Интервью

Аператар па штучным асемяненні “Агра-Дубінское” Франц Бітэль: «Неабходна ўвесь час рухацца наперад»


Аператар па штучным асемяненні ААТ “Агра-Дубінское” Франц Бітэль за значныя дасягненні ў сельскай гаспадарцы ўзнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. Пасля атрымання такой высокай дзяржаўнай узнагароды мы сустрэліся з перадавым работнікам жывёлагадоўчай галіны раёна і пацікавіліся: як жа трэба працаваць, каб цябе заўважылі ў рэспубліцы?

– Франц Эдвардавіч, па-першае, раскажыце пра ўражанні?
– Самыя найлепшыя. Пабываў у Палацы Рэспублікі, убачыў яго веліч і прыгажосць і быў проста ў захапленні.
– Ці даўно былі ў сталіцы?
– Вельмі даўно. Мяне наша Васільеўна (намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Наталля Жукоўская) павазіла па сталіцы, паказала славутасці, новабудоўлі. Як жа цудоўна навокал: чысценька, кусцікі падстрыжаныя, безліч кветак – ехаў і ажно душа радавалася, як жа ўсё дагледжана!
Медаль Вам уручаў прэм’ер-міністр краіны Раман Галоўчанка. Хваляваліся?
– А як жа! Ніколі нават і ўявіць не мог, што маю працу заўважаць на такім высокім узроўні. Вельмі ўдзячны нашаму Прэзідэнту за ўвагу і павагу да простага працаўніка.
Ну, працуеш і працуеш, пра ўзнагароды не думаеш – мы ж павінны неяк на хлеб надзённы зарабляць. Гэта ж жыццё. Сам са звычайнай сялянскай сям’і, бацькі былі калгаснікі – рабілі так, што цяперашняму пакаленню і ўявіць цяжка. Усё ўручную, сярпамі і косамі, плугам і на кані. Свету не бачылі, а дома чакала ўласная гаспадарка – ды яшчэ й якая! Ніхто нам, дзецям, увагі вялікай не надаваў – бо не было калі. Вучылі, як трэба жыць і паводзіць сябе, адносінамі да працы, да зямлі-карміцелькі, да людзей. Таму і я лепшай долі не шукаў – прыйшоў у калгас, заўсёды стараўся і стараюся сумленна адносіцца да даручанай справы.
Работа зроблена, безумоўна, вялікая. Адзін малочнатаварны комплекс укамплектаваны цялушкамі, якіх асемяняў: на працягу года іх далучылі да малочнага статка. Цяпер вось другі комплекс застаўляецца маладым папаўненнем. Пагалоўе ў іх складае ад 600 да 800 галоў. Плюс да гэтага на працягу года асемяняюцца каля 800 цялушак – немалая нагрузка. Але “змагаемся” – і атрымліваем нядрэнныя вынікі.
– Калі кажаце, што нядрэнныя, значыць, яшчэ не цалкам задаволены?
– Ведаеце, можа і задаволены – летась атрымалі на 100 кароў 103 цяляці. Але неабходна ўвесь час рухацца наперад і наперад.
На комплекс па-ранейшаму дабіраецеся на кані ці пераселі на больш сучасны транспартны сродак?
– Нічога не змянілася: дагэтуль была Машанька, а зараз Каштаначка – самы надзейны “падвозчык”.
– Ад чаго залежыць поспех?
– На рабоце трэба быць штодня і пільна сачыць за станам жывёлы. Калі не дагледзеў адзін раз, сэрвіс-перыяд падоўжыўся, то і прадукцыйнасць ужо не тая. Ды і калектыў стаіць за маёй спіной: не зраблю своечасова сваю работу – значыць, не будзе ні малака, ні грошай у гаспадарцы – усё ж увязана.
– Кароўкі пародзістыя ці самі разводзіце?
– У нас сваё пагалоўе – узнаўляем чорна-стракатую пароду. Цяпер доім больш за 20 літраў малака на карову і, што вельмі важна, амаль усё здаецца гатункам экстра.
– Ці ёсць у Вас выхадныя?
– Няма. У тых, хто працуе ў жывёлагадоўлі, штодня ідзе жывы працэс, ад якога залежыць агульны вынік. Расцёлы – круглы год. Напрыклад, у ліпені ў нас 99 галоў ацяліліся. Не будзе ацёлаў – не будзе малочнай прадукцыі.
– А як жа адпачываеце?
– Толькі ноччу – настолькі ўжо ўцягнуўшыся ў работу, што і не ўяўляю, як можа быць інакш. І дома ж нешта трэба зрабіць, і тут трэба рухацца – вось такое яно, жыццё на вёсцы.
– Колькі гадоў у сельскай гаспадарцы?
– У “Агра-Дубінскім” я з 1989 года. Першыя пяць гадоў рабіў загадчыкам фермы ў Рачанятах – яна невялікая была, ды і старэнькая, дашчанай пабудовы, таму закрылі. Далей пайшоў у ветслужбу – пад дваццаць гадоў сумяшчаў асноўныя абавязкі з асемяненнем: 400 галоў кароў тады знаходзіліся на прывязным утрыманні. У 2019 годзе пабудавалі малочнатаварны комплекс – тут стаў асемянатарам.
– Пасля мадэрнізацыі, можа, крыху лягчэй стала працаваць?
– У маёй справе нічога не змянілася. У даярак, безумоўна, умовы значна палепшыліся: дояцца адразу 32 галавы, але пад 600 кароў падставіць даільныя апараты – таксама няпроста, ды яшчэ тройчы на дзень.
– Жадаючых навучыцца прафесіі тэхніка-асемянатара маеце?
– Нядаўна дзяліўся вопытам з Артурам Беланам: упэўнены, з яго выйдзе вельмі харошы спецыяліст. Цяпер ён працуе на ферме ў Дубіне-Вяршыцкай, паказвае добрыя рэзультаты. Але падкрэслю – не з кожнага атрымаецца асемянатар-прафесіянал. Наша ж справа вельмі тонкая. Няма зацікаўленасці ў рабоце – няма вынікаў: тут усё трэба рабіць з душой. А калі абы дзень да вечара, то выхаду цялят не будзе, пойдзе ялавасць, а далей страта прадукцыі.
– Ці ганарыцца сям’я ўладальнікам працоўнага медаля?
– Мая палова задаволена і рада, хоць для дома застаецца зусім мала часу – можна сказаць, што жыццё праходзіць на рабоце.
– Што-небудзь змянілася ў жыцці?
– А што павінна змяніцца? Разумею, што трэба старацца яшчэ больш, каб апраўдаць гонар.
– Вашы пажаданні вясковым працаўнікам?
– Самае галоўнае, каб было ва ўсіх здароўе, і мы маглі працаваць на дабрабыт нашай Бацькаўшчыны. Каб наша Беларусь развівалася і працвітала, а людзі жылі яшчэ лепш. І каб у нас заўсёды была такая прыгажосць, якую я ўбачыў у горадзе-героі Мінску.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА