Общество

Спаса-Праабражэнскай царкве ў мястэчку Ракаў — 230 гадоў

230 гадоў таму – 16 верасня 1793 года – у мястэчку Ракаў была асвечана Спаса-Праабражэнская царква. Яна ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Праваслаўная царкава ў мястэчку Ракаў існавала, магчыма, яшчэ ў XV стагоддзі. У XVII стагоддзі храм стаў уніяцкім. Хутчэй за ўсё, гэта адбылося ў другой палове стагоддзя, пасля вайны рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. Першы дакумент з падрабязным апісаннем – рэвізійная справаздача па Мінскім благачынні датуецца 1682 годам. У ім гаворыцца, што храм састарэў, а святар з’ехаў. Праз некаторы час царква была разабрана.

Вартым увагі ў храме з’яўляецца і цэнтральнае панікадзіла, набытае ў 1899 годзе за 360 рублёў. 100 рублёў на пакупку ахвяраваў Святы праведны Іаан Кранштацкі падчас свайго паломніцтва па Віленскім краі.

У XVIII стагоддзі Ракаў становіцца ўласнасцю княжацкага роду Сангушкаў. Сенатар Казімір Сангушка, першы ў сваім родзе ўладальнік Ракава, у 1701 годзе заснаваў тут базіліянскі манастыр, у якім пасяліліся манахі. Для яго быў адведзены кавалак зямлі плошчай каля палавіны гектара – пад царкву, жылы корпус і могілкі.

Багаццем манастыр ніколі не вызначаўся. У другой палове XVIII стагоддзя існаваў афіцыйны “рэйтынг” базіліянскіх манастыроў Вялікага Княства Літоўскага. Ракаўскі займаў там 29-е месца з 37-і. У 1730 годзе пачалося будаўніцтва мураванага уніяцкага храма, якое зацягнулася на дзесяцігоддзі. І толькі ў 1793 годзе святыню, нарэшце, пабудавалі: 16 верасня яна была асвечана ў гонар Праабражэння Гасподняга. З 1730-х гадоў і да пачатку XX стагоддзя пры храме існавала брацтва і сястрынства ў гонар праведнай Ганны.

Тут у 1740-х гадах гасцяваў мітрапаліт Кіеўскі Афанасій (Шапціцкі) – першая асоба тагачаснай грэка-каталіцкай царквы. Магчыма, прадстаўнікі уніяцкага свяшчэнства бывалі ў мястэчку не адзін раз: Ракаў стаяў на вялікай дарозе з Мінска ў Вільню.

XIX стагоддзе манастыр сустрэў у даволі сціплым стане. У 1819 годзе тут жылі трое манахаў, уключаючы настаяцеля.

Мітрапаліт Юзаф Сямашка ў 1835 годзе ліквідаваў манастыр базіліянаў у Ракаве, і Праабражэнскі храм стаў зноў выконваць прыходскія функцыі.

Паводле падання, у XV стагоддзі ў Ракаве жыў адзінокі, няшчасны сляпы чалавек. У начным бачанні яму з’явілася Найсвяцейшая Дзева і загадала пайсці на ўскраіну горада. Аднак невідушчы заблукаў у лесе і выпадкова патрапіў на крыніцу. Здаволіўшы смагу і памыўшыся, ён цудоўным чынам пачаў бачыць і вылечыўся ад сваіх хвароб. Там жа, каля крыніцы, ён убачыў зіхатлівую ікону, якую і прынёс з глыбокай павагай у мястэчка. Назвалі яе адпаведна месцу з’яўлення – Ракаўскай іконай Божай Маці.

У 1839 годзе на Полацкім саборы была ліквідавана сама унія. Больш чым 1600 беларускіх грэка-каталіцкіх прыходаў сталі праваслаўнымі. Настаяцель ракаўскага храма разам з прыхаджанамі таксама прыняў саборныя пастановы. У 1866 годзе храм пераасвечаны ў праваслаўную Спаса-Праабражэнскую царкву.

