Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
21.12.2015. З фотамайстрам Яўгенам Коктышам мы знаёмыя гадоў дваццаць пяць. Увесь гэты час ён мяне фатаграфуе пры сустрэчы. Напачатку года паказваў вялікі альбом, дзе ў яго сабраны фотаздымкі многіх вядомых людзей Беларусі, зробленыя ў розныя гады. Большасць фотаработ нідзе не друкавалася. Убачыўшы свае здымкі, я папрасіў падарыць пару. Спадар Яўген абяцаў прынесці. Сёння прынёс пяць, зробленых не так даўно. Гартаючы старонкі новай кнігі пра Уладзіміра Мулявіна, дзе змешчаны і здымкі Яўгена Коктыша (каля дваццаці), што нам прадставіла аўтарка кнігі Людміла Крушынская, спадар Яўген сказаў: “Трэба было звярнуцца да мяне! У мяне яшчэ ёсць каля пяцідзесяці здымкаў з Мулявіным, якія нідзе не друкаваліся…” У адказ я толькі і прамовіў: “Значыць, ужо ёсць новыя матэрыялы для новай кнігі пра Песняра…”
22.12.2015. Быў у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь на адкрыцці выставы палітычных карыкатур Алега Карповіча. Зроблена ўсё па-майстэрску, прафесійна. Алега я ведаю яшчэ са студэнцкіх гадоў. Пазнаёміліся мы з ім у рэдакцыі часопіса “Маладосць” і потым пасябравалі. У мяне захоўваецца сёе-тое з дыпломнай работы Алега, на абароне якой я прысутнічаў. Калі я жаніўся, Алег у мяне быў адным са сватоў. Незаўважна з дня нашага знаёмства праляцела больш за трыццаць гадоў. Гледзячы на карыкатуры, я ўспамінаў юначыя работы сябра. Яны былі іншыя, але ўжо тады ў іх былі і гумар, і сатыра. У мяне ёсць падарунак ад Алега, які ён мне прэзентаваў гадоў пятнаццаць таму – гіпсавы, пакрыты бронзай, невялікага памеру мой бюст. Напачатку Алег мяне ляпіў з пластыліну. Ён ляпіў, а я смяяўся. Словам, ёсць што ўспомніць…
25.12.2015. З Людмілай ездзілі ў цэнтр горада. Напачатку наведалі кнігарню, дзе забралі пакінутую для нас Францам Сіўко кнігу. Пагарталі некаторыя новыя выданні, паглядзелі на чытачоў. Дзяўчына гадоў дваццаці хацела набыць Людміліну кнігу. Аднак, відаць, палічыўшы ў думках бацькоўскія грошы і зразумеўшы, што іх не хопіць на ўсё, па што яна прыйшла, не звярнулася да аўтаркі за аўтографам, хоць і кнігу не выпускала з рук да часу, пакуль мы былі сярод пакупнікоў…
У Нацыянальны мастацкі музей зайшлі паглядзець гравюры Гоя і Пікасо. На першым паверсе – пачатак выставы Рамана Заслонава. Карціны знаёмыя, раннія. На другім паверсе працяг выставы. Напісаны ў Францыі. Паглядзелі ўсё. Найбольш спадабаліся карціны, што былі напісаны больш за дваццаць гадоў таму – “На радзіме Я. Наркевіча-Ёдкі. Дыпціх. Лета-зіма” і “Маладыя мастачкі”. Пазнаў мастачку Аксану Аракчэеву. Карціны ў канцы 80-х і пачатку 90-х друкаваліся ў часопісе “Беларусь”, дзе я працаваў у аддзеле культуры. Заглянулі ў альбом водгукаў. У асноўным запісы кароткія: “Дзякую! Спадабалася! У захапленні!” Ёсць і непрыемныя для мастака: “Талант у художника есть. А вот тематика картин не совсем понятна. Еще Пушкин говорил: «Пиши, не мудрствуя лукаво». А художник так намудрил, что и понять трудно, что к чему. Наши белорусские женщины в жизни покрасивее будут и лучше сложены, чем на картинах художника… 24.12.2015”.
