Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
17.05.2014. З галавы ўсё ніяк не могуць выветрыцца дзве гісторыі, звязаныя са сметніцай…
На прыпынку, чакаючы аўтобус, разглядаю людзей. З падземнага перахода няспешна, з прыгожымі кветкамі, загорнутымі ў цэлафан, выйшла святочна прыбраная жанчына гадоў пад шэсць-
дзясят. Нервова пахадзіўшы па прыпынку і спыніўшыся каля сметніцы, жанчына кінула букет і хуткімі крокамі пайшла ў тралейбус, які толькі што спыніўся…
Каля вакзальнага будынка стары, апрануты як бомж, сціскаючы ў пачарнелай ад загару руцэ штук дзесяць рознакаляровых аўтаручак, настойліва прапануе іх купіць. Хлопец гадоў дваццаці, які праходзіў каля гандляра, не змог не спыніцца і набыў чырвоную аўтаручку. У кроках дваццаці ад старога малады чалавек, прыцішыўшы хаду каля сметніцы, выкінуў свой набытак…
У Пугачах, закончыўшы касьбу, падышоў да Ліды Шніп, якая прыехала да маці і працавала ў агародзе. Ад Ліды даведаўся, што яна мне па электроннай пошце паслала новую інфармацыю пра нашу вёску і яе жыхароў: “У 1942-1943 гадах у Пугачах у школе выкладаў ваенны лётчык. Пасля, як выгналі немцаў, працаваў Жэні Багіна дзед (Іван Фляр’янавіч Багіна). Разам з ім працавала з Польшчы Браніслава. Яе прозвішча мама забылася. Яшчэ ў Пугачах працаваў пісар са Сцяцкоў – Ліхтаровіч. У 1950 годзе ў Пугачах з мясцовых былі толькі мая мама, але яна 12 гадоў працавала ў Карнютках. Цётка Валя таксама працавала ў Карнютках, але ў Пугачы яна перайшла раней за маю маму. І яшчэ была Ніна, маміна сяброўка, але яна пачынала працаваць у Пярэжарах, потым у Ракаве. Прозвішча Харук, па мужу Рудая. Астатнія настаўніцы ў Пугачах былі ўсе прыезджыя. Мама іх не памятае. На здымках, што я паспела сфатаграфаваць у Сярэбранікава і Суцягіна, мама нікога не пазнала, бо гэта, мабыць, не пугачоўскія людзі. Пётр Ціханавіч Ціманаў з’явіўся ў Пугачах намнога пазней, чым 1952 год. Прыстаў у прымы да Стасі Харук, нашай сваячкі. Ён школьныя класы не фатаграфаваў…
Гледзячы на фотаздымкі, мама кажа, што ніхто нікога на іх не пазнае, бо са старажылаў у Пугачах засталося ўсяго чалавек пяць-шэсць. Яна не апазнала нікога!!! У Карнюткі прыязджалі фатографы ўвесь час. Здымкаў у мамы многа. Ужо, з кім мама пачынала працаваць у 1950 годзе, засталіся толькі чатыры чалавекі, астатнія памерлі даўно…”
19.05.2014. Сто гадоў не быў на хакеі, і тут раптам тэлефануе Людміла і паведамляе, што ў яе ёсць два квіткі на матч “Данія – Францыя”, які пройдзе на “Чыжоўка-арэне”. Паехалі! Дабраліся вельмі хутка. З вакзала за хвілін дваццаць. Пакуль трапілі на свае месцы, два разы былі вельмі сур’ёзна абшуканы. У мяне знайшлі таблеткі для страўніка, пра якія я і сам не ведаў, што яны ў мяне ёсць. Стадыён запоўніўся на працэнтаў 80. У асноўным моладзь. Замежнікаў мала. Цалкам першы перыяд гледачы ўсё ішлі і ішлі на свае месцы. Некаторыя, пайшоўшы на перапынак, заставаліся сядзець у піўбарах амаль да канца гульні. Лёд быў белы і халодны, шайба круглая і чорная. Французы выйгралі з лікам 2:6…
Я першы раз на хакеі быў недзе ў годзе 1978-м. Хадзіў са сваім земляком і будучым літаратуразнаўцам Яўгенам Гарадніцкім і з мастакамі Міколам Селяшчуком і Уладзімірам Тоўсцікам. Яўген тады працаваў у адным выдавецтве з Міколам, у якога я, дзякуючы сябру, узяў афармляць кніжку. Я ж вучыўся ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме, і ў мяне па малюнку была пяцёрка. Кніжку не аформіў, бо праз месяцы тры, якія я думаў над вокладкай кнігі, я сказаў сабе: “Я не мастак! Гэта не маё!” Тады гулялі мінчане і рыжане. Нашы выйгралі. Пасля хакею на беразе Свіслачы я з Яўгенам чыталі вершы, а Мікола і Уладзімір слухалі нас і, як і мы, радаваліся жыццю…