Да гэтага моманту вежы і скляпенне храма былі паўразбураны, тынкоўка адсутнічала. Але на працягу некалькіх гадоў храм быў адбудаваны, столь распісана, узведзены жалезны дах.

Царква мела на той час шэсць прыпісных храмаў: Крыжаўзвіжанскі ў Ракаве, у вёсцы Выганічы і чатыры могілкавыя ў навакольных вёсках. Рамантавалася ў 1877 і 1884 гадах. Двухпрастольная, з прыдзелам у імя Святога Мікалая. У 1887 годзе ў гонар 25-годдзя вызвалення сялян ад прыгоннага права перад храмам была пабудавана званіца.

Ракаўская царква з’яўляецца прыкладам архiтэктуры пераходнага перыяду ад барока да класiцызму.

У 1906 годзе ў Спаса-Праабражэнскай царкве быў зроблены капітальны ўнутраны рамонт. Мастак П. Курбатаў распісаў сцены храма, абнавіў іканастас. Пасля гэтага Ракаўская царква па сваім аздабленні ўвайшла ў лік лепшых праваслаўных храмаў Мінскай епархіі. На тэрыторыі Праабражэнскага прыхода было сем прыпісных храмаў і капліц.

Дзень 14 верасня 1910 года стаў для прыхаджан Спаса-Праабражэнскага храма днём светлай урачыстасці і духоўнай радасці. Па просьбе айца Канстанціна Акаловіча ў дар Ракаўскаму царкоўнаму брацтву была прыслана з Афона копія іконы Божай Маці “Акафіснай”, ці “Прадапавяшчальніцы”. Ікона напісана на афонскім Кіпарысе, а манахі з вонкавага боку іконы ўклалі часцінку жыватворнага Крыжа Гасподняга, каменьчык ад труны Прасвятой Багародзіцы, часцінкі мошчаў свяшчэннапакутніка Харалампія, свяціцеля Рыгора Паламы, архіепіскапа Фесаланіцкага, балгарскага пакутніка Георгія Новага. У прыходзе гэта ікона называецца вернікамі “Афонская”. Яна стала адной з галоўных святынь храма.

У час Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць Ракаўскай царквы не прыпынялася, у ёй рэгулярна адбываліся ўсе службы. У 1958 годзе галоўная святыня храма была страчана.
У 60-я гады XX стагоддзя ўлады мелі намер закрыць Спаса-Праабражэнскі храм. Толькі дзякуючы аб’яднаным намаганням вернікаў гэтага не адбылося, і царква дзейнічала пастаянна.

Галоўнай падзеяй, якая радыкальна паўплывала на рэлігійнае жыццё Ракава, стала з’яўленне Ракаўскай іконы Божай Маці.

Пазней на месцы яе з’яўлення былі пабудаваны храм, каплічка і брама-званіца, якія разбурылі падчас хрушчоўскіх ганенняў. Арыгінал Ракаўскага цудатворнага вобраза не захаваўся: падчас Першай сусветнай вайны ён быў эвакуіраваны ў глыб Расіі, дзе і згубіўся ў гады савецкага ліхалецця. Захаваўся шануемы спіс іконы.

У 1993 годзе была адноўлена па захаваных фотаздымках Крыжаўзвіжанская капліца на святой крыніцы, дзе ў XV стагоддзі было з’яўленне Ракаўскай іконы Божай Маці.

Зараз у храме з’явіліся новыя традыцыі. Тут перыядычна праводзяцца місіянерскія богаслужэнні на рускай мове. Дзейнічае аматарскі лялечны тэатр. Вядзецца работа па апісанні архіва і стварэнні музея гісторыі прыхода. Прыходская моладзь разам з настаяцелем здзяйсняюць паломніцтвы да праваслаўных святыняў.

Матэрыял прадастаўлены раённым краязнаўчым музеем