Интервью

Жыць не для сябе, а для іншых

Пачатак сёлетняга года для сацыяльнага работніка Марыны МАЛЯЎСКАЙ стаў вельмі клапотным і хвалюючым, і разам з тым знакавым: у абласным конкурсе “Лепшы сацыяльны работнік Міншчыны” яна заняла ганаровае 3-е месца, чым пацвердзіла свой высокі прафесіяналізм, а таксама праславіла сацыяльную службу Валожыншчыны. На мінулым тыдні яе чакала яшчэ адна прыемная падзея: за добрасумленныя адносіны да працы была ўзнагароджана Ганаровай граматай райвыканкама.

Пастаянна быць навідавоку для Марыны Феліксаўны не ў навіну: дэпутат Івянецкага сельскага Савета дэпутатаў, стараста вёскі Сівіца, дэлегат шостага Усебеларускага народнага сходу. Медыцынская сястра па прафесіі сваё асноўнае прызначэнне знайшла ў вельмі пачэснай місіі – дапамагаць тым, хто ў мудрым узросце мае патрэбу не толькі ў клопаце і падтрымцы, але і ў простым спагадлівым слове. І вось ужо 23 гады яна спяшаецца ў дамы да бабуль і дзядуляў. Заўсёды энергічная, пазітыўная, велікадушная, безадмоўная, спрытная – такой ведаюць падапечныя свайго сацработніка.

Сёння Марына Маляўская – наша суразмоўца.

– Марына Феліксаўна, Вы, як кажуць, з карабля на баль: не паспелі атрымаць адну ўзнагароду, як адразу ж удастоіліся другой?

У красавіку споўніцца 23 гады, як прыйшла ў сацыяльную службу раёна. Хаджу на работу, як на свята, – тут адпачываю душой. І, ведаеце, нічога не хачу мяняць. Мне прапаноўвалі пайсці фельчарам на ФАП, запрашалі ў Івянецкую бальніцу і ў паліклініку на работу медсястрой. Не хачу нікуды: як жа я пакіну сваіх бабуль-дзядуляў, як яны без мяне будуць?! Нават не магу нікому іх даверыць – за гады яны такімі блізкімі сталі. Вельмі многаму навучылі: жыццёвай мудрасці, цярпенню, вытрымцы; як паводзіць сябе ў сям’і, згладжваць вострыя вуглы; як ісці да Бога і гаварыць з Ім.

– Уражанні цудоўныя – вельмі прыемна, калі тваю працу заўважаюць і адзначаюць. Адчуваеш значнасць сваёй прафесіі: хоць яна зусім непрыкметная, звыклая, але так неабходная людзям.

– Раскажыце, калі ласка, пра конкурс прафесійнага майстэрства.

– Калі мне прапанавалі паўдзельнічаць у конкурсе, адразу ж пагадзілася – не ўмею адмаўляць. Заўсёды дзейнічаю так: калі мяне аб чым-небудзь папросяць – павінна, як кажуць, разбіцца ў дошку, але зрабіць. Падчас адборачнага тура, што праходзіў у Стоўбцах, моцна хвалявалася – усё-такі “на рынгу” 23 калегі з рэгіёнаў і таксама прафесіяналы сваёй справы. Памятаю, упершыню ў жыцці выйшла на сцэну, сэрца так білася – здаецца, зараз выскачыць з грудзей. Але ўзяла сябе ў рукі, супакоілася, і ўсё прайшло добра. У выніку трапіла ў фінал разам з 9 прэтэндэнтамі. А вось ужо на спаборніцтвах у Барысаве адчувала сябе як у сваёй стыхіі – нягледзячы на тое, што наша выступленне ацэньвалі 12 чалавек журы на чале з міністрам сацыяльнай абароны Ірынай Касцевіч!

– А як патрапілі ў сацыяльную службу?

