85 лет Минской области Год исторической памяти Интервью

Міншчына – сэрца Беларусі

15 студзеня 2023 года Мінскай вобласці споўніцца 85 гадоў

Працягваем цыкл публікацый, прысвечаны юбілейнай даце. Цікавыя гістарычныя звесткі прадастаўлены Валожынскім краязнаўчым музеем.

У жніўні 1950 года ў Валожыне на сход сабраліся 300 сялян-аднаасобнікаў, каб вырашыць пытанне аб уступленні на шлях калгаснага жыцця. Да канца гэтага года ў раёне налічвалася 140 калгасаў, якія аб’ядноўвалі 75 працэнтаў серадняцкіх і бядняцкіх гаспадарак.

У 1950 годзе ў раёне працавалі 4 сярэднія, 18 сямігадовых і 50 пачатковых школ.

Вялікую вядомасць мела жаночая камсамольска-маладзёжная брыгада Валожынскай МТС, створаная ў 1953 годзе. Маладыя дзяўчаты ў тыя далёкія пасляваенныя гады павялі трактары па калгасных палетках, заворваючы сляды былых баёў на Валожынскай зямлі. Вось іх імёны: Станіслава Адамаўна Мікулевіч (Нічыпар), Ванда Антонаўна Шэўчык (Мянцюк), Ганна Янцэвіч, Лідзія Паўлаўна Трапашка (Каранеўская), Марыя Рубацкая, Соня Сівая.

Першая справа: Станіслава Адамаўна Мікулевіч, 1955 г.
Ванда Шэўчык і Ганна Янцэвіч

У 1953 годзе на плошчы пачалі ўзводзіць раённы Дом культуры. Раённая газета “Іскра” надрукавала зварот да жыхароў горада аб дапамозе ў будаўніцтве. Пасля рабочага дня на плошчу пачынала збірацца ўся моладзь, сямейныя людзі прыходзілі са сваімі дзецьмі. З бліжэйшых навакольных вёсак сцякаліся жадаючыя дапамагчы ў будаўніцтве. Экскаватара не было, і катлаван пад будынак капалі ўручную. Працавалі без выхадных. Будаўніцтва Дома культуры было завершана восенню 1955 года.
У 1954 годзе за атрыманне высокіх ураджаяў ільну 4 калгасы раёна – імя Дзімітрава, імя Карла Маркса, “Шлях да камунізму” і “17 верасня” – былі зацверджаны ўдзельнікамі Усесаюзнай сельскагаспадарчай выстаўкі ў Маскве.

Эканоміка раёна набірала паступова сілу. У 1955 годзе адбылося ўрачыстае адкрыццё Сакаўшчынскай гідраэлектрастанцыі імя Леніна. З пускам ГЭС былі механізаваны ручныя працэсы ў вытворчасці. Частку электраэнергіі накіравалі на асвятленне школы, сельсавета, бібліятэкі, дамоў калгаснікаў. У гэтым жа годзе ўступіла ў эксплуатацыю электралінія Маладзечна – Валожын.

1956 год азнаменаваўся адкрыццём механізаванай хлебапякарні, 5 калгасаў арганізавалі выраб цэглы. На прамкамбінаце былі ўсталяваны вадзяныя турбіны, металарэзныя станкі, а само прадпрыемства спецыялізавалася на вытворчасці тавараў шырокага спажывання для патрэб усіх раёнаў Мінскай вобласці.

Шмат было зроблена ў сацыяльным развіцці раёна. Пабудаваны ўнівермаг на плошчы Свабоды, уведзены ў эксплуатацыю 3 бальніцы, 8 ФАПаў.

Жыхары горада працавалі з такім энтузіязмам, што атрымалі ў 1956 годзе пераходны Чырвоны сцяг ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР за перамогу ў Рэспубліканскім спаборніцтве па добраўпарадкаванні і паляпшэнні санітарнага стану гарадоў і райцэнтраў.

У ліпені 1957 года ў Маскву на сусветны фестываль моладзі і студэнтаў па камсамольскіх пуцёўках з Валожынскага раёна былі накіраваны лепшыя прадстаўнікі сельскагаспадарчай моладзі.

1 верасня гэтага ж года ў Валожыне адчыніла дзверы музычная школа на 50 навучэнцаў.

Святочна выглядаў Валожын 7 сакавіка 1958 года. З усіх канцоў раёна з’язджаліся сюды аўтамашыны з людзьмі. Прыбылі хлебаробы з суседняга Івянецкага раёна. Усе імкнуліся на сустрэчу з кандыдатамі ў дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР: міністрам замежных спраў Андрэем Андрэевічам Грамыкам і першым сакратаром абласнога камітэта партыі Сяргеем Осіпавічам Прытыцкім.

Новы ўнівермаг на плошчы Свабоды
Школа ў вёсцы Узбалаць, пачатак 1950-х гг.
1 верасня 1957 года ў Валожыне адкрылася музычная школа
Плошча Свабоды, 1958 г.

(Працяг будзе)