Народны гурт народнага гумару “Дубінскія Фанабэры” Дубінскога сельскага Цэнтра культуры ў мінулую суботу наведаў рэспубліканскі фестываль гумару ў Аўцюках. Фестываль ужо 30 год з’яўляецца візітнай карткай Калінкавічскага раёна і збірае лепшых гумарыстаў з усіх куткоў нашай краіны. Мінскую вобласць на фестывалі прадстаўлялі два раёны – Валожынскі і Слуцкі.

На фестывальнай пляцоўцы праходзілі вясёлыя спаборніцтвы паміж гумарыстамі абласцей Беларусі ў розных конкурсных праграмах. Гэта і гумарыстычныя гісторыі “Брашы, ды меру знай”, інструментальны конкурс “Я дрынчу, на чым хачу”, конкурс прыпевак “Што я бачу, то і спяваю”, выступленні ў размоўным жанры з анекдотамі і байкамі, спаборніцтва гумарыстычных касцюмаў “Модныя Аўцюкоўцы”.

Неад’емнай часткай фестывалю стала шэсце-парад і візітная картка творчых дэлегацый. У гэтым годзе тэмай фестывалю сталі савецкія кінакамедыі. Дубінскім Фанабэрам выпала “Кавказская пленница”. Творчы калектыў народнага гумару “Дубінскія Фанабэры” з гонарам атрымаў Дыплом II ступені і чарговы раз пацвердзіў, што ў Дубіне жывуць вясёлыя і творчыя людзі, а вёска Дубіна і сёння застаецца сталіцай гумару Валожынскага раёна.