Кожная гістарычная падзея мае сваё адметнае значэнне
і так ці інакш уплывае на далейшы ход гісторыі, на лёс народаў, іх культуру і менталітэт.
Гэта адносіцца і да такой знамянальнай даты — 17 верасня 1939 года.
Мяжа з БССР ў раёне старой дарогі Ракаў–Мінск.
А ў адпаведнасці з умовамі Рыжскага мірнага дагавору ад 18 сакавіка 1921г. заходнія землі Беларусі сталі ўласнасцю Польшчы. Да Польшчы адышла Гродзенская губерня, усходнія раёны Віленскай і заходнія раёны Мінскай губерняў.
Агульная плошча заходнебеларускіх зямель, што аказаліся пад польскай уладай, склала 113 тыс. кв. км з насельніцтвам 4,6 млн.чалавек (па дадзеных 1931г.).
На далучаных тэрыторыях польскі ўрад аднавіў палітыка-адміністрацыйнае дзяленне, страчанае ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы 18-га стагоддзя. Былі ўтвораны ваяводствы замест губерняў, паветы – замест уездаў, гміны – замест валасцей. Такім чынам, на ўсёй тэрыторыі Польшчы было створана 17 ваяводстваў: 6 цэнтральных, 5 заходніх і 6 усходніх.
Навагрудскае ваяводства з Валожынам, як павятовым цэнтрам, увайшло ў групу ўсходніх ваяводстваў.
Сярод іх беларусаў налічвалася 65%, яўрэеў – 11%, украінцаў – 4%, літоўцаў – 2,5%, рускіх – 2%. Пад Польшчай апынулася вялікая частка тэрытрыі нашага раёна, мяжа з БССР праходзіла ў раёне старой дарогі Ракаў–Мінск.
Усе «правы» беларусаў
У адпаведнасці з дагаворам урад Польшчы павінен быў даць беларускаму насельніцтву “ўсе правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і выкананне рэлігійных абрадаў”.
Аднак, гэтыя абавязкі не выконваліся. Польскія ўлады праводзілі ў Заходняй Беларусі палітыку нацыянальнага прыгнёту, жорсткага праследвання беларускай нацыянальнай культуры.
Набытыя тэрыторыі Заходняй Беларусі называліся “крэсы усходнія”. Ужо ў самой назве дадзенай тэрыторыі адчуваецца ідэя непрызнання права беларусаў на самавызначэнне.
Паўсюдна закрываліся беларускія школы, гімназіі, абмяжоўваўся прыём іх выпускнікоў у польскія вузы, у дзяржаўных установах і органах самакіравання дазвалялася выкарыстоўваць адзін язык – польскі.
У Валожыне ў 1926 годзе была адкрыта польская сямігодка, а ў 1938 годзе польская гімназія. Вучыцца і размаўляць у навучальных установах патрэбна было толькі на польскай мове. Многія сялянскія дзеці не маглі атрымаць адукацыю, так як навучанне было платным.
З 400 беларускіх школ, існаваўшых на тэрыторыі Заходняй Беларусі да польскай акупацыі, у 1928 годзе засталося 29 беларускіх і 49 змешаных польска-беларускіх школ, у 1934 – 16, у 1939 – ні адной.
Спынілася выданне беларускіх газет і часопісаў. Так, у 1927 годзе выдаваліся 23 беларускія газеты і часопісы, у 1930-м іх засталося 12, а у 1932-м – 8. Да 1937 года не засталося ні аднаго. У Заходняй Беларусі не было ні аднаго беларускага тэатра або музычнай установы. Зачыняліся клубы і бібліятэкі.
Вядучую ролю ў паланізацыі беларускага насельніцтва адыгрывала каталіцкая царква.
Аграрна-сыравінны прыдатак Польшчы
У адносінах да усходніх ваяводстваў польскі ўрад праводзіў каланіяльную палітыку, ператвараючы іх у аграрна-сыравінны прыдатак сваёй краіны. Карыстаючыся таннай сыравінай і рабочай сілай ва ўмовах аграрнага перанасялення і масавага беспрацоўя, польскія ўлады і замежныя капіталісты асуджалі край на адсталасць і галечу. Пагоршылася становішча працоўных мас Заходняй Беларусі. Рабочы дзень працягваўся 10-12 гадзін. Заработная плата была вельмі нізкая, тысячы рабочых былі пазбаўлены работы.
