Авторская колонка Виктора ШНИПА

Вербная. Вялікдзень

Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае

23.02.2010. Праз пару дзён Вялікдзень. Вярнуўшыся са школы, з мамай іду за Юстынаву гару капаць хрэн. На былым іржышчы, вызваленыя з-пад снегу, сохнуць мышыныя гнёзды і хады. У небе над намі трапеча жаўрук, рассыпаючы сваю радасную песню на ажываючую пасля марознай зімы зямлю. Прахадзіўшы па полі больш за гадзіну і знайшоўшы толькі некалькі карэньчыкаў хрэну, вяртаюся з мамай дамоў. Праз пару дзён Вялікдзень…

28.04.2011. На Вялікдзень з Людмілай пайшлі ў раён старой Грушаўкі, які непадалёк, дзе мы жывём. Няспешна разглядалі драўляныя, зрэдку цагляныя даваенныя дамы пад велізарнымі дрэвамі. Прыпыняліся каля калонак з вадой, каля платоў, за якімі цвілі сады і чулася музыка. На ўваходзе ў вялікі сквер, разаслаўшы на траве газеты, сядзелі дзве маладыя жанчыны і святкавалі Вялікдзень. Далей, узлезшы з нагамі на лаўкі, частаваліся маладзёны. Сям-там дзяўгалі сабакі, зрэдку праязджалі старыя аўтамабілі, і нам уяўлялася, што мы трапілі ў сямідзясятыя гады мінулага стагоддзя…

29.02.2012. “Ці скора Вялікдзень?” – пытаецца бацька. “Яшчэ трэба пачакаць…” – адказваю. “Падгаворым Кукабаку! У яго ёсць гармонік. І пойдзем у валачобнікі. Спачатку ў Еленку!” – працягвае бацька. “Колькі ж гадоў твайму Кукабаку?” – цікаўлюся. “Ды ён даўно памёр…” – чую ў адказ. “А як ён мёртвы пойдзе?” – пытаюся. “Калі добра падгаворым, дык і ён пойдзе!” – усміхаецца бацька і пачынае распавядаць, якім добрым гарманістам быў Кукабака…

08.04.2012. Сёння католікі святкуюць Вялікдзень, праваслаўныя – Вербную, а каля дыспетчарскай станцыі “Лермантава” жэсаўскія рабочыя з самага ранку назграбалі кучы смецця і бруднага пяску. Згадалася, што мама не прымушала нас, дзяцей і бацьку, наогул нешта рабіць нават у звычайную нядзелю, калі можна было тое зрабіць у будныя дні…

08.04.2012. Прынёс бацьку некалькі галінак вярбы і пачуў: “Праз тыдзень Вялікдзень…”

14.04.2012. Мама на Вялікдзень заўсёды пякла шмат булак і амаль усе яны былі вялікія. Вялікія, як сонца. І цяпер для мяне сонца ў небе, як вялікая велікодная булка ад мамы…

15.04.2012. Бацька быў першым, з кім я сёння адзначыў Вялікдзень. Дамоў вяртаўся, праслухаўшы святочную песню ў выкананні бацькі…

15.04.2012. Першы Вялікдзень без мамы сумны і светлы. І здаецца, што мама недзе блізка, нават побач, але яна не паказваецца і назірае, як мы далей без яе ў гэтым свеце жывём…

* * *
Ты ведаеш,
Што Хрыстос прызямліўся ў Гародні,
І цяпер на Беларусі Бог жыве,
І наша беларуская песня
Пра Бацькаўшчыну
Вечная,
Як дрэва вечнасці,
Як сівая легенда,
Дзе жылі і жывуць
Нашы продкі,
І будзем жыць мы,
Бо ў нас ёсць
Бацькаўшчына
І ёсць у нас нашы святыя
І нашы спрадвечныя святы.

15.04.2012. Устаючы з-за велікоднага стала, бацька кажа: “Мама была добрая…” І я за бацькам паўтараю, як малітву: “Мама была добрая…”

02.11.2012. Ездзіў у Ракаў да бацькі. Асабліва нічога новага ў яго не чуваць, калі не лічыць, што з ложка зваліўся. Развітваючыся, бацька запытаўся: “Ці хутка Вялікдзень?”