20.05.2014. “Проза стала лянівай (кароткай па форме), бо чытачы зусім абляніліся…” – кажа празаік, і мы лянуемся гаварыць пра гэта далей…
21.05.2014. Быў у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы на адпяванні барда Зміцера Сідаровіча. Час ад часу паглядаў на вітражы, праз якія ў храм працякала святло. Каля іх я спадзяваўся ўбачыць прыгожага вялікага матылька. Мне чамусьці вельмі хацелася ўбачыць у царкве матылька! Матылька не было. Было шмат людзей і амаль палова знаёмых. Выходзячы з храма, пачуў за спінай: “Наша пакаленне нейкае слабое. Колькі ўжо адышло без пары…” І калі з храма вынеслі Зміцера, над смуткуючымі закружыліся некалькі матылёў, і сярод іх быў вялікі і прыгожы, якога мне хацелася ўбачыць…
Усе дажджы – гэта нам напамін пра патоп, які быў і які яшчэ будзе…
22.05.2014. Па замове “Белпошты” мастак Уладзімір Васюк стварыў канверт, прысвечаны 100-годдзю Язэпа Семяжона. Для таго, каб ён пайшоў у друк, трэба некалькі экспертаў, якія б сказалі, ці падобны партрэт на таго, каго ўшаноўваюць. Сёння адным з экспертаў быў я, бо нядрэнна ведаў Язэпа Іванавіча. А пазнаёміліся мы з ім у 1984 годзе ў дзень, калі мяне прымалі ў Саюз пісьменнікаў. Пасля таго, як была зачытана мая асабістая справа і рэкамендацыі, Максім Танк запытаўся: “У каго ёсць што сказаць пра Віктара Анатольевіча?” І нечакана для мяне першым добрае слова пра маю творчасць сказаў Язэп Семяжон…
На падваконні заквітнеў кактус. З вуліцы ў шыбу б’ецца пчала. А я праз акно гляджу на дзяўчыну, якая сядзіць каля пад’езда на лаўцы…
23.05.2014. Ездзіў у Дубравы. У вагоне электрычкі паблізу са мной села жанчына гадоў сарака. Стройная, з маладзёжнай стрыжкай. Прыгожая. З пяццю дзецьмі. Дзве дзяўчынкі і тры хлопцы. Усе дагледжаныя, добра апранутыя. Старэйшаму, які ўсю дарогу маўчаў і глядзеў у акно, трымаючы вудачку, гадоў чатырнаццаць. Малодшаму хлопчыку гадоў пяць. Ён то з аднаго месца ўстане і пяройдзе на іншае, то назад вернецца. Непаседа. Старэйшая дзяўчынка гадоў трынаццаці слухала музыку. Малы захацеў піць, і праз хвіліну пляшка была парожняй, бо раптам усіх засмажыла. У кожнага дзіцяці і ў маці срэбныя крыжыкі на срэбных ланцужках. Жанчына ўсю дарогу ўсміхалася. Я глядзеў на шчаслівую маці і яе малых і ўспамінаў сваю бабулю Ганну, у якой было восем дзяцей. У бабулі Параскі чацвёра. У маёй маці трое. А ў нас з Людмілай двое…
На станцыі Дубравы мяне ўжо чакаў з машынай мой сваяк Леанід Жыткевіч і мой сябра Міхась Казлоўскі. Адразу паехалі ў школу. Будынак вялікі, трохпавярховы. Гадоў дваццаць пяць таму ў школе вучылася 680 дзяцей. У 2010 годзе было 66 вучняў, а цяпер 54. Праз хвілін дзесяць у актавай зале сабралі школьнікаў. Я выступіў. На развітанне развучыў з дзецьмі двухрадковы верш Алеся Пісьмянкова: “Без марожанага гіну, а з марожаным ангіна!” На маё пытанне “Хто з вас піша вершы?” рукі паднялі дзве дзяўчынкі…
Паехалі паглядзець хату, дзе доўгі час жыў паэт Вячаслаў Міхасёнак. Нарадзіўся ён 9 студзеня 1941 года на Пастаўшчыне. Скончыў музычна-педагагічнае вучылішча і Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага. Настаўнічаў у Дубраўскай школе. З 1988 года жыў у Слуцку, працаваў у Прошчыцкай школе, а затым у СШ № 8 настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Друкаваўся ў часопісах “Маладосць”, “Родная прырода”, газетах “Літаратура і мастацтва”, “Чырвоная змена”. Памёр Вячаслаў Васільевіч 13 лістапада 2002 года.
