Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
15.03.2015. Учора ў Маскве на 78-м годзе жыцця за дзень да свайго дня народзінаў памёр расійскі пісьменнік Валянцін Распуцін. У 1986 годзе, калі я вучыўся ў Літінстытуце, мяне з ім пазнаёмілі празаікі-аднакурснікі. Гэта было ў Цэнтральным доме літаратараў, куды мы нярэдка хадзілі ў бар. Валянцін Рыгоравіч піў таматны сок і казаў нам: “Не забывайцеся пра вёску! Там вашы карані!..”
16.03.2015. Праз дзесяць дзён у мяне будзе непрыкметны юбілей, а ўжо сёння аўтар “Буквара” Анатоль Клышка патэлефанаваў і павіншаваў са святочнай датай. У свой час мы працавалі ў адным будынку – ён у “Полымі”, а я ў “ЛіМе”. Калі я сказаў, што яшчэ рана віншаваць, Анатоль Канстанцінавіч засмяяўся: “Затое запомніш, што я быў першым!” Пажартаваўшы, я паглядзеў у тэлефонны даведнік і даведаўся, што самому Анатолю Клышку 16 красавіка будзе 80…
У Камаях Пастаўскага раёна на 79-м годзе жыцця памёр паэт Аркадзь Нафрановіч. Узгадалася, як у 1997 годзе ён прывёз новыя вершы ў “ЛіМ”. Напачатку Аркадзь Іосіфавіч зайшоў да мяне, пагаварылі. Потым я адвёў яго ў аддзел паэзіі да Юрася Свіркі. Недзе праз паўгадзіны ў рэдакцыйным калідоры пачуўся тупат. Адчыняю дзверы і бачу, як да кабінета Свіркі збіраюцца супрацоўнікі штотыднёвіка, а з самога кабінета чуецца арыя з нейкай оперы. Што здарылася? Іду глядзець. І бачу: спявае Аркадзь Нафрановіч!
17.03.2015. Гляджу з выдавецкага акна. На вясновай Свіслачы чайкі, як скамечаныя аркушы паперы, якія выкінуў паэт, бо верш не атрымаўся…
18.03.2015. Год таму да мяне ў выдавецтва прыходзіў сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч з просьбай выдаць паэму “На шляхах волі”, якая яшчэ ніколі не выдавалася асобнай кніжкай. Уступнае слова напісаў Міхась Мушынскі. І якраз да 100-годдзя Еўрапейскай вайны паэма была надрукавана. Сёння ў Музеі Якуба Коласа адбылася прэзентацыя кнігі. Міхась Канстанцінавіч, нягледзячы на тое, што яшчэ цалкам не ачуняў ад прастуды, прыйшоў на прэзентацыю і хораша выступіў перад прысутнымі. Дарэчы, 31 студзеня Міхасю Канстанцінавічу споўнілася 89 гадоў…
19.03.2015. На мінулай кніжнай выставе да мяне падышла маладая мастачка Кацярына Дасько і папрасіла паглядзець яе курсавую работу – макет кніжкі пункціраў Алеся Разанава. З таго дня мінула больш за месяц. За гэты час у мяне на працы мастачка і Алесь Сцяпанавіч пазнаёміліся, і кніжка пункціраў з некалькіх дзясяткаў твораў вырасла да 900. Сёння зноў паэт і мастачка сустракаліся ў мяне. На працягу гадзіны абмяркоўвалі афармленне. Раіліся з нашым галоўным выдавецкім мастаком Надзеяй Барай. Гледзячы на ілюстрацыю (намалявана рука), Алесь Разанаў сказаў: “Пальцы павінны быць ідэальнымі!” Я дадаў: “Як класічны верш!” “Так!” – падтрымаў Алесь Сцяпанавіч. Зрэдку да малюнкаў Кацярыны я тут жа прыдумляў радкі. Разанаву найбольш спадабалася: “Гарбуз – гэта поўня, якая заўсёды з намі і якая залежыць ад нас, а не мы ад яе…”
20.03.2015. Раніца. Нядаўна развіднела. Іду на працу. Гарадскія чайкі на ўзбоччы вуліцы, як на беразе чорнай рэчкі…
