайкі, як воблака, якому добра на вадзе, а не ў небе…
17.08.2015. Сёння пахаладала. І ўсе, як пару дзён таму адзін аднаму скардзіліся, што спякотна, скардзімся, што пахаладала… Нам не дагодзіш…
26.06.2016. Спякота. З Людмілай вярнуліся з праспекта Пераможцаў і з сеціва даведаліся, што на 87-м годзе жыцця памёр Расціслаў Янкоўскі. Некалькі гадзін таму мы праходзілі міма дома, дзе жыў артыст. Я нават некалькі разоў паглядзеў на ягоны балкон, які быў адчынены, і хацеў сказаць Людміле, што там жыве Янкоўскі. Не сказаў. Так атрымалася, што мой першы фэйсбучны запіс быў з назвай “Янкоўскія і Ракіцкі” і ён быў датаваны 20 мая 2009 года: “Сёння раніцай памёр акцёр Алег Янкоўскі. Мне адразу ж згадаўся ягоны старэйшы брат Расціслаў, які жыве ў доме, дзе размешчана крама “Алеся”. Некалькі гадоў назад я з мастаком Кастусём Ракіцкім хадзіў да Расціслава Іванавіча – рыхтавалі пра яго кнігу.
Амаль тры гадзіны прапоўзалі па падлозе, выбіраючы фотаздымкі для выдання. Расціслаў Іванавіч рыхтаваўся да складанай аперацыі. Казаў, што дыягназ вельмі кепскі. Аднак, відаць, аперацыя прайшла паспяхова, бо ён і сёння жывы. На жаль, некалькі месяцаў таму памёр Кастусь Ракіцкі. Памёр нечакана для мяне і тых, хто яго бачыў за два дні да смерці на выдавецкіх калідорах. Ён ужо ў нас два гады як не працаваў і прыйшоў да нас, нібыта развітацца…”
Ідучы па праспекце Пераможцаў, з Людмілай схадзілі ў Музей Вялікай Айчыннай вайны. Застаўся задаволены тым, што ўбачыў. Побач з намі было некалькі замежнікаў, якія вельмі доўга разглядалі экспазіцыю партызанскага побыту. Потым мы зайшлі паабедаць у кафэ “На прывале”, што тут жа пры музеі. Усё нядорага, і прынеслі хутка. Праўда, было б цікавей есці, калі б меню было з назвамі страў: “Бульба, тоўчаная гранатай”, “Апошняя партызанская буханка”, “Гарбата, сабраная партызанкай Ганулькай”, “Макароны па-партызанску”, “Сала і каўбасы, смажаныя на штыках”, “Булён, звараны ў касцы”. Дамоў вярнуліся, як з партызанскага лесу, стомленыя, але задаволеныя спякотным днём, у якім у нас усё было добра.
04.08.2018. Учора была вясна. А сёння ўжо рукой падаць да восені. Цяпер спякотныя дні. Мне ў іх бывае ўтульна. На Мухлі пад ліпамі. Іду і думаю, што я ў панскім фальварку. І не чую, як гудуць непадалёку машыны. Праз зялёныя шаты не бачу высотных дамоў. Толькі праз кроны прасвечваецца неба. Яно далёкае і блізкае. Можна залезці на ліпу і дастаць рукой аблокі. Не палезу, бо баюся, што сам не злезу.
Але ў думках я на самым высокім дрэве. Гляджу ў бок Пугачоў і бачу родную хату. І бачу бацькоў і вяскоўцаў. І чую іх галасы. Яны бачаць мяне і кажуць, каб злазіў на зямлю, бо звалюся. А я адказваю, што не палячу ў неба, а звалюся на зямлю. Бацька гэтак жа мне адказваў на маё хваляванне за яго, калі лазіў чысціць комін. А комін у нашай печы ўжо даўно ніхто не чысціў. І ці памятае комін, чым пах дым з печы. Блінамі. Капустай варанай. Бульбай. Смажаным салам з яйкамі. І маімі спаленымі вершамі, якія мне не падабаліся…
Учора была вясна. А сёння ўжо рукой падаць да восені. Але я нікуды не спяшаюся. Мне добра ў гэтых днях. Мне добра, бо я памятаю добрае.