05.05.2013. Вялікдзень. Пчолы з вярбы сабралі золата…

22.05.2013. У роднай хаце раптам захацелася паклікаць маму і бацьку. Паклікаў. Ніхто не адгукнуўся і ніколі ўжо не адгукнецца…
На куце каля іконы заўважыў засохлыя вербныя галінкі. Відаць, іх там яшчэ мама прымацавала…

06.06.2013. Маю просьбу напісаць успаміны пра нашы родныя мясціны і нашых прадзедаў, якія паходзяць са шляхетнага роду Федаровічаў, Леанід Станіслававіч Жыткевіч (нарадзіўся 13 верасня 1946 года) выканаў. І я з прыемнасцю ягоны запіс набраў на камп’ютары:

“Большасць маіх вяскоўцаў да рэлігіі адносіліся з павагай, хаця былі і такія, якія маглі брыдка лаяцца, успамінаючы пры гэтым нашага творцу. У асноўным насельніцтва Навасёлак і навакольных вёсак было праваслаўным, аднак і каталікоў было не менш за трэць. А ў Татарскіх больш за 90% насельніцтва было каталіцкай веры. У мінулым здараліся дробныя канфлікты паміж дзвюма канфесіямі, асабліва ў 1919 годзе, калі памяшканне касцёла вярнулі каталікам. Аднак ужо многа гадоў назіраецца мірнае суіснаванне дзвюх галін хрысціянства. Многія праваслаўныя парадніліся з каталікамі. Напрыклад, мае дзве цёткі Ніна і Васіліна выйшлі замуж за каталікоў, жыхароў вёскі Татарскія, а дзядзька Валодзя ажаніўся на каталічцы.

Вялікдзень у маім жыцці быў і застаецца самым галоўным і ўрачыстым святам. У гады майго дзяцінства існаваў звычай, калі дзеці хадзілі да суседзяў у жачкі. Пры гэтым замест звычайнага прывітання казалі: “Хрыстос уваскрэс”. Пасля чаго дзецям давалася велікоднае яйка. І вось такіх яек можна было назбіраць больш за дзясятак. Падросшы, я з падлеткамі ў велікодны вечар хадзіў у валачобнікі, спяваючы песні пад вокнамі суседзяў. Перад гуртамі дарослых валачобнікаў амаль у кожнай хаце гасцінна адчыняліся дзверы і іх, як дарагіх гасцей, запрашалі за святочны стол. Такая традыцыя існавала да 80-90-х гадоў. Прыемна ўспомніць, як у вячэрнім прыцемку адначасова ў розных дварах вёскі на розныя лады гучалі велікодныя песні…”

05.11.2013. Прачнуўся а трэцяй ночы. Самі па сабе з душы прараслі радкі, прысвечаныя бацькам:
Без вас сумуюць Пугачы,
І вы ўсё бачыце з нябёс.
Пра вас нам памяць берагчы,
Як беражэ ўсіх нас Хрыстос…

13.04.2014. Вербная. Сонца няма і няма таго светлага настрою, якога хочацца. Успамінаю бацькоў. А пра маму нават чатыры радкі прыдумаліся:
Маміна неба цяпер нада мной.
Больш чужых зорак няма ні адной
Там, дзе цяпер мая мама жыве.
Мама са мной, як малітва ў царкве…

20.04.2014. Вялікдзень. Успамінаецца, як мама да свята пякла булкі ў печы. Яны былі вялікія-вялікія і смачныя-смачныя. Такіх булак, як у мамы, я ніколі не еў ні тады, ні цяпер. Фарбавалася дзясяткаў пяць (а то і болей) яек, каб усім хапіла, хто прыйдзе ў жачкі. Да свята бацькам у дзеда былі накопчаны каўбасы, паляндвіцы і сала. Для валачобнікаў заўсёды была гарэлка, а таксама падрыхтавана велізарная бочка квасу з бярозавага соку. Словам, з бацькамі Вялікдзень быў сапраўдным Вялікаднем…

20.04.2014. Па тэлефоне павіншаваў з Вялікаднем сваякоў, якія жывуць у вёсках. І так захацелася да іх, што хоць ты кінь усё і зараз едзь. Але не кіну і не паеду, бо іх, дзякуй Богу, шмат, таму некага наведаць, а некага не, будзе для іх у гэты дзень як нейкая ацэнка іх блізкасці. Абавязкова трэба будзе аб’ехаць іх усіх у гэтым годзе, пакуль яны яшчэ жывыя.