Быў у бібліятэцы імя Янкі Купалы. Удзельнічаў у імпрэзе, прысвечанай Сусветнаму дню паэзіі. Вяртаючыся дахаты, думаў пра тое, што часта на падобныя імпрэзы згаджаюся з неахвотай, а потым, калі ўжо ўсё адбылося, хвалю сябе, што схадзіў і выступіў. Зноў згадаліся даўнія часы, калі пасля падобных паэтычных чытанняў мы, выступоўцы, не разбягаліся па кватэрах. Мы выходзілі на вуліцу, ішлі да Свіслачы і там на беразе, часам да раніцы, гаварылі пра літаратуру, чыталі вершы і марылі пра залатое стагоддзе для паэтаў, якое ўсё ж некалі павінна зноў пачацца. Стагоддзе пачалося, а тых, з кім я марыў пра яго, амаль ужо ўсіх няма ў гэтым свеце…
Было сонечнае зацьменне. Дзівіўся на яго праз дыскету. Сонца было, як залаты талер, ад якога адкусілі кавалачак…
21.03.2015. Сёння, у Сусветны дзень паэзіі, у чарнавіках знайшоў радкі-пажаданне:
Няхай вясна не пакідае сэрца
І кожны новы дзень, як новы крок
Да тых вяршынь, з якіх яшчэ пачнецца
Навейшы шлях вышэй усіх аблок
Праз неба, што Паэзіяй завецца,
Якая не змяшчаецца ў радок,
А вольнаю жыве і асвятляе
Зямлю Айчыны, дзе Любоў жыве,
Нібы пчала, што ранак пачынае,
Нам сонца абуджаючы ў траве…
23.03.2015. Пяць гадоў таму да майго юбілею наша выдавецкая мастачка Надзея Барай падарыла мне карціну. Я павесіў падарунак у кабінеце. Сёння карціна ўпала, і разбілася шкло. Намаляваныя ружы, вызваліўшыся з-пад шкла, ажылі, і ў пакоі стала святлей…
З дарослымі дзецьмі і сам становішся дарослым…
24.03.2015. Раблю заўвагу паэту наконт “Ў”, з якога пачынаецца каля дзясятка вершаў у рукапісе кнігі, і чую ў адказ: “Так пісаў Якуб Колас!”
Залатое пяро нікому не дапамагло напісаць геніяльныя творы…
І раптам пачынаеш разумець, што ў пісьменніка, акрамя звання “лаўрэат Дзяржаўнай прэміі”, няма нічога, пра што можна гаварыць…
На аўтобусным прыпынку спінамі да мяне стаяць хлопец і дзяўчына. Ціха размаўляюць. Раптам дзяўчына штурхае хлопца і пакідае прыпынак. Хлопец, крыху пастаяўшы, пабег услед за сяброўкай. Дагнаў. Яна павярнулася. Сімпатычная, але, угледзеўшы, што ў дзяўчыны ў зубах цыгарэта, я прашаптаў: “Лепей бы не азіралася…”
25.03.2015. На чыстай паперы заўсёды зіма…
27.03.2015. Другі дзень адзначаю сваё 55-годдзе. Віншуюць і па інтэрнэту, і па тэлефонах. Не забыліся пра мяне ні ў Валожыне, ні ў Пугачах. Па-нармальнаму, трэба было б у гэтыя дні быць у адпачынку, а то на працы не да працы. Зноў адпрасіўся ў Бадака, каб рыхтавацца да прэзентацыі кнігі “Заўтра была адліга” ў бібліятэцы імя Цёткі. У шэсць гадзін зала для выступаў у бібліятэцы была запоўнена. Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі хораша правялі імпрэзу. Першымі пачалі нашы выдавецкія мастакі Насця Капульцэвіч і Міхась Дайлідаў. Падарылі мой партрэт. Прыемна. Харошая ў нас моладзь, таленавітая. І кажу я гэта не таму, што яны мяне павіншавалі, а таму, што сапраўды яны таленавітыя. Потым выступілі Рэгіна Багамолава, Алесь Бадак, Галіна Дзягілева, Альжбэта Спрынчан-Малішэўская, Алесь Квяткоўскі, Уладзімір Васюк, два Пятровічы і Людміла Рублеўская… Зноў надарылі мне розных патрэбных і непатрэбных рэчаў. Нахвалілі, нагудзелі, але не надакучылі. Шкада, што з Маладзечна не прыехаў Міхась Казлоўскі, і па хваробе не змог прыйсці Леанід Галубовіч. Пасля імпрэзы Мікола Ліннік падарыў фотакнігу з маімі здымкамі, а наша Вераніка прынесла намаляваны мой партрэт…