Не лепшым было становішча сялян. Памешчыкам, якіх было менш аднаго працэнта ад усіх жыхароў, належыла каля палавіны ўсёй зямлі. Радзівілы, Сапегі, Тышкевічы і іншыя магнаты валодалі дзесяткамі тысяч гектараў зямлі і вялікімі ляснымі масівамі. Значная частка зямлі належыла цэрквам, манастырам і духавенству.
Больш таго, з канца 20-х гадоў польскі ўрад пачаў на “ўсходніх крэсах” засяляць беларускія землі так званымі асаднікамі. Гэта пераважна былыя афіцэры і салдаты легіёнаў Ю. Пілсуцкага, якім адводзіліся вялікія зямельныя надзелы ад 10 да 45га і даваліся грашовыя сродкі.
Працоўнае сялянства пакутвала ад малазямелля і вялікай колькасці непасільных падаткаў і збораў, як, напрыклад, пазямельных, царкоўных, страхавых, падарожных і іншых.
На тэрыторыі Заходняй Беларусі панаваў жорсткі палітычны рэжым і палітычны тэрор, лютавалі карныя экспедыцыі, якія называліся “пацыфікацыяй”.
Малазямельных і беззямельных сялян без коней і прыладаў працы налічвалася ў Валожынскім павеце каля 50%. Па-рознаму бедныя сяляне шукалі выйсце з гаротнага жыцця. Яны вымушаны былі за мізэрную плату ісці да асаднікаў і заможных сялян на падзённую працу або працаваць за частку ўраджаю. Многія беднякі залазілі ў даўгі, за якія прыходзілася адпрацоўваць на цяжкіх умовах.
У Івянецкай гміне бедныя сяляне ўладкоўваліся працаваць на ганчарныя заводы, у Вішнеўскай, Забрэзскай, Юрацішскай гмінах – працавалі на чыгунцы, у Налібоцкай, Пяршайскай – у лесе, Бакштанскай – на румах вязалі плыты і сплаўлялі іх па Беразіне.
З дрэваапрацоўчай прамысловасці асобага развіцця дасягнула лесапільная вытворчасць. Усяго працавала на тэрыторыі павета 16 лесапільных прадпрыемстваў.
Так, фірма Евалеўскага, пабудаваная ў Жардэлях (недалёка ад Вішнева) уяўляла магутны лесазавод, на якім працавала больш 1000 рабочых. Каб лягчэй было вывозіць гатовую прадукцыю, фірма праклала чыгунку працягласцю ў 20км ад Жардэляў да Вайган.
Харчовая прамысловасць у павеце была прадстаўлена мукамольнай вытворчасцю, якая складалася з дробных гаспадарчых млыноў, дзе праводзіўся памол збожжа для сялян навакольных вёсак за “мерку”, радзей – за грошы.
На тэрыторыі Валожынскага павета ў многіх месцах сяляне або майстры-самавучкі займаліся выпальваннем нягашанай вапны – вельмі неабходнага будаўнічага матэрыялу. Вапну прадавалі ў Валожыне, Ракаве, Івянцы, Пяршаях, Вішневе.
На Валожыншчыне быў распаўсюджаны выраб бытавых прадметаў з саломы, лазы, лубу, бяросты і яловых карэнняў. Гэта – сявенькі, гарчыкі, корабы, каробкі для збожжа і іншых сыпучых прадуктаў.
У выніку каланіяльнай палітыкі польскіх улад і панавання памешчыкаў і буржуазіі жыццёвы ўзровень працоўных у Заходняй Беларусі быў намнога ніжэй, чым у цэнтральных і заходніх раёнах Польшчы.
Нацыянальна — вызваленчы рух
Безумоўна, такое становішча выклікала ў працоўных вялікае абурэнне. На працягу ўсёй белапольскай акупацыі працоўныя Валожыншчыны актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе за сваё сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. Ужо з 1921г. пачаўся партызанскі рух. Ён ахапіў усе заходнія ваяводствы. Актыўную барацьбу супраць палякаў вёў партызанскі атрад пад кіраўніцтвам С. Ваўпшасава.
У 1923г. была створана Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), якая стала арганізатарам і кіраўніком нацыянальна-вызваленчага руху.
Першая падпольная арганізацыя КПЗБ у Валожыне была створана ў 1924г., а пасля такія Камуністычныя ячэйкі з’явіліся ў Вішневе, Пяршаях, Жардэлях іншых населеных пунктах.
