Мерапрыемствы калектыву народнага літаратурна-мастацкага майстэрства “Рунь” заўсёды збіраюць людзей, нераўнадушных да паэзіі і творчасці. Цяпер іх вельмі шмат праходзіць. Таму мы вырашылі падрабязней пра іх паразмаўляць з кіраўніком калектыву Наталляй Жылевіч.
– Мерапрыемстваў у нас праходзіць многа, людзі на іх прыходзяць с задавальненнем. Па-першае, мы працягваем праект “Жывое слова”, які існуе ўжо два гады. Гэты праект дазваляе з дапамогай сучасных тэхналогій запісаць відеаролікі, у якіх людзі чытаюць вершы. Відеа запісваем, каб пакінуць нашчадкам. Так склаўся час. Мы стараемся ісці ў нагу з ім. Цяпер разам з друкаваным словам папулярны і відэафармат. Нашы летуценнікі запісваюць вершы аўтараў, якія самі іх не запісваюць, або аўтараў, якіх ужо няма ў жывых.

Працягваем праект “Памяці нашай споведзь”, што запусцілі да 80-годдзя вызвалення Беларусі. У гэтым годзе крышачку змянілі фармат. Цяпер яго робім разам з вамі, з рэдакцыяй газеты. На відэа будуць запісвацца вершы, якія прачытаюць “рунеўцы”, а таксама іх надрукуюць у газеце. Такім чынам мы зможам ахапіць большую колькасць людзей, каб яны пачулі вершы пра жудасную вайну. Нашы аўтары жывуць па ўсім Валожынскім раёне і за яго межамі. Таму да Дня Вялікай Перамогі яны аб’едуць помнікі загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, пакладуць кветкі і паўдзельнічаюць у мерапрыемствах.
На наступным тыдні плануем два маштабныя мерапрыемствы. Першае – “Вечар, прысвечаны юбілею сучаснага класіка беларускай літаратуры Віктара Шніпа”, дзе будзе можна сустрэцца з ім і пачуць яго творы. А ў наступную суботу плануем правесці “Маладыя галасы”. Конкурс ідзе, творы дасылаюцца.

Самыя актыўныя яго ўдзельнікі – аўтары з Ракаўскай школы, сярэдняй школы № 1, гімназіі № 1. Таксама ў ім могуць удзельнічаць не толькі школьнікі, але і моладзь да 31 года. Мы дасылалі палажэнне ва ўсе арганізацыі раёна, але заявак пакуль не прыйшло. Таму яшчэ на працягу выхадных заяўкі прымаюцца, калі хто хоча паўдзельнічаць. Радуе, што з кожным годам конкурс не губляе папулярнасці. Многія ўдзельнікі пасля заканчэння прыходзяць да нас у аб’яднанне.
У маі пройдзе вечарына памяці Галіны Рубацкай, прымеркаваная да 125-годдзя са дня нараджэння. Яна была паэткай ад народа, якая нарадзілася ў 1900 годзе. На жаль, малавядомая. Але па сённяшні дзень засталіся яе нашчадкі, якія могуць расказаць пра жыццё і творчасць паэткі і прымуць удзел у вечарыне. Такія мерапрыемствы заўсёды выклікаюць цікавасць у чытачоў, таму што ёсць магчымасць не толькі пачуць творы.
Разам з гэтым мерапрымствам мы запускаем праект “Чытаем вершы Галіны Рубацкай”, каб пра яе з’явілася больш інфармацыі, і вершы загучалі шырэй, каб людзі пазнаёміліся з яе творчасцю. Разам з бібліятэкай на гэтым тыдні мы запускаем творчы праект. Першы верш прачытае ўнук Галіны Рубацкай.
У канцы мая ўдзельнічаем у справаздачных канцэртах раённага цэнтра культуры. На іх арганізоўваем сапраўднае свята для мам, бабуль і гледачоў. Нам ёсць што паказаць. Навучыліся мы шмат чаму і пастаремся прадставіць сваю творчасць.
Чэрвень, як і заўсёды, будзе адзначаны фестывалем у Маладзечне. У гэтым годзе пляцоўка будзе большая. На ёй з’явяцца нашы маладыя аўтары.
Таксама пройдзе і “Лета з добрай кніжкай”. У нас вельмі многа аўтараў, якія пішуць для дзяцей. Гэта і член Саюза пісьменнікаў Лідзія Гардынец, Тамара Бярэзіна, Марыя Шакун, член Еўразійскай гільдыі Марыя Мучынская. Таму ўсё лета мы ходзім да дзяцей і знаёмім іх з творчасцю, праводзім цыкл гульнёвых мерапрыемстваў, якія знаёмяць з беларускай мовай. Адным словам, вучым дзяцей размаўляць па-беларуску.
Пройдуць і сустрэчы з Саюзам пісьменнікаў. Мы можам пахваліцца – у нас сярод удзельнікаў літаратурнага аб’яднання “Рунь” дзесяць членаў Саюза пісьменнікаў.
Запланавана на бліжэйшы час выдавецтва кнігі Валянціны Гіруць-Русакевіч, якую праілюструюць сваімі малюнкамі навучэнцы школы мастацтваў з Валожына. Адбудзецца гэта ў рамках праекта “Кніга разам з аўтарам”. Дзецям цікава ўдзельнічаць у ім, таму што кожны малюнак будзе падпісаны аўтарам.
Як бачыце, праектаў і мерапрыемстваў вельмі шмат. Іх арганізоўвае наша творчая каманда, у якую ўваходзяць Галіна Гражынская, Аляксей Герман і нашы творцы. Разам мы стараемся зацікавіць і дзяцей, і дарослых творчасцю сучасных аўтараў. Я ўсцешана тым, што людзі ідуць да нас і цікавяцца тым, што мы робім так шчыра.
Наталля НЯМКЕВІЧ