Сёння ў Дорах ля мемарыяльнага комплексу “Загінуўшых чакаюць вечна…” адбыўся мітынг, прымеркаваны сумнай даце: 23 ліпеня спаўняецца 80 гадоў, як фашысты зажыва спалілі на гэтай зямлі 349 мірных жыхароў.
У жалобным мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, педагагічная грамадскасць, члены раённай ветэранскай арганізацыі і грамадскіх аб’яднанняў, выхаванцы дзіцячай дашкольнай установы, работнікі культуры, вясковыя жыхары.
Як адзначыла ў зваротным слове старшыня Дорскага сельвыканкама Рамуальда Іваноўская, колькі б гадоў не прайшло з мая 1945-а, удзячныя нашчадкі заўсёды будуць памятаць і ганарыцца подзвігам тых, хто здзяйсняў штодзённы подзвіг і здабыў Вялікую Перамогу.
– Восем дзясяткаў гадоў прайшло з таго страшнага часу, як надосвітку 23 ліпеня 1943 года ў Дорскай царкве згарэлі 146 чалавек, з іх 36 дзяцей, – падкрэсліла Рамуальда Браніславаўна. – Падобная трагедыя паўтарылася і ў вёсцы Лапіцы: са 125-і зажыва спаленых у хляве людзей, палова – дзеці. У вёсцы Сярэдняе Сяло такая ж доля напаткала 78 аднавяскоўцаў. Мы заўсёды павінны памятаць тых, хто аддаў сваё жыццё на нашу светлую будучыню, і рабіць усё магчымае, каб на Зямлі быў мір.
– Сённяшняе мерапрыемства вельмі глыбока кранае душу, – сказала старшыня савета Валожынскай раённай арганізацыі ветэранаў Таццяна Ціганіна. – Сэрца напаўняецца неймаверным болем ад успамінаў таго страшнага мінулага, калі ж у такі летні дзень вось на гэтым месцы жыўцом кідалі ў агонь нявінных матуль, дзяцей, старых. І колькі б не прайшло гадоў, нябачная нітка людской памяці і павагі перадаецца з пакалення ў пакаленне – яна павінна быць вечнай і святой! Хочацца асабліва звярнуцца да маладых людзей: усё было зроблена для таго, каб была перамога, каб панаў мір, каб у нашчадкаў была будучыня. Беражыце, цаніце і любіце нашу Радзіму Беларусь, ніколі не забывайце сваіх продкаў-герояў!
Усе прысутныя ўсклалі кветкі да помніка і ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА