Сёння радаснае Алелюя гучыць ва ўсіх нашых святынях. Гэта не проста слова – гэта водгук надзеі, веры і перамогі, які абвяшчае ўсім: Хрыстос Уваскрос! Мы сустрэлі Яго жывога – прысутнага ў Эўхарыстыі, у малітве, у нашых сэрцах, дамах і ў супольнасцях.
Уваскрэсенне – гэта перамога над смерцю і грахом. Гэта адкрытыя брамы неба. Але ці ўвойдзем мы ў іх – залежыць толькі ад нас, ад таго, ці абяром мы сваю дарогу жыцця, святасці, дабра і любові.
У гэты светлы і радасны дзень шчыра жадаю ўсім вам і вашым сем’ям: ісці шляхам Хрыста, шляхам збаўлення; адчуваць у сэрцы радасць Уваскрэсення; перамагаць зло і нянавісць любоўю і міласэрнасцю; будаваць супольнасць міру і дабра вакол сябе.
Няхай Уваскрэслы Пан адорвае вас здароўем, духоўнай моцай і сваёй ласкай. Няхай захоўвае ад усякага зла і ўмацоўвае вашы сем’і ў любові, адзінстве і вернасці. Няхай даруе шчасце – сапраўднае, якое не праходзіць і якое можна знайсці толькі ў Богу.
Няхай гэты Вялікдзень стане днём глыбокай сустрэчы з Жывым Хрыстом! Са святам, любая Беларусь!
З малітвай і благаславеннем – а. Павел РАМАНЧУК OFMConv