У зале, дзе прадстаўлены гравюры Франсіска Гоя (1746-1828) і Пабла Пікасо (1881-1937), шмат людзей. Многія падоўгу стаяць каля асобных работ, разглядаюць, выказваюць адзін аднаму свае ўражанні. Назвы гравюр у Гоя, як вершы ў адзін радок: “Яна моліцца за яе”, “Ніхто нікога не ведае”, “Паляванне за зубамі”, “Збан разбіўся”, “Сон розуму нараджае пачвар”, “Вазы на могілках”, “Уцякаюць праз агонь”, “Ужо няма часу”. Як вершы, гравюры і ў Пікасо: “Фаўн, які раскрывае спячую”, “Сляпы Мінатаўр, якога вядзе маленькая дзяўчынка ўночы”, “Мінатаўр, які атакуе амазонак”…
Не абмінулі выставы карцін Мікалая Залознага і Мацвея Басава, а таксама кераміку Валерыя Калтыгіна. Тут найбольш мяне ўразіў цыкл “У кожнага свой крыж”. Я палічыў крыжы. Усіх 26. З савецкай памяці ўсплылі дваццаць шэсць бакінскіх камісараў…
Пасля Нацыянальнага мастацкага музея зайшлі ў “Штоле”, дзе напаткалі дачку Івана Чыгрынава Таццяну. Будучы ў Парыжы мінулым летам, мы з ёй сустрэліся на Елісейскім полі ў кавярні. Тады і сёння мы падсілкоўваліся за столікам, дзе да нас падсела дачка Чыгрынава. Паеўшы пірагоў, папіўшы гарбаты з руж, Людміла пацікавілася: “Ну як?” “Як у Парыжы!” – адказаў я…
Наведалі “Цэнтральную кнігарню”. У беларускім аддзеле жанчына з дачкой пазнала Людмілу і пашкадавала, што ўжо набылі і прачыталі ўсе “Авантуры Пранціша Вырвіча”…
Зайшлі ў Свята-Петра-Паўлаўскі сабор. Заказалі малітву аб памерлых, паставілі свечкі. Сёння тры гады, як памёр мой бацька…
27.12.2015. Заходзіў у майстэрню Алеся Квяткоўскага. Ён некалькі дзён таму закончыў партрэт адной вядомай пісьменніцы. Карціна новая, але яна амаль цалкам паўтарае тую, напісаную яшчэ ў 1987 годзе, калі пісьменніца прыходзіла да мастака і пазіравала яму. На жаль, той партрэт захоўваецца ў некага са знаёмых Алеся, а рэпрадукцыя надрукавана ў “Энцыклапедычным даведніку Беларускага саюза мастакоў. 1938-1998”. Гледзячы на Глобуса і на мяне, Алесь таксама падвёў вынікі працы за 2015 год. Ім напісаны 17 карцін і зроблена шмат эскізаў для будучых палотнаў.
Сярод алоўкаў і пэнзлікаў я сфатаграфаваў яблык. Калі да Алеся прыходзяць вучні-мастакі, яблык для іх працуе натуршчыкам. Ён састарэў, скукожыўся, але не згніў…
У другой палове дня яшчэ завідна з Людмілай ездзілі ў “Цэх”, што на Кастрычніцкай, 16. Месца мне знаёмае. Побач лікёра-гарэлачны завод “Крышталь”, дзе я ў маладосці грузчыкам праходзіў адзін з курсаў жыццёвага ўніверсітэту. Вуліца крыху змянілася. Папрыгажэла. Трамваі не ходзяць. Цішыня. Навокал пахне дражджамі, як і трыццаць пяць гадоў таму. Зайшлі ў “Цэх”. Поўна моладзі. Напачатку я адчуў сябе шкодным бацькам, які шукае дачку і сына, каб паглядзець, чым яны тут займаюцца. Аднак, убачыўшы, што ніхто ў памяшканні не курыць і не п’янствуе, зняў шапку і прытварыўся маладзёнам, які рана пасівеў ад багемнага жыцця. Людміла ў гэты час разглядала ўпрыгожванні і адзенне, якое прадавалася ў “Цэху”. Можна было б папіць гарбаты, але не захацелася перашкаджаць моладзі быць вельмі дарослымі і самастойнымі. Праз дарогу побач з “Цэхам” кавярня “Дэпо”. Праз вокны бачна, што і там поўна маладых наведвальнікаў. На адным з вокнаў намаляваны Уладзімір Караткевіч з кацянятамі. Мы сфатаграфаваліся на памяць. Потым некалькі хвілін пастаялі каля прахадной лікёра-гарэлачнага завода “Крышталь”. На яго тэрыторыі, калі я працаваў, быў помнік Леніну. Ці ёсць цяпер? Не ведаю…
Першая гадзіна ночы. Глядзім фінал расійскага тэлешоу “Голас”. Перамагае іераманах Фоцій. Наша сабачка Міёна ў іншым пакоі ціскае гумовую цацку, якая гучна пішчыць. Чуючы піск, кажу: “Як у “Сабачым сэрцы” Булгакава!” Людміла дадае: “Добра, што на балалайцы не іграе!”
