26 красавіка 1986 года адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. У выніку ў атмасферу быў выкінуты практычна ўвесь спектр радыенуклідаў, якія назбіраліся ў рэактары да моманту выбуху. Радыеактыўнаму забруджванню падвергліся больш за 200 тысяч квадратных кіламетраў, з іх 70 працэнтаў – на тэрыторыі Украіны, Беларусі і Расіі. Наступствы трагедыі не толькі сацыяльна-эканамічныя, экалагічныя, але і духоўныя – адчуваюцца да гэтага часу. Рэха чарнобыльскай катастрофы будзе гучаць яшчэ не адно дзесяцігоддзе.
Чарнобыльская трагедыя – гэта той выпадак, калі катастрофа не наша, але стала нашай нацыянальнай экалагічнай бядой. На ліквідацыю наступстваў адправіліся тысячы людзей.
Ліквідатары аварыі на ЧАЭС – гэта не толькі тыя, хто працаваў у страшныя красавіцкія дні 1986-га непасрэдна ля рэактара. Некаторыя людзі ехалі туды добраахвотна – інакш паступіць не маглі: так былі выхаваны савецкай эпохай. Сярод іх – Святлана Марчык, якая больш за 30 гадоў працуе ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. У “зоне” ёй давялося прабыць месяц. Сёння Святлана Аляксандраўна дзеліцца сваімі ўспамінамі:
– Я працавала маладым урачом у нашай санстанцыі. І калі адбылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, інфармацыі было недастаткова. У чэрвені даведалася, што па Мінскай вобласці спецыялістаў майго профілю накіроўваюць у пацярпелыя раёны – Брагінскі, Нараўлянскі, Хойніцкі: дапамагаць у ліквідацыі аварыі па сваіх непасрэдных абавязках. Як у маладога чалавека, у мяне было шмат патрыятызму: сама пазваніла ў вобласць і сказала, што хачу добраахвотна паехаць у гэту зону.
Мяне накіравалі ў чэрвені 1986 года на два тыдні. Працавала ў Нараўлянскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі па сваёй спецыяльнасці. Мы ездзілі па Нараўлянскім раёне і выконвалі непасрэдныя службовыя абавязкі: сачылі за захаваннем санітарных патрабаванняў на харчовых аб’ектах, у магазінах. У Нараўлянскі раён перавезлі шмат людзей з 30-кіламетровай зоны: іх размясцілі ў часовым жыллі, арганізоўвалі часовыя пункты харчавання, правяралі, каб усё адпавядала нормам. У магазінах адбіралі прадукцыю для даследаванняў на радыёметрычныя паказчыкі, прывозілі іх у цэнтр і правяралі на прыборах. Таксама аб’язджалі малочнатаварныя фермы, бралі на даследаванне малако.
Ніякіх спецыяльных касцюмаў у нас не было. Замяралі гама-фон і некалькі разоў на дзень перадавалі даныя ў Нараўлянскі райвыканкам. Безумоўна, адзначалася перавышэнне радыяцыі ў некалькі разоў. Але па маладосці не баялася і не задумвалася над гэтым. Пра небяспеку радыеактыўнага ўздзеяння таксама мала гаварылі. Нават працуючы ў медыцыне, на той момант нам ніхто не казаў, каб прымалі якія-небудзь ёдаўтрымліваючыя прэпараты: хто хацеў, той прымаў. Не было ніякіх навуковых рэкамендацый, што неабходна рабіць у такіх выпадках. Побач са мной былі старэйшыя людзі: некаторыя баяліся штосьці есці – прывозілі з сабой тушонкі.
Калі вучылася ў інстытуце, праходзілі раздзел радыяцыйнай гігіены. Але адна справа – азнаямленне з тэмай, а зусім іншая – знаходзіцца ў эпіцэнтры падзей. Успамінаю: аварыя адбылася 26 красавіка – ніхто пра гэта не ведаў. 1 мая было цудоўнае надвор’е: мы хадзілі на дэманстрацыю, пасля паехалі на прыроду, загаралі. І толькі праз некалькі дзён афіцыйна аб’явілі пра выбух, папярэдзілі, што трэба захоўваць меры перасцярогі.
