Герой нашага аповеду – начальнік варты пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. Валожына, капітан унутранай службы Яўгеній МАТЛАШУК.
Родам Яўгеній з горада Слоніма Гродзенскай вобласці. Пасля заканчэння Гомельскага інжынернага інстытута прыйшоў працаваць інспектарам інспекцыі нагляду і прафілактыкі Ашмянскага РАНС, але ўжо праз два месяцы папоўніў шэрагі выратавальнікаў Валожыншчыны.
– Як Вы звязалі свой лёс са службай у МНС?
– Ніколі не думаў, што буду выратавальнікам. Рашэнне было прынята зусім спантанна. З дзесяці гадоў вучыўся ў кадэцкім класе, пасля чаго вырашыў паспрабаваць сілы і паступіць у інстытут МНС. Прайшоў медыцынскую камісію, здаў залікі па фізічнай падрыхтоўцы, цэнтралізаванае тэсціраванне і ўсё – я курсант!
– Якія былі першыя ўражанні ад жыцця курсанта?
– Самым складаным быў першы месяц, пакуль прывык да распарадку, фізічных нагрузак. З часам стала нашмат прасцей. З’явіліся новыя сябры і захапленні.
– Як Вас сустрэў калектыў?
– Нягледзячы на тое, што калектыў у нас рознаўзроставы, мы адразу знайшлі з хлопцамі агульную мову, кожны з іх спрабаваў мне дапамагчы, нешта параіць, падказаць.
– Ці памятаеце свой першы пажар?
– Вядома, такое не забываецца ніколі. Мой першы выезд быў у вёску Капусціна на загаранне дома. Ахапіла хваляванне, бо аднолькавых пажараў не бывае, а я яшчэ і кіраўнік тушэння. На той момант практычна нічога не ведаў аб сваёй змене, ды і вопыту было не так шмат. Па дарозе думаў аб адным, толькі б не пацярпелі людзі. Калі прыбылі на месца, дом цалкам быў ахоплены агнём, існавала пагроза для гаража і гаспадарчых пабудоў. Але, самае галоўнае, небяспека не пагражала насельніцтву. Гэта крыху супакоіла. Дзякуючы зладжаным дзеянням, мы справіліся з узгараннем.
– Што, на Ваш погляд, самае складанае ў прафесіі выратавальніка?
– Ніколі не ведаеш, што чакае на дзяжурстве. Няма аднаго сцэнарыя развіцця падзей, і кожны выезд – невядомасць. Пры накіраванні да месца пажару заўсёды адчуваецца адказнасць і разуменне: ад правільнасці тваіх дзеянняў залежыць зыход сітуацыі.
Наш кар.