Общество

«Я з вамі гавару на мове сэрца…»

18 кастрычніка 2022 года споўнілася б 69 гадоў з дня нараджэння беларускай паэткі, нашай зямлячкі, ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціны Гіруць-Русакевіч. Чалавек, жанчына, творца, грамадскі дзеяч – асоба, чыё жыццё было напоўнена любоўю да людзей, да бацькоўскага куточка, да роднай Беларусі.

Неацэнны ўклад Валянціна ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ унесла
ў беларускую літаратуру і культуру
Усё зразумела, так мне падаецца,
Калі мы размаўляем на мове сэрца.
Яно баліць, кахае, плача і смяецца…
Я з вамі гавару на мове сэрца.
В. Гіруць-Русакевіч

Першыя вершы, якія Валянціна Гіруць-Русакевіч пачала пісаць з васьмігадовага ўзросту, былі надрукаваны ў 1969 годзе ў Ашмянскай раённай газеце «Красное знамя». Многім валожынцам вядома паэзія гэтай творцы, яе вершы прыхільнікі ведаюць на памяць і чытаюць на розных інтэрактыўных пляцоўках, імпрэзах і вечарынах. Гэта нават не дзіўна, таму што тэматыка вершаў розная, кожны з іх напоўнены любоўю, удзячнасцю і пашанай. У творах можна знайсці адказ на шмат пытанняў. Валянціна Францаўна ўкладала ў кожны радок часцінку сваёй душы, свае вопыт і мудрасць.

Валянціна з мужам Рыгорам РУСАКЕВІЧАМ

Пасля заканчэння факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Валянціна Францаўна прыехала працаваць на валожынскую зямлю, дзе засталася назаўсёды. Пачынала прафесійны шлях жанчына ў рэдакцыі раённай газеты «Працоўная слава» і менавіта тут сустрэла сваё каханне даўжынёй ва ўсё жыццё. Муж паэткі, Рыгор Мікалаевіч Русакевіч, назаўжды застаўся верным сваёй «Валечцы». Калісьці, у маладосці, закаханым выпаў лёс крочыць побач праз усе нягоды жыцця. І яны ішлі, стараліся быць адзін аднаму падтрымкай. У закаханых нарадзіліся двое сыноў, а пасля з’явіліся і пяцёра ўнукаў.

Для Валянціны Францаўны сям’я была вялікай радасцю ў жыцці, і гэта не магло не адлюстравацца ў яе творчасці. Шмат вершаў прысвечаны мужу, дзецям і ўнукам. Як любячая жонка, маці і бабуля яна аддавала ўсю сябе дзеля дабрабыту і ладу ў сям’і, кожны будны дзень спяшалася дадому, да сваіх родных і самых любімых.

Вялікі і неацэнны ўклад Валянціна Францаўна ўнесла ў беларускую літаратуру і культуру, пра што сведчыць званне Ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі. Намаганнямі паэткі выдаваліся кнігі і праводзіліся прэзентацыі і мерапрыемствы, на якіх ўшаноўвалі памяць вядомых беларускіх дзеячаў літаратуры і ўвогуле культуры. З 2004 года яна з’яўлялася кіраўніком народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь». За час яе кіравання свет пабачылі звыш сарака ўласных зборнікаў удзельнікаў аб’яднання, многія з якіх Валянціна Францаўна рэдагавала і ўкладала самастойна, а таксама чатыры калектыўныя зборнікі аб’яднання.

У пачатку студзеня 2021 года Валянціна Францаўна захварэла на COVID-19. Урачы рабілі ўсё магчымае, каб выратаваць жанчыну, але 22 студзеня сэрца паэткі перастала біцца… Ёй было 67 гадоў.

Сёння ўшанаваць памяць знакамітай пясняркі Беларусі імкнуцца не толькі валожынцы, але і яе землякі. 8 кастрычніка 2021 года ў Міхайлоўшчыне высаджана алея імя В. Гіруць-Русакевіч. Да пасадкі алеі далучыліся муж паэткі Рыгор Русакевіч, старшыня сельскага Савета Аляксандр Саванец, кіраўнік спраў Жанна Садоўская, кіраўнік і ўдзельніцы народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» Наталля Жылевіч, Зінаіда Гасціловіч, Людміла Садоўская і Марыя Мучынская.

18 кастрычніка 2022 года ў Валожынскім раённым цэнтры культуры адбылася прэзентацыя новай кнігі Валянціны Гіруць-Русакевіч «Час задумацца», у якую ўвайшлі раней не надрукаваныя творы, а таксама выбраныя ўжо вядомыя вершы. Кніга была выдадзена за сродкі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці. Вялікі ўклад унеслі сябры паэткі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў «Жывіца» Ірына Карнаухава. Яна з’яўлялася складальнікам зборніка, а рэдактарам стаў намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва «Літаратура і мастацтва», член Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Шніп.

Памяці паэтэсы, былога кіраўніка літаратурнага аб’яднання «Рунь» В. Ф. Гіруць-Русакевіч

ВАЛЯНЦІНА

Квітнела «Рунь», рос талент
малады,
І вырасла шмат творчасці пладоў.
Натхняла Валянціна нас заўжды.
Паэзія душу ўзнімала зноў.

На жаль, жыццё яе лёс скараціў.
Святыя прынялі душу яе.
З красой Зямною, з Сонцам
разлучыў.
Ох, як любові ейнай не стае!

Часцінкай сэрцаў нашых жа была.
Край родны памагала нам любіць.
Натхненнем творчасці сваёй
жыла
І зоркаю імкнулася свяціць.

І адгукацца будзе ейная душа
У творах, створаных сваім цяплом.
Не стане скочвацца з вачэй сляза,
Нашчадкаў будзе сагравацца дом.

Жыць Валянціне ў памяці
людской!
Не змоўкне вершаў ручаіны звон.
Рунь будзе наша заўжды
маладой,
І будзе радаваць нас творчы плён.

Яўген ЗЯЛКОЎСКІ

Аляксей ГЕРМАН