Наш зямляк, удзельнік тых падзей Д.Д.Сівы успамінаў:” У 1929 годзе мне выпаў вялікі гонар узначаліць камуністычную ячэйку ў сваёй роднай вёсцы Чартавічы… У гэтыя гады становішча сялян яшчэ больш пагоршылася, тэрор узмацніўся. На кожным кроку селяніну пагражалі штрафы. Едзеш па левай абочыне – штраф 5 злотых, няма таблічкі на калёсах з указаннем прозвішча і адраса ўладальніка – штраф, няма званочка – штраф. Звыш 70 розных падаткаў і збораў ускладалася на худыя сялянскія плечы…”.
Выступленні рабочых праводзіліся на другіх лесанарыхтоўчых прадпрыемствах. Актыўнасць і згуртаванасць людзей засталяўляла гаспадароў ісці на ўступкі. Так, у Валожыне ў 1935-1939 гадах адбылося 6 забастовак, у якіх удзельнічала каля 6000 чалавек.
Рабочых пастаянна падтрымлівала ў барацьбе працоўнае сялянства. Для падаўлення рэвалюцыйнага руху працоўных мас улады ўзмацнялі жандармерыю, паліцыю, уводзілі войскі. На тэрыторыі Валожынскага павета ў 1928г. знаходзілася 18 пастарункаў з 142 паліцэйскімі, не лічачы жандармерыі, войскаў, шпіёнаў.
У 1925г. пры садзейнічанні ЦК КПЗБ была створана Беларуская сялянска-рабочая Грамада. Першая такая ячэйка на Валожыншчыне была створана ў в.Суднікі мясцовым патрыётам Юрыем Іванавічам Южыкам. За сваю рэвалюцыйную дзейнасць ён быў арыштаваны, заключаны ў турму, а пасля ў канцлагер для палітзняволеных ў Бярозе-Картузскай.
Значную ролю ў нацыянальна-вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі ў канцы 20-х пачатку 30-х гадоў адыграла Таварыства беларускай школы. Таварыства ператварылася ў буйную дэмакрадычную культурна-асветніцкую арганізацыю.
Таварыства пераважна аб’ядноўвалі сялян, вясковую моладзь, якія стаялі на рэвалюцыйна-дэмакратычных пазіцыях. Такія групы Таварыства дзейнічалі ў гмінах Валожынскага павета. Адным з актыўных удзельнікаў гэтай арганізацыі быў Міхаіл Іванавіч Шакун.
У 1935 годзе ў Польшчы была ўведзена новая Канстытуцыя, згодна якой заканадаўча ўводзілася аўтарытарнае праўленне. Яшчэ больш абмяжоўваліся дэмакратычныя правы і вольнасці народа.
Тысячы рэвалюцыйна настроеных рабочых, сялян і перадавой інтэлігенцыі былі кінуты ў турмы і канцэнтрацыйныя лагеры. У гэтых цяжкіх умовах Валожынскі падпольны райкам КПЗБ стараўся ажывіць дзейнасць партыйных ячэек, але большасць яе членаў напачатку 1936 года было арыштавана. Перад Другой сусветнай вайной нацыянальна-вызваленчы рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі аслаб.
1 верасня 1939 года гітлераўскія полчышчы ўварваліся на тэрыторыю Польшчы, распачаўшы тым самым Другую сусветную вайну.
16 верасня ў часцях Чырвонай Арміі быў зачытаны загад аб выступленні ў вызваленчы паход на Захад. У загадзе падкрэслівалася вызваленчая місія савецкіх войск, якія павінны аказаць тэрміновую дапамогу украінскаму і беларускаму насельніцтву, каб выратаваць іх ад ворагаў. У 5 гадзін раніцы 17 верасня 1939 года Савецкая Армія перайшла граніцу былой Польскай дзяржавы і пачала свой вызваленчы паход у Заходнюю Беларусь.
У гэты ж дзень 17 верасня 1939 года быў вызваленыі Валожын. З выпадку прыходу Чырвонай Арміі ў горадзе адбыўся мітынг, на якім рабочыя і сяляне дзякавалі савецкаму народу, ЧырвонайАрміі за вызваленне з-пад прыгнёту польскіх памешчыкаў і капіталістаў.