Калі прыехала дадому, прайшло зусім мала часу, і мяне зноў накіравалі туды, але ўжо па графіку, дасланым з абласнога ЦГіЭ. Давялося і ў ліпені адпрацаваць там два тыдні. У агульнай колькасці ў зоне адсялення прабыла месяц. У другі раз усведамленне небяспечнасці сітуацыі прыйшло, але, як кажуць: куды Радзіма пашле… Дзякуй Богу, паследкі радыяцыйнага ўздзеяння мяне абышлі бокам – ва ўсякім выпадку, на стан здароўя не паўплывалі.
Пасля вяртання адтуль ніякіх медыцынскіх абследаванняў не праходзіла. Толькі праз пяць гадоў быў выдадзены закон “Аб сацыяльнай абароне асоб, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай АЭС”. Згодна з артыкулам 19 я лічуся ліквідатарам паследкаў аварыі. Напачатку для нас былі досыць сур’ёзныя льготы: два дні дадатковага адпачынку, штогод прадугледжвалася санаторна-курортнае аздараўленне – можна было браць пуцёўкі ў любы санаторый бясплатна, былі зніжкі на камунальныя паслугі. Ліквідатары-чарнобыльцы былі пастаўлены на ўлік, павінны праходзіць медыцынскія агляды кожны год, дыспансерызацыю, здаваць аналізы. З цягам часу большасць ільгот скасавалася – цяпер маю права пазачаргова наведваць паліклініку, што таксама немалаважна.
На сёння ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі Святлана Марчык займаецца радыцыяйнай гігіенай.
Было жудасна ад самой абстаноўкі. Вельмі многа людзей – перасяленцы, камандзіраваныя спецыялісты розных службаў: пажарныя, будаўнікі, дарожнікі, повары. Бачылі, як лятаюць верталёты. Адчувалася напружанне, трывога, незразумеласць. Думалася, што такая абстаноўка ненадоўга – паследкі хутка выправяцца. Практыка ж паказала, што гэта немагчыма выкараніць – радыяцыя распаўсюджваецца ў незалежнасці ад чалавечых магчымасцей.
– Адразу пасля аварыі наш раён быў адным з найбольш забруджаных у Мінскай вобласці, – кажа Святлана Аляксандраўна. – У 90-я гады ў санстанцыі быў цэлы аддзел уведзены, працавалі лабараторыя, урач па радыяцыйнай гігіене – займаліся гэтай праблемай некалькі чалавек. Паступова колькасць населеных пунктаў, якія падлягалі кантролю, пасля правядзення неабходных даследаванняў пачала скарачацца – адпаведна зменшыўся і штат работнікаў. На сёння абстаноўка па радыяцыйнай гігіене ў раёне стабільная. З кожным годам змяншаецца і ўвага насельніцтва да гэтай праблемы. Калі раней людзі досыць многа прыносілі прадуктаў са свайго агарода, ягады, грыбы, сабраныя ў лесе, на даследаванне, якое праводзіцца абсалютна бясплатна, то цяпер колькасць проб істотна скарацілася. Садавіну і агародніну не даследуе амаль ніхто. У малацэ ад кароў, напрыклад, з Сівіцы ці іншых населеных пунктаў, якія былі забруджанымі, перавышэнняў не назіраецца працяглы час. Абстаноўка становіцца больш спрыяльнай. Але да прадукцыі, якую збіраем у лясных масівах, ці да мяса дзікай жывёлы, што адстрэльваюць паляўнічыя, трэба адносіцца больш сур’ёзна і абавязкова правяраць у лабараторыі для радыёметрычнага кантролю, бо перавышэнні ўсё-такі рэгіструюцца – распад цэзію ідзе 250 гадоў.
Алена ЗАЛЕСКАЯ