– Зусім выпадкова. Пасля заканчэння 10 класаў мы, чатыры сяброўкі, вырашылі паступаць у Гродзенскі тэхнікум фізічнай культуры – у мяне добра ішла лёгкая атлетыка. Пасля здачы ўступных іспытаў атрымалася, што на вучобу залічана толькі я – астатнія не прайшлі. Заставацца адной у вялікім горадзе было боязна, таму вярнулася дадому. Пасля даведалася, што праводзіцца прыём дакументаў на вячэрняе аддзяленне ў Мінскае медвучылішча, але прымаюць туды пры адной умове: неабходна працаваць у медустанове. Знаёмая прапанавала работу санітаркай у шпіталі Міністэрства ўнутраных спраў: цэлы дзень працавала, а ўвечары атрымлівала тэарэтычныя веды. І вось 1 студзеня 1990 года прыступіла да абавязкаў медыцынскай сястры. Ведаеце, свой шпіталь да гэтага часу сню – як хаджу па аддзяленні, раблю ін’екцыі.

Сама з Сівіцы, замуж выйшла за сівіцкага хлопца, увесь дэкрэтны водпуск прабыла на малой радзіме. Калі прыйшоў час выходзіць на работу, прапанавалі пайсці медсястрой у мясцовую гаспадарку на паўстаўкі і яшчэ на паўстаўкі – у дзіцячы сад. Адначасова адвучылася на радыёметрыста і, паколькі ў нас была радыяцыйная зона, больш за 20 гадоў правярала на спецыяльным прыборы ўтрыманне ў прадуктах харчавання цэзію-137.

На сёння ў мяне 14 падапечных ва ўзросце ў асноўным 85+. Больш жанчын. Самаму маладзейшаму – 66 гадоў, ён адзінокі. Кожны са сваім лёсам, характарам, таму трэба падабраць ключык. Узгадваецца адна сям’я, гаспадар якой катэгарычна адмаўляўся ад паслуг сацработніка – маўляў, мы яшчэ самі з жонкай добра спраўляемся. Але дзеці ўсё-такі ўгаварылі. Спачатку адносіўся да мяне насцярожана – называў толькі Феліксаўнай. А пасля, калі што добрае зраблю, цалаваў рукі ў прамым сэнсе, звяртаючыся па-бацькоўску пяшчотна: “Наша Марынка”.

Ішоў 2000-ы год. Пасады скарачаліся, і работы не ставала. Сацыяльная служба тады толькі зараджалася. Неяк падвозіла з Валожына сацработніцу, якая абслугоўвала людзей у нашай вёсцы, а яна кажа: “Калі жадаеш – ідзі да нас, але падапечных збірай сабе сама”. Добра ведала сваіх аднавяскоўцаў і не мела ўяўлення, хто жыве ў суседніх Вуглах. Узяла на падмогу вуглоўскую жанчыну, і разам пайшлі па дамах: на паслугі пагадзіліся 10 чалавек. Тады дакладна вызначаных абавязкаў у сацработніка не было. Нам даводзілася рабіць усё: і есці гатаваць, і ў хаце прыбіраць, і дровы складваць, а агароды па 15 сотак садзіць-палоць-капаць. Цяпер нашы паслугі вызначаны: мы больш дапамагаем па доме, прыносім прадукты, лекі, аплачваем камунальныя паслугі. І, безумоўна ж, з’яўляемся ў нейкім родзе лекарамі душы, бо ў паважлівым узросце чалавек жыве ўспамінамі-развагамі, і часам простая размова супакойвае лепш за пілюлі. Ім многа не трэба – крышачку цеплыні, увагі і павагі. І кожны з іх гэта заслужыў ужо пражытымі гадамі.

– Разумею, што так ставіцца да людзей шаноўнага ўзросту ў Вас закладзена ў сям’і. Ведаю, што зараз пад адным дахам месцяцца некалькі пакаленняў. На сёння гэта рэдкасць і нават скажу больш: выключэнне з правіл. Як удаецца захоўваць баланс паміж мудрасцю і маладосцю?