У госці да Вячаслава Міхасёнка нярэдка прыязджаў Уладзімір Караткевіч. Яны сябравалі. Караткевіч нейкі час хацеў купіць каля Дубраў лецішча. І купіў бы, калі б жыў. Хата Міхасёнка пустая. Нехта нейкі час у ёй жыў, а цяпер прыкмет жыцця ў ёй няма. Усё зарастае травой і быльнягом. Побач з хатай на вуліцы калодзеж. З яго Караткевіч піў ваду. У суседнім доме жыла жанчына, з якой Міхасёнак сябраваў, і якая, калі прыязджаў Уладзімір Сямёнавіч, прыходзіла ў госці. Гаворачы пра гэта, Міхась сказаў: “Відаць, недзе ў хаце, якая пустуе, ці на гарышчы ляжаць кніжкі Караткевіча з аўтографамі. Вось бы паглядзець!” Тут жа Леанід Жыткевіч прапанаваў: “Давайце, калі пачне цямнець, злазім і пашукаем”…
Дзве гадзіны хадзілі па могілках. Я адведаў сваіх бабулю Параску і дзеда Юзю, прабабулю Магдалену і прадзеда Андрэя, а таксама іншых сваякоў, многіх аднавяскоўцаў і аднакласнікаў.
25.05.2014. У мінулую пятніцу, ходзячы па Дубраўскіх могілках, адшукаў магілу фотамайстра з Пугачоў Пятра Ціханавіча Ціманава і даведаўся, што ён нарадзіўся 1 студзеня 1923 года, а памёр 12 студзеня 1986 года. Побач пахавана ягоная жонка Станіслава Данілаўна Ціманава (у дзявоцтве Харук) (06.04.1926 – 22.11.1995). Шкада, што на помніку няма фотаздымка Пятра Ціханавіча…
З Людмілай і сябрамі былі ў Дзягільна, дзе пахаваны пісьменнік Адольф Янушкевіч (9 чэрвеня 1803 года – 18 чэрвеня 1857 года). Старыя панскія могілкі мы знайшлі не адразу, бо ніхто з тых жыхароў, у якіх мы пыталіся, пра іх нічога не ведае. Мясціна і помнікі прыгожыя. На жаль, здаецца, пра іх цяпер ніхто не клапоціцца, бо трава і быльнёг добра ўзбуялі, і папсаваліся шыльдачкі з надпісамі каля дрэўцаў, што былі ў мінулым годзе пасаджаны вядомымі людзьмі нашай краіны. Пад адным з дубкоў напісана: “Дерево пасажено художником Республики Беларусь Ф. И. Янушкевичем”…
26.05.2014. Учора ў Мінску закончыўся чэмпіянат свету па хакеі. Пераможцы і іх заўзятары да раніцы святкавалі. Сёння на пачатку другой паловы дня на Мінск хлынуў лівень з градам. Усё смецце і пыл, якія засталіся пасля гасцей з далёкіх замежных абласцей, былі змыты. Я ў час гэтага ачышчэння быў на прыпынку на вуліцы Няміга. Град, як кавалачкі лёду, на якім нядаўна гулялі ў хакей, барабаніў больш за паўгадзіны. Вада ўсё падбіралася і падбіралася да маёй схованкі, і хутка я ўжо стаяў у той Нямізе, якая некалі тут раней вольна цякла і без навальніцы…
27.05.2014. З дырэктарам выдавецтва “Чатыры чвэрці” Ліліянай Анцух ездзіў у Валожын на прэзентацыю кнігі Марыі Шакун “Жыццёвае поле”. З пісьменнікаў былі Генадзь Пашкоў, Уладзімір Навумовіч, Іван Саверчанка, Рагнед Малахоўскі, а таксама літаратурны крытык, карэспандэнтка “ЛіМа” Таццяна Студзенка. За намі ўсю дарогу спяшалася навальніца. Добра, што паехалі раней, бо, як толькі зайшлі ў Дом культуры, хлынуў такі дождж, што белага свету не стала бачна. Марыя Шакун і Валянціна Гіруць-Русакевіч вельмі хваляваліся, што з-за дажджу не папрыходзяць людзі. І ўсё ж людзей прыйшло шмат, і многія віншавалі на сцэне сваю зямлячку з новай кнігай і прыняццем у СПБ. Цяпер у Валожыне жывуць чатыры члены пісьменніцкага саюза. Марыя Антонаўна атрымала білет пад нумарам 651. Вечарына доўжылася амаль тры гадзіны. За гэты час на вуліцы супыніўся дождж, засвяціла сонейка, нібыта і не было залевы. Марыя Антонаўна са сваёй пляменніцай Ларысай, дзякуючы якой і выйшла кніжка, зрабіла багаты фуршэт, на якім госці і гаспадары змаглі бліжэй пазнаёміцца паміж сабой. І ўсё ж, калі б не Валянціна Гіруць-Русакевіч, якая ўжо амаль трыццаць гадоў апякуецца літаб’яднаннем “Рунь”, што больш за пятнаццаць гадоў, як мае званне народнага, не было б ні кнігі ў Марыі Шакун, ні гэтай вечарыны, дзе амаль усе гаварылі па-беларуску…