Вось што напісаў ў сваіх успамінах аб вызваленні Валожыншчыны былы камандзір Чырвонай Арміі М.Цеплякоў: “У 1939 годзе я служыў у Чырвонай Арміі, камандаваў танкавым разведвальным атрадам. У 4 гадзіны раніцы 17 верасня мы атрымалі загад перайсці дзяржаўную граніцу ў раёне Рубяжэвічаў і дзейнічаць у напрамку Ракаў-Валожын… Насельніцтва Валожына сустракала сваіх вызваліцеляў кветкамі. Паўсюдна нас частавалі садавінай, малаком, запрашалі ў госці. А мы ніяк не маглі адысці ад першага ўраджання беднасці, галечы, нястачы, якія здзівілі нас у мястэчку Валожын. Паміж саламяных стрэх – лічаныя каменныя будынкі. Дарогі, што вялі да Валожына, вузкія, дрэнныя. Асноўнымі транспартнымі сродкамі ў людзей былі веласіпед і конь. І мужчыны, і жанчыны былі апрануты ў даматканую вопратку.”
На працягу шасці дзён Савецкія войскі вызвалілі ўсю тэрыторыю Заходняй Беларусі. Працоўныя гарадоў і вёсак радасна і з надзеяй сустракалі савецкіх салдат, як родных братоў – кветкамі, хлебам, соллю.
Завяршаючым заканадаўчым актам аб уз’яднанні беларускага народа стаў прыняты на 3-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР 14 лістапада 1939 года закон, у якім было запісана: “Прыняць Заходнюю Беларусь у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і уз’яднаць тым самым вялікі беларускі народ у адзінай Беларускай дзяржаве”.
Пасля вызвалення Валожына і павета працоўнае насельніцтва актыўна ўключылася ў будаўніцтва новага жыцця. 20 верасня 1939 года было створана часовае павятовае ўпраўленне, якое знішчыла старыя органы дзяржаўнага кіравання. На прамысловых прадпрыемствах былі арганізаваны камітэты рабочага кантролю, у вёсках ствараліся сялянскія камітэты, якія бралі на ўлік маёмасць памешчыкаў, размяркоўвалі панскія землі і інвентар.
Устанавіўшы Савецкую ўладу, працоўныя Валожыншчыны за кароткі тэрмін правялі шэраг мерапрыемстваў у палітычным, гаспадарчым і культурным будаўніцтве: былі нацыяналізаваны прамысловыя прадпрыемствы, знішчана памешчыцкае землеўладанне, уведзена бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, адкрыты сямігадовыя і пачатковыя школы, выкладанне ў якіх вялося на беларускай мове. Значнай падзеяй таго часу з’явілася аднаўленне цыгуначных зносін на тэрыторыі нашага раёна.
Найбольш свядомыя сяляне з батракоў, беднякоў і сярэднякоў на добраахвотных пачатках арганізоўвалі калгасы.
Так, восенню 1939 года сяляне вёскі Бурмакі звярнуліся да Савецкай улады з просьбай дапамагчы арганізаваць у сваёй вёсцы калектыўную гаспадарку. У сваім лісце яны пісалі: “Надакучыла нам, беззямельным і малазямельным, доўгія гады працаваць паўгалоднымі і раздзетымі на сваіх вузкіх палосках. Няма далей магчымасці так жыць”. І вось 28 сялянскіх двароў аб’ядналіся для сумеснага вядзення гаспадаркі. Старшынёй калгаса абралі Андрэя Пятровіча Арцюкевіча. Імя калгасу далі – “17 Верасня” – у гонар дня вызвалення ад польскай акупацыі. Дарэчы, ужо да канца 1939 года на тэрыторыі валожыншчыны былі створаны 4 сельскагаспадарчыя арцелі: “17 верасня” ў Бурмаках, “Краіна Саветаў” у Гародзьках, “Чырвоная гвардыя” ў в. Кудзеўцы (недалека ад Яршэвіч), імя Сталіна в.Лужаны. Гэтыя калгасы аб’ядноўвалі 95 сялянскіх гаспадарак.
На падставе Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 15 студзеня 1940г. Валожынскі павет быў скасаваны і ўтвораны Валожынскі раён, які ўваходзіў у склад Баранавіцкай вобласці. Валожын стаў раённым цэнтрам. Замест гмін з’явіліся сельскія Саветы. Да чэрвеня 1941г. у раёне было створана сем калгасаў. Восенню 1939 года ў былым маёнтку “Шапавалы” (зараз – тэрыторыя масласырзавода) арганізавана машына-трактарная станцыя, якая аказвала дапамогу створаным калгасам.
Такім чынам, аб’яднанне беларускага народа стала актам гістарычнай справядлівасці, аб’яднаўшым раздзелены беларускі народ у адзіную дзяржаву
Матэрыял падрыхтаваны
Валожынскім краязнаўчым музеем