15.08.2018. Дні заўважна пакарацелі. Праўда, я не бачыў іх доўгімі. Дні былі дажджлівымі. Былі спякотнымі. Былі сумнымі. А доўгіх для мяне не было. Дні прыходзілі і сыходзілі. Як марскія прылівы і адлівы. І перада мною ўжо ляжыць жоўтая лістота, як пясок…
15.06.2019. У замкавым комплексе “Мір” адбыўся фестываль “Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку”. Ад “Мастацкай літаратуры” ўдзельнічалі Алесь Бадак і я, а таксама нашы дзяўчаты – Ірына Анатольеўна і Святлана Леанідаўна, якія прадавалі кнігі. Праз спякоту наш калектыў вёз Уладзімір Арнольдавіч.
Палі зялёныя. Месцамі трава скошаная. Берагі азярын і рэчак без рыбакоў. На балацінах бачылі буслоў і чапляў. Шукаюць спажыву.
Праязджалі паўз блакітнае поле – зацвіў лён. Я гадоў дзесяць не бачыў жывога лёну.
У Мір прыехалі а дзясятай. Зайшлі ў Мірскі замак мірна. Ужо многія выдаўцы на сталах параскладалі сваю прадукцыю. Размясціліся каля сцяны, якая нас некалькі гадзін ахоўвала ад сонца.
На фестывалі свае выданні прэзентавалі дзяржаўныя і прыватныя выдавецтвы, а таксама аўтары кніг, сярод якіх – Людміла Рублеўская, Анатоль Бутэвіч, Сяргей Чыгрын, Віктар Хурсік.
У канферэнц-зале прайшоў круглы стол з удзелам прадстаўнікоў навуковых колаў, работнікаў бібліятэк, грамадскасці на тэму “Гістарычная кніга ў сучасным грамадстве”. Можна было паглядзець выставы кніжных экслібрысаў, Статута ВКЛ, старадаўніх кніг з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Кожныя хвілін дваццаць на тэрыторыю замка заходзілі замежныя турысты – расіяне, палякі, кітайцы. Кнігі іх не цікавілі. Толькі адна кітаянка, падышоўшы да нашых сталоў, зрабіла некалькі здымкаў кніг і нас.
Праз тэрыторыю замка прайшло вяселле. Маладыя ішлі паперадзе ўсіх, і нявеста несла вялікі букет васількоў. Ён быў такі блакітны, што, глядзячы на яго, мне на нейкі момант стала холадна.
Хацеў узысці на сцяну замка. Не пусцілі. Трэба набыць квіток. Каштуе сем рублёў.
Кніжкі набываліся, але не так, як хацелася.
Над замкам лётаў дрон, як жалезны велізарны чмель.
Гуляючы каля замка з Бадаком, сустрэлі дэпутата Ігара Марзалюка. Павіталіся, і тут жа ў мой адрас прагучала: “Рад бачыць класіка! Я Вашы ўсе кніжкі маю! Вы мой любімы паэт!”
Былі да канца фестывалю. Загарэў, як камбайнер. Вяртаўся дадому задаволены. У вачах – людзі і кніжкі, у вушах – беларуская мова, у душы – надзея на добрую перспектыву…
16.06.2019. Доўгачаканы дождж. Стаю на балконе і слухаю. І думаю пра Пугачы, пра грады. Спадзяюся, што і ў вёсцы быў дождж. Тэлефанаваў Міхась Казлоўскі. У Маладзечне таксама дождж. Згадалі ўчарашні кніжны фестываль у Міры. Нягледзячы на спякоту, у замку было добра. А сярод добрых кніг, у якіх наша беларуская гісторыя, іначай і не магло быць.
18.06.2019. Нягледзячы на спякоту, пісьменнікі не сядзяць дома. Зранку прыходзіў празаік. Немалады. Пакінуў раман пра каханне: “Глядзіце, каб ніхто не ўкраў! У мяне болей няма паперы, каб раздрукаваць!”