20.04.2014. У кватэру праз расчынены балкон заляцела пчала. Пагудзела над нашым велікодным сталом і паляцела назад на вуліцу. Згадаліся бацькі…
Сум мой светлы, як першыя веснія кветкі каля бацькоўскіх магіл…

05.04.2015. Вербная нядзеля. Сяджу дома, як на вярбе…

07.04.2015. Не кожнае яйка сустрэне Вялікдзень…

11.04.2015. На прыканцы нашай вуліцы Волаха нядаўна збудавалі царкву. Сёння туды з Людмілай хадзілі свянцаць велікодныя булкі і яйкі. Людзей было шмат. Запомніўся малады доўгавалосы худы бацюшка, які хадзіў сюды-туды, чытаў малітвы і свянцаў усё, што прынеслі да храма людзі, а таксама ахоўнік, які стаяў каля царкоўнай брамы, як кардонны…

12.04.2015. Вялікдзень. Успамінаюцца толькі бацькі і як з імі было добра…

24.04.2016. Вербная. У царкву не атрымалася схадзіць. Людміла прыйшла з горада са свянцанымі вярбінкамі і пабіла мяне імі. Мама мяне ў дзяцінстве сцябала не толькі ў Вербную нядзелю. Вялікі ёй дзякуй – вырас не самым апошнім абібокам…

30.04.2016. Праз двор прайшла маладая сямейная пара. У абоіх у руках кошыкі, накрытыя вышыванымі ручнікамі. Пайшлі ўбок царквы. Заўтра Вялікдзень. Гледзячы на маладых, згадаў бацькоў. Мама перад Вялікаднем пякла булкі, якіх нам потым хапала на цэлы тыдзень. Мы такіх пячы не ўмеем. Думаю: “Пайсці ў краму і купіць пару святочных булак ці пачакаць дачку, якая прыйдзе і паспрабуе сатварыць дзіва. Людміле сёння няма часу. Пайшла вучыць маладых літаратараў…” І сяджу я каля акна і чакаю Вераніку. І ведаю, што вось так бацькі ў вёсцы, гледзячы ў акно, чакалі нас, дзяцей, з горада. А мы не заўсёды прыязджалі на ўсё гатовае нават на Вялікдзень…

01.05.2016. Cёння нашаму Максіму Віктаравічу 23 гады! Усёй сям’ёй адзначылі Вялікдзень і сынаў дзень народзін. 18 траўня Максіма забіраюць у памежнікі. Спрабую ўзгадаць, чые сыны з нашых знаёмых служылі ў войску, і не магу. Словам, у нас набліжаецца новы этап жыцця…
04.05.2016. Прыходзіў зямляк Яўген Ігнатовіч. Хутка яму восемдзесят. На пяць хвілін распавёў пра Адама Мальдзіса і час, калі той працаваў у Радашковічах у раёнцы. Я слухаў і думаў, што спадар Яўген паўтарае тое, што я сам добра ведаю. І раптам ён пачаў развітвацца і, гаворачы: “Я прынёс жакі. Вялікдзень жа! Наша свята!”, даў мне два велікодныя яйкі…

09.04.2017. Вербная. Згадалася, як пяць гадоў таму я прынёс асвечаныя ў Храме галінкі бацьку. Ён заўсміхаўся і сказаў: “Праз тыдзень Вялікдзень!” Гэта была апошняя бацькава Вербная.