 – Ажаніўшыся, мы з мужам купілі дом у сваёй жа вёсцы Сівіца: ён размяшчаўся праз тры хаты ад яго бацькоў і праз адну – ад маіх. Пасля разам дабудоўвалі-ўладкоўвалі, вызначалі, дзе будуць зала, спальня, прыхожая. На сёння пакоі размеркаваны паміж чатырма пакаленнямі: у адным жыве мая матуля – ёй 82 гады, у другім – мы з мужам, яшчэ два займаюць нашы дочкі са сваімі сем’ямі і ўнукамі. У хаце весела і гаманліва, старэйшыя дапамагаюць гадаваць маленькіх нашчадкаў – нават свякроў прыходзіць штодня ў 9 гадзін раніцы, як на работу, а вечарам ідзе дадому. Зразумела, у маладосці не моцна хацелася знаходзіцца пад “пільным вокам” бацькоў, а зараз проста шчаслівая, што так атрымалася.

– Як родныя ўспрынялі Вашу перамогу?

– Калі я нарадзілася, бацька не паехаў забіраць матулю з бальніцы: хацеў сына, а тут чацвёртая дзяўчына… А цяпер мая сястра мне кажа: “Мы нават плакалі ўсе ад радасці, што ты такая заслужаная і паважаная. Тата не хацеў цябе, а зараз як бы ганарыўся…” Больш скажу: мне нават адна мая бабулька на Новы год падарыла дамскую сумачку і кажа: “Каб ездзіла з ёй на ўсе мерапрыемствы – яна табе будзе прыносіць удачу”.

– Вы былі дэлегатам шостага Усебеларускага народнага сходу? Што запомнілася з такога прадстаўнічага форуму?

– Былы дырэктар нашай гаспадаркі Ігар Часнок быў дэлегатам пятага Усебеларускага народнага сходу. Памятаю, гляджу трансляцыю па тэлевізары і ўсё выглядаю знаёмыя твары. А ў галаве думка: “Гэта ж так крута, пабываць там!” Калі ж даведалася, што мяне вылучылі, была на сёмым небе ад шчасця! Па-першае, убачыць Прэзідэнта ўвачавідкі і паслухаць яго ўжывую – ужо падзея, якая здараецца аднойчы ў жыцці, ды і шчасціць нямногім. Па-другое, мне казалі, што праседзець у зале 7-8 гадзін на адным месцы – цяжкавата. Так, было шмат выступоўцаў, шмат гаварылі, але ўсё прайшло проста на адным дыханні. А сама абстаноўка?! Настолькі культурныя, паважлівыя адносіны, прыгажосць наўкола ажно заварожвала. Зараз як узгадаю – душа цешыцца ад такой пашаны!

 – Гутару з Вамі і адчуваю, што Вы – набожны чалавек?

– Так. У мяне нават ёсць два апекуны – Святы Юда Тадэвуш і Святы Андрэй Баболя. Ім ахверавалася. Да іх малюся, і яны мне дапамагаюць. Гэта не толькі ведаю, а бачу. Шмат у жыцці было вельмі складаных і нават безнадзейных сітуацый, і толькі вера і малітва дапамаглі ўсё перажыць. Вось і цяпер ехала на конкурс, не прасіла ні першае, ні другое месца, а патрапіць у тройку лепшых. Так і атрымалася. Штодзённа ўвечары дзякую ім за пражыты дзень, за здароўе, за маю сям’ю.

– На Ваш погляд, у чым прызначэнне чалавека на зямлі?

– Быць шчаслівай. І я шчаслівая! У мяне ёсць любімая сям’я – муж, дачушкі, зяць, унук з унучкай. Любімая работа, пра якую ніколі не марыла, не думала і нават у сне не ўяўляла. Я люблю людзей, стараюся быць карыснай і патрэбнай для іх.

Гутарыла Алена ЗАЛЕСКАЯ

Фота Сяргея БОБРЫКА