18.06.2021. Раніцай стаяў на прыпынку на Нямізе насупраць дома, дзе жыў пісьменнік Леанід Маракоў. І ўспамінаў яго і нашых сяброў, якіх таксама ўжо няма ў гэтым свеце. У паветры лётаў тапаліны пух. І, гледзячы на яго, я падумаў, што гэта пух анёлаў, якія перад спёкай сталі ліняць…
08.07.2021. З Шаркаўшчыны тэлефанаваў Віктар Праўдзін. Ён не толькі празаік, але і пчаляр. Напрыканцы размовы Віктар задаў пытанне: “Што адбываецца з пчоламі ў спякоту?” Я сказаў, што ў пчол ад сонца з’яўляецца дадатковая энергія, і яны пачынаюць спрытней збіраць мёд. Ды не! У спякоту ў пчол, якія лётаюць далёка (часам аж пяць кіламетраў ад вулля), мёд пад сонцам пачынае брадзіць, і пчолы п’янеюць. П’яных пчол пчаліныя вартаўнікі не пускаюць у вулей, пакуль тыя не працверазеюць.
13.07.2021. Спякотна! +33. Месцамі па Беларусі +36. А дажджу няма і няма. На працы з цяжкасцю, але працуем.
15.07.2021. Спякота не сыходзіць. Было +32. Сёння закончылі падрыхтоўку да друку “Полымя” і “Нёмана”. Заўтра, думаю, завяршым працу і над “Маладосцю”. У сеціве з’явілася інфармацыя пра свята паэзіі ў Ракуцёшчыне, якое адбудзецца 24 ліпеня, якраз у дзень, калі ў мяне з Людмілай будзе 34 гады сумеснага жыцця.
17.07.2021. Субота. Зноў спякота. +32. Нікуды не хочацца ісці, нікуды ехаць. Чакаю дажджу, як выхаднога ад спякоты…
24.07.2021. Наша з Людмілай 34-годдзе сямейнага жыцця адзначылі ў Ракуцёўшчыне на свяце паэзіі, прысвечаным Максіму Багдановічу. У гэтым годзе свята з-за гарачыні пачалося не з ранку, а толькі а чацвёртай гадзіне, калі спякота ўжо траціла сваю сілу. Людзей сабралася даволі шмат. Хто прыехаў разам з намі аўтобусам ад Музея Багдановіча, хто электрычкай, хто машынай, а хто і пяшком з суседніх вёсак. А пісьменніца Таццяна Дземідовіч прыехала на свята да Максіма Багдановіча аж з Брэста.
Гучалі песні і паэзія. Імпрэзу вяла Алеся Сівохіна. Былі размовы з сябрамі і нашымі чытачамі. Як заўсёды, Міхась Казлоўскі быў са сваёй Тамарай і кампаніяй маладзечанскіх мастакоў і супрацоўнікаў бібліятэк.
Некаторыя выступоўцы са сцэны хораша гаварылі пра Максіма Багдановіча і сваю любоў да Беларусі, а потым, ходячы сярод сваіх жа слухачоў, разважалі пра жыццё-быццё не на мове, на якой толькі што чыталі свае вершы.
У неба глядзець не было часу, таму не ведаю, ці лёталі ў час свята над Ракуцёўшчынай буслы, як гэта было ў мінулыя гады.
З Людмілай з’елі вялікую піцу і выпілі паўлітра вады. Сядзелі каля хаты, дзе два летнія месяцы 1911 года пражыў Максім Багдановіч. У цяньку пад дрэвамі было не горай, чым у рэстаране.
Захаваўся здымак, дзе Людміла стаіць з Адамам Мальдзісам і Пятром Бітэлем.
На сядзібе музея поўна спелых вішань. Ёсць і яблыкі. Хто хацеў, мог паласавацца. Пчаляры прадавалі мёд. Праўда, каля іх было болей пчол, чым пакупнікоў. Навокал сядзібы Багдановіча падраслі дрэвы. І, як мухамор, непадалёку з’явілася нечае лецішча.
Вярнуліся ў горад а восьмай. Ідучы па беразе Свіслачы, згадалі, як гадоў дваццаць таму, вярнуўшыся з Ракуцёўшчыны, плавалі з сябрамі на катамаранах па рэчцы і спявалі песні.
27.07.2021. Спякота. Дождж прайшоў, як Бог прайшоў…