13.04.2017. На Мухлі зазелянела трава і лісце пачало распускацца. На азярыне плаваюць качкі і чайкі. Навокал пяюць нейкія птушкі і каркаюць вароны. Сабачнікі ходзяць з сабакамі. І здаецца, што ўсё так, як і было год таму, і дзесяць, і дваццаць. Ты сядзіш на лаўцы. На чаравіку развязаўся шнурок. “Як у Гагарына…” – усміхаешся ты. Учора быў Дзень касманаўтыкі. Ты не касманаўт. Ты чакаеш Вялікдзень. Сходзіш у царкву. Потым будзе святочны стол. Потым будзе балець галава. А можа і не будзе балець. І ты выйдзеш на вуліцу. Сусед скажа: “Хрыстос уваскрэс!”, і ты пажартуеш: “Мне паведамілі ўжо!” І пойдзеш на Мухлю да азярыны, каб глядзець на чаек і думаць пра мора. Пра беларускае мора. І ўсё будзе добра. Усё будзе добра!

15.04.2017. У храме Труны Гасподняй у Іерусаліме а 12.45 сышоў Жыватворны агонь, які чакалі паломнікі з усяго свету.

Я памятаю свой першы Вялікдзень. Мне было гадоў шэсць. Я тады гадаваўся ў Лягезах у бабулі Ганны. У той дзень у мяне якраз два малочныя верхнія зубы вырваліся, таму добра памятаю Свята. З самага ранку з сябрамі Сашкам і Людай мы пайшлі на хутар да Такушоў у жачкі. Нас там за святочны стол пасадзілі. Вяртаючыся дахаты каля Яршоўкі, Люда аддала мне свае панчохі, каб не замачыць у вадзе. Я іх паклаў у кішэні, што былі ў пінжаку. Спыніліся каля вярбы. На ёй было шмат коцікаў, і Люда захацела, каб мы з Сашкам іх наламалі ёй. Каб было хутчэй, я пачаў галінкі перагрызаць. Раз грызануў, другі і… два верхнія зубы амаль вылезлі са сваіх месцаў. Ад нечаканага болю я кінуў недаламаную галінку вярбы і пабег дадому. Следам пабегла Люда з крыкам: “Аддай панчохі!” Аддаў толькі дома, дзе нікога не было. Родныя былі ў гасцях у Барановых. Я прыбег туды са слязамі на вачах. “Што здарылася?” – наперабой усе пачалі пытацца. “Зубы…” – адказаў я і разінуўся. Дзядзька Ваня, не памятаю ўжо як, але вырваў тут жа мне іх і сказаў, каб нёс дахаты і паклаў пад падушку для мышкі, якая мне за гэтыя старыя зубы дасць новыя. Я так і зрабіў.

16.04.2017. Сябра патэлефанаваў з Віцебшчыны і паведаміў, што ў іх мяцеліца з самага ранку. Ці бывала такое раней на Вялікдзень? Бывала. Памятаю, як да мяне на Свята зайшоў мой сябра-аднакласнік Сашка Балотнік. Нам было па гадоў дваццаць. Мы выйшлі на вуліцу, каб пайсці ў госці да сяброў, і тут раптам наляцеў вецер і пасыпаўся снег, як восенню дробная лістота з дрэў…

16.04.2017. На Вялікдзень мама пякла ў печы вялікія булкі. І калі я браў з сабой у горад адну, то яе хапала на цэлы тыдзень. І чым даўжэй булка ляжала, тым рабілася смачнейшай.

17.04.2017. У кабінеце холадна. У калідоры холадна. На вуліцы холадна. Уваходзіш у царкву Пятра і Паўла і забываешся пра холад. Сёння другі дзень Вялікадня.

01.04.2018. “Праз тыдзень Вялікдзень!” – шэсць гадоў таму так на маё віншаванне з Вербніцай адказаў бацька, калі я прынёс яму галінкі вярбы, асвечаныя ў царкве. Усё было, як учора. І часам думаецца, што бацькі жывуць, а тое, што яны памерлі, проста сон, і мне трэба прачнуцца, каб зноў быць разам з імі…

(Працяг будзе)