29.12.2015. Упершыню ўзяў працоўны адпачынак зімой. Праўда, усяго чатыры пераднавагоднія дні, але яны разам з днямі святочнымі ператварыліся ў дзесяць. Нядаўна меў сякія-такія планы нешта зрабіць, што раней не мог, а ў выніку – сяджу з сабачкай Міёнай. Людміла на працы, дзеці ў вандроўцы. Гляджу праз акно ў двор. Там заснежаныя машыны, галубы, галкі, каты і дворнік, які мяце снег, пад якім лёд, як неба…
Сяджу дома. Звініць тэлефон. Патурбавалі з нейкай сэрвіснай фірмы па вокнах: “У нас акцыя праверак па вокнах. У вас усё ў парадку з вокнамі?” Хвіліны тры адказваю на пытанні. “Майстар да Вас прыйдзе праз гадзіну. Вы будзеце дома?” – цікавяцца з фірмы. “Буду! Толькі мне нічога не трэба. Я адзін дома, і ў мяне не прыбрана!” – кажу я. “А Вы прыбярыце, і майстар да Вас прыйдзе і паглядзіць вокны!” – настойвае дзяўчына. “А ён умее рамантаваць вокны?” – пытаюся. “Гледзячы што…” – “Ручку памяняць зможа?” – “Думаю, што зможа. Толькі гэта будзе платна!” – “Заплачу!” – “А Вы паўнагадовы?” – “Мне хутка сто гадоў!” – “А як Вас завуць?” – “Віктар!” – “Чакайце майстра. Ён ужо ідзе!” Цяпер сяджу і чакаю. Я не адзін. Я з аўчаркай Міёнай.
Не прайшло і пятнаццаці хвілін пасля тэлефанавання з сэрвіснай фірмы па абслугоўванні вокнаў, як у дзверы пазванілі – прыйшоў майстар. Малады хлопец. Назваўся Раманам. Пачуўшы, што я гавару па-беларуску, хлопец загаварыў па-беларуску. “А хто Вы па прафесіі?” – пацікавіўся мой суразмоўца. “Адгадай з трох разоў?” – прапанаваў я. “Мастак!” – “Чаму так думаеце?” – “У Вас шмат карцін на сценах!” – “Не!” – “Выкладчык беларускай мовы!” – “Не!” – “Гісторык!” – “Не!” – “Ну тады не ведаю…” – “Пісьменнік. Віктар Шніп” – “Ведаю такога. Чытаў нешта”. На маё пытанне: “Дзе мову вывучыў?” хлопец адказаў: “Сам! Я ж беларус!” З дамовы на рамонт акна я даведаўся прозвішча Рамана – Кушнер.
31.12.2015. На Мухлі гуляю з Міёнай. На заснежаных соснах вароны, як вялікія чорныя шышкі…
01.01.2016. З Людмілай са старым годам развіталіся ў бабулі, а Новы год сустрэлі на Цэнтральным пляцы каля святочнай ялінкі. Людзей было чалавек 150-200. Калі было хвілін пятнаццаць Новага года, Дзед Мароз, які невядома адкуль з’явіўся, прапанаваў павадзіць карагод вакол ялінкі. Многія з радаснымі крыкамі кінуліся ўслед за ім. Я не пабег, бо за дзень з нашай шчанючкай Міёнай на Мухлі накарагодзіўся вакол сасонак. Яшчэ праз хвілін дзесяць народ паціху пачаў разыходзіцца з пляца. Пайшлі і мы. Каля Ратушы пафатаграфаваліся на вазку з коньмі. Спадзяёмся на новыя вандроўкі і ў новым годзе. Ідучы каля кавярні, я сказаў: “Бедныя людзі на свята спыняюцца каля кавярань і заглядаюць у вокны, каб пабачыць, як багатыя ядуць ананасы і рабчыкаў жуюць…” Дома яшчэ раз сустрэлі Новы год. За некалькі гадзін да Новага года патэлефанаваў усім сваім сваякам, павіншаваў. Стрыечная сястра Аня прапанавала нарэшце ў 2016 годзе сабрацца нам, стрыечным сёстрам і братам, у Ракаве ў Ігара з Раісай (яны даўно чакаюць) і пасядзець разам за святочным сталом, а то мы апошнім часам толькі на пахаваннях і сустракаемся.