28.05.2014. З дырэктарам выдавецтва “Мастацкая літаратура” Уладзіславам Мачульскім і паэтам Анатолем Зэкавым ездзіў у Віцебскую абласную бібліятэку на сустрэчу з бібліятэкарамі. Упершыню ўбачыў помнік Еўдакіі Лось. Прыгожы. Некаторыя кажуць, што паэтка была не такая. Магчыма, але ўсё ж галоўнае, што помнік стаіць, і кожны, хто будзе праходзіць побач, зможа прачытаць радок Еўдакіі: “Я з табой, несмяротны народзе!..”, і задацца пытаннем: “Хто такая?”…
29.05.2014. І сёння дажджыла, як восенню. Пасля невялікага адпачынку і вандровак выйшаў на працу. Тыя ж аўтары і тыя ж праблемы, і я, нібы і не адпачываў. І толькі калюгі на чорным асфальце, як мокрыя вершы на чорнай паперы, мне душу асвятлялі…
31.05.2014. Сцены, якія раздзяляюць нас, высокія, але неба вышэй за сцены…
01.06.2014. У парку Горкага ўдзельнічаў у акцыі “Лета з добрай кнігай”. Было шмат дзяцей, пісьменнікаў і кніг. Гучалі музыка, вершы, шчаслівы дзіцячы смех. Час ад часу ішоў дождж, ад якога ніхто нікуды не ўцякаў, а, наадварот, усе набліжаліся адзін да аднаго, як вершы да музыкі і як музыка да вершаў…
Сёння празаіку Алесю Асташонку (01.06.1954 – 06.09.2004) было б 60. Ягоны попел, прывезены з Украіны, ляжыць у сцяне Кальварыйскіх могілак. У другой палове 90-х гадоў Алесь па некалькі разоў на тыдзень заходзіў у “ЛіМ” да Пятровіча і мяне. Гаварылі пра літаратуру. Алеся хвалявала ягонае месца ў белліце. Кожны раз ён складаў тройкі, пяцёркі, дзясяткі лепшых сучасных пісьменнікаў. І ва ўсіх сваіх рэйтынгах прысутнічаў сам Асташонак. Мы не пярэчылі, бо сапраўды на той час Алесь быў у ліку тых, чыё імя было на слыху. І вось прайшлі гады. Няма ні Алеся, ні троек, ні пяцёрак, ні дзясятак лепшых празаікаў, дзе б называўся Асташонак. А на вуліцы ідзе дождж, і пад вялікім чорным парасонам на аўтобусным прыпынку стаіць мужчына. І, магчыма, гэта Алесь Асташонак, які вярнуўся з замежжа ў Мінск…
03.06.2014. Нарэшце ў серыі “Беларуская паэзія ХХ стагоддзя” выйшла кніжка Рыгора Барадуліна “Каўчэг”. У мінулым годзе з дазволу свайго Настаўніка я пачаў яе складаць. Думаў, што Рыгор Іванавіч сам прапануе вершы ў кнігу, але ён сказаў, што давярае мне і будзе вельмі рад, калі я сам выберу для друку вершы, бо ён хоча ведаць, што мне з яго твораў падабаецца. Пасля таго, як Рыгорам Іванавічам быў адобраны змест кнігі і яе назва, я абяцаў, што як толькі з’явіцца сігнал, то адразу пра гэта паведамлю яму…
Хадзіў дадому да Ірыны Міхайлаўны Быкавай. Пра сустрэчу мы дамовіліся на пахаванні Генадзя Бураўкіна. Занёс кнігу Васіля Быкава “Салдацкі лёс”, якая нядаўна выйшла ў “Мастацкай літаратуры”. Зайшоў на пару хвілін, а прагаварылі амаль гадзіну. Ірына Міхайлаўна, трымаючы новае выданне перад партрэтам мужа, некалькі разоў казала: “Васілька, у цябе пры жыцці такіх кніг не выдавалася…”