28.03.2015. Прачнуўся ў пяць гадзін раніцы ад таго, што баліць галава. Да абеду змагаўся за сваё здароўе. Нічога не дапамагло. Пасля таго, як Людміла пайшла ў горад, надумаў памяняць пашпарт, з якім ужо да мора не пусцяць. Пайшоў у домакіраўніцтва, дзе даведаўся, што трэба пасведчанні аб маім нараджэнні і шлюбе. Вярнуўся дамоў. Гадзіну шукаў дакументы. Нічога не знайшоў. Прыйшоў да пашпартысткі з аплачанымі квіткамі за тэрміновы абмен пашпарта. Жанчына падумала, што я прынёс патрэбныя дакументы, таму выдала бланк для запаўнення. Адзін сапсаваў. Папрасіў другі. Дала. Пісаў хвілін дваццаць. Пашпартыстка, атрымаўшы запоўнены бланк, папрасіла пасведчанні аб нараджэнні і шлюбе. “Не знайшоў. Мне сёння галава цэлы дзень баліць”, – паскардзіўся я. “Пахмяляцца трэба!” – сказала жанчына. “Я не п’ю зусім!” – “Веру. Малады! Прыгожы! І жонка ў вас Рублёўская. Гэта ж яе крама побач з нашым будынкам…” – “Не. Жонка мая Рублеўская…” Пагаварыўшы яшчэ пару хвілін з пашпартысткай і распісаўшыся ў паперах, што здаў пашпарт без пасведчанняў, я пайшоў дахаты. Дома, перад тым як выпіць таблетку ад галаўнога болю, паглядзеў у люстэрка і сказаў з усмешкай: “Малады! Прыгожы! І жонка ў мяне Рублёўская!”
29.03.2015. Прысніўся дзядзька Славік. Ён памёр на пачатку стагоддзя. Снілася, што дзядзька водзіць мяне па сваёй сялібе і расказвае, дзе і што ў яго знаходзіцца. Зайшлі ў пакой, у якім на сценах на цвіках вісяць кнігі. На маё пытанне “Чые гэта творы?” дзядзька адказаў: “Цяпер я пішу вершы. Пры жыцці не было калі, а цяпер вось пішу…” Я зняў кнігу са сцяны, разгарнуў, а там сапраўды вершы, але не надрукаваныя, а напісаныя прыгожым почыркам. “У нас камп’ютараў няма…” – патлумачыў дзядзька і папрасіў, каб я расказаў пра гэта ўсім пісьменнікам, якія яшчэ жывуць…
01.04.2015. Некалькі дзён таму задаволена падумаў: “Сёлета перазімаваў не хварэючы…” І вось ужо трэці дзень лячуся. Распачаў слоік маліны, якую ў мінулым годзе мне з Людмілай падарыла малады крытык Наста Грышчук. П’ю малінавую гарбату і ўспамінаю леташнія вандроўкі…
02.04.2015. У панядзелак патэлефанавала пашпартыстка і паведаміла, што без пасведчання аб шлюбе з Людмілай Рублеўскай мне новы пашпарт не зробяць. Тры вечары запар з Людмілай шукалі патрэбны дакумент. Пазнаходзілі шмат чаго, пра што даўно забыліся, што яно ў нас ёсць. Не знайшоўшы пасведчання, вырашылі зрабіць яго дублікат. Я патэлефанаваў у ЗАГС, дзе запыталіся: “Вы ўжо развяліся ці яшчэ збіраецеся?” Пасля тлумачэння, чаго я хачу, мне сказалі, што пасля аплаты іхніх паслуг мне тут жа выпішуць новы дакумент або дадуць спраўку, што я жанаты. Нягледзячы на сваю прыхварэласць, я планаваў на сёння заняцца дакументам, але раптам патэлефанавала дачка, і мы даведаліся, што наша пасведчанне аб шлюбе знаходзіцца ў яе. Цяпер можна спакойна лячыцца…
У нашым двары нехта запаліў кучу апалага лісця, і цяпер дым паміж дамоў, як паміж берагоў, цячэ і ўпадае ў неба, як у беларускае мора…
Вечарам, як звычайна, з паштовай скрынкі забіраю газеты. Нешта чытаю, нешта праглядаю. І вельмі рэдка нечаму дзіўлюся, бо, відаць, ужо маю такі ўзрост, што мяне нічым не здзівіш. А сёння раптам у адной рэспубліканскай газеце да артыкула “Хто вяскоўцу дапаможа?” бачу здымак, а на здымку свайго бацьку, якому цырульніца з камбіната бытавога абслугоўвання Валожынскага раёна робіць прычоску. Нічога дзіўнага не было б, калі б 25 снежня 2012 года бацька не памёр. Разумею, што карэспандэнтцы з газеты далі здымак, які быў у КБА, і ўсё ж у мяне з’явілася, хоць і кволая, думка: “А можа мой бацька жывы?”