02.01.2016. Вераніка і Максім вярнуліся з навагодняй шасцідзённай вандроўкі. Былі ў Дрэздэне, дзе наведалі Карцінную галерэю Старых майстроў і бачылі Сіксцінскую Мадонну Рафаэля. Новы год сустрэлі ў Празе на плошчы сярод людзей. У Чэхіі было амаль цёпла. Прыехалі дамоў, а тут мароз 17 градусаў. Сорак хвілін я з Міёнай чакаў Вераніку і Максіма на вуліцы. Змерзлі. Пабеглі дамоў. Толькі пачалі сагравацца, як прыехалі дзеці. У Міёны было радасці поўныя зубы. Цяпер у хаце зноў пацішэла. Нягледзячы на мароз, мне хочацца ўзяць Міёну і зноў пайсці на вуліцу, дзе снег і сонца (белае і залатое), а неба над горадам чыстае, і толькі рэдкая хмарка даплывае да яго цэнтра, які заўсёды над кожным з нас, дзе б мы не былі…
03.01.2016. Раніца. Мароз. Сустрэўся з Алесем Квяткоўскім. Пытаюся: “Колькі градусаў?” “Сорак!” – адказаў мастак. “Не можа быць! У нас сорак градусаў бывае толькі ў пляшках!” – адказаў я, і мы засмяяліся, і нам пацяплела…
04.01.2016. У рамках акцыі “Сямейнае чытанне” ў “Цэнтральнай кнігарні” адбыўся кніжны марафон, які пачаўся ў 11 гадзін. Людзей было няшмат. Мароз. Многія па-мойму заходзілі, каб толькі пагрэцца. За столікам з шыльдачкай “Аўтограф на памяць” я гаварыў з наведвальнікамі і чытаў вершы з 16 да 17 гадзін. Пасля мяне была Людміла Рублеўская да 18. За свае гадзіны мы прадалі па чатыры кнігі. Больш нічога пры нас ніхто не купіў. Людзі ў большасці корпаліся ў святочных паштоўках. Праўда, людзі, якія займелі нашы кніжкі, ужо чыталі нашы творы. Маці са школьніцай, якая купіла “Авантуры Пранціша”, гадавала дачку, чытаючы ёй Людміліны “Прыгоды мышкі Пік-Пік”…
05.01.2016. Хадзіў на журфак БДУ, дзе на сёмым паверсе знаходзіцца студыя СТБ. Запрасілі мяне як галоўнага рэдактара выдавецтва, якое выпусціла кнігу пра Уладзіміра Мулявіна, паўдзельнічаць у перадачы, прысвечанай 75-годдзю з дня нараджэння Песняра. Чакалі на запіс і Леаніда Барткевіча, але ён чамусьці не прыйшоў.
Акрамя расповеду пра кнігу, я згадаў, як у 1976 годзе (я тады вучыўся ў Мінскім архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме і жыў у інтэрнаце на вуліцы Змітрака Бядулі) да мяне прыходзілі патлатыя хлопцы. Убачыўшы нечаканых гасцей, я адразу падумаў, што гэта прыйшлі браць дань. У інтэрнаце быў такі звычай, калі старшакурснікі і ўжо некаторыя выпускнікі збіралі ў першага і другога курса грошы на выпіўку. Грошай у мяне амаль не было, і я падрыхтаваўся да пабояў. Сярод гасцей быў Прынц. Ён даўно закончыў тэхнікум, але не пакідаў у спакоі наш інтэрнат са сваёй кампаніяй.
Сеўшы на мой ложак, Прынц звярнуўся да мяне: “Нам паведамілі, што ты, пацан, вершы пішаш!” “А што, нельга?” – спалохана запытаўся я. “Можна! Але гледзячы якія! Добрыя можна! Кепскія нельга!” – адказаў Прынц. Пачуўшы гэта, я крыху пасмялеў: “А што вы хочаце?” “Трэба тэрмінова Лёню дапамагчы пару радкоў у песні дапісаць!” – сказаў Прынц і даў мне паперыну з вершам. Недзе каля гадзіны я рыфмаваў і зрабіў тое, што ад мяне хацелі. Лёня ўсе мае варыянты спяваў і злаваўся з таго, што я не ведаю нотнай граматы. Пазней я даведаўся, што мой госць Лёня – выпускнік архітэктурна-будаўнічага тэхнікума Леанід Барткевіч, які падчас навучання быў салістам тэхнікумаўскага аркестра, а ў далейшым стаў вакалістам створанага ім вакальна-інструментальнага ансамбля “Залатыя яблыкі”. На той час, калі я рыфмаваў для “Песняроў”, Леанід Барткевіч ужо спяваў у “Песнярах” Уладзіміра Мулявіна. Развітваючыся, мае госці сказалі, каб я і далей пісаў вершы, а, калі што атрымаецца песеннае, прапаноўваў для “Песняроў”, і каб, калі хто будзе крыўдзіць, казаў, што я сябрую з Прынцам, і ён залічыў мяне ў сваю кампанію…