05.04.2015. У скверы, праз які хаджу ў краму, тыдзень таму на дрэвах было адно вароніна гняздо. Сёння іх ужо чатырнаццаць. І я прайшоў пад кронамі дрэў, як пад сусветамі, у прасторах якіх зараджаецца жыццё…
Каля крамы старая з вярбінкай, як з дубцом у пошуках старога, які не начаваў дома…
Вербная нядзеля. Сяджу дома, як на вярбе…
06.04.2015. У некаторых шыкоўных папках з рукапісамі, як у Маўзалеі… У канцы тэкста дата яго напісання, як у начным лесе ліхтар…
07.04.2015. Прыходзіў малодшы брат аднаго пісьменніка, які памёр і які ў свой час быў вядомым. Не ведаю, ці пісаў Пятро (назавём так наведвальніка), калі ягоны брат друкаваўся, ці пачаў тады, калі страціў родзіча. Галоўнае – Пятро піша, і выдаў ужо некалькі кніг прозы на рускай мове. Калі б ён выдадзеныя раманы не паказаў, то я б і не ведаў, што яны існуюць. Пятро прыйшоў забраць рукапіс, які паўгода таму аддаў нам у выдавецтва. Падзякаваўшы за знаёмства, наведвальнік забраў раман і пайшоў, як цень старэйшага брата-пісьменніка…
09.04.2015. У бібліятэцы імя Янкі Купалы перад супрацоўнікамі бібліятэк Мінскай вобласці прэзентаваў сваю кнігу “Заўтра была адліга”. Не абышлося без віншаванняў з маім нядаўнім днём народзінаў. Пасля імпрэзы хадзіў у кнігарню “Букініст”, каб па просьбе Міхася Казлоўскага купіць часопіс “Маладняк”. Не паспеў. Нехта ўжо раніцай не пашкадаваў грошай. Ідучы да метро, сустрэў паэта Алеся Разанава. Пастаялі, пагаварылі пра жыццё-быццё літаратарскае і пра жураўліныя пункціры над Мінскам…
11.04.2015. Сёлета пячы велікодныя булкі не атрымалася. На кухні рамонт не закончыўся, і ў нас ні вады, ні газу. Замэнчыліся. Сёння, апрануўшыся цяплей (нядаўна хварэў), не пагаліўшыся, пайшоў у краму. Выбраў дзве самыя прыгожыя булкі. Аплачваю. Касірша гадоў сарака пяці пытаецца: “У Вас пенсійнае пасведчанне?” “Не…” – адказаў я і, забраўшы булкі, паплёўся дахаты, як пенсіянер…
12.04.2015. Вялікдзень. Успамінаюцца толькі бацькі, і як з імі было добра…
13.04.2015. Паглядзеў “Зеркало” Марыны Мігуновай пра Марыну Цвятаеву. Фільм пра паэтэсу амаль без вершаў і без паказу, як яны пісаліся, а толькі пра ўзаемаадносіны з мужчынамі – гэта не фільм пра Цвятаеву…
Прыходзіў Алесь Разанаў. Абмеркаваўшы ілюстрацыі да будучай кнігі пункціраў, гаварылі пра Хрыста і “Шлях-360”. Калі Алесь Сцяпанавіч пакінуў нас, на вуліцы пацямнела, пайшоў дождж, малюючы на запыленых шыбах сцяжыны да паэзіі…
14.04.2015. Душна без паэзіі…
Убачыць Парыж і жыць далей…
Снілася вёска. Па асфальтаванай вуліцы ішлі бацькі, як па рацэ…
15.04.2015. З Ракава патэлефанавала цётка Марыя. “Відаць, нешта здарылася…” – з трывогай падумаў я і тут жа пачуў: “У мяне сёння юбілей, 75 гадоў. Запрашаю вашу сям’ю ў госці. У суботу прыязджайце на 15 гадзін да нас…” На жаль, не зможам паехаць…
16.04.2015. Ішоў дождж у пошуках парасонаў…