Яны з’явіліся на вуліцах Савецкай, Набярэжнай, Чапаева, Міру.
Работы выконвае стрыт-артэр, кіраўнік і стваральнік арт-студыі “ТАКТАК” Аляксандр Контра. Да яго нестандартнага і досыць папулярнага ў сучасным свеце мастацтва ў нашым горадзе далучыўся валожынец Аляксандр Сівы. Частку малюнкаў зрабілі калегі-мастакі з Мінска, Ліды, Стоўбцаў, Пінска, Асіповічаў.
Аляксандр Контра – мастак, ілюстратар, дызайнер. Родам з-пад Брэста, жыве ў Мінску. Скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Архітэктура”, мае ступень магістра. З’яўляецца неаднаразовым прызёрам і ўдзельнікам рэспубліканскіх і міжнародных праектаў, конкурсаў і фестываляў, прысвечаных дызайну і вулічнаму мастацтву.
Мы вырашылі пазнаёміцца і пагутарыць з вельмі таленавітым маладым мастаком.
– Задума мае глыбокія карані, – расказвае Аляксандр Контра. – У 2016 годзе я намаляваў зімародка – птушку-сімвал Валожына – на раённай бібліятэцы. Гэта быў валанцёрскі праект. Потым мяне заўважылі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях і запрасілі намаляваць мурал на пажарную тэму. Далей вырашыў звярнуцца да вашага начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксандра Сівага з пытаннем: “Можа, у Валожыне ёсць сцены, на якіх можна памаляваць бясплатна – для сябе?” Высветлілася, што яму вельмі падабаецца стрыт-арт і графіці, і паабяцаў удакладніць. Вось так пяць гадоў таму і пачалося наша творчае супрацоўніцтва.
Чаму езджу ў Валожын? У вашым горадзе нам так даверыліся, што працэдура з узгадненнем эскізаў праходзіць хутка. Гэта вельмі важная прычына. Бывае, што хочаш намаляваць нейкі малюнак за свае грошы – напрыклад, тую ж птушку, а пакуль атрымаеш дазвол, пройдзе месяц-два.
За гэты час і натхненне, і жаданне знікаюць.
Аляксандр Контра
Знайшлося нямала свабодных сцен, я нарабіў шмат эскізаў на 400 квадратаў. Нам пасля нават на першы малюнак райвыканкам набыў фарбу. І пачалася традыцыя фестываляў ці джэмаў (на мове мастакоў – міні-фестываль: сабрацца памаляваць). Пасля гэтага ў Валожыне я быў разоў трыццаць – не менш.
Усе нашы творы вулічнага мастацтва мы малюем за ўласныя сродкі – скідваемся, хто колькі можа. Па-першае, прыязджаем з розных гарадоў – з намі нават камерунец быў два разы: у Беларусь ён прыехаў да дзяўчыны, а пасля высветлілася, што таксама захапляецца графіці, займаецца татуіроўкамі. Увогуле, розныя людзі былі: тыя, хто вучыцца маляваць, ці тыя, хто заўсёды жадаў гэта паспрабаваць.
– Цікава даведацца, колькі каштуе намаляваць такі малюнак?
– Задавальненне гэта досыць дарагое, бо малюем харошай фарбай. Адзін балон каштуе больш за 20 рублёў – ён залівае ўсяго адзін квадратны метр. Плюс насадка для балона, а іх на адзін балон, бывае, ідзе да пяці. Напрыклад, утраіх малявалі птушак на сцяне трансфарматарнай падстанцыі, што каля моста на Папоўцы: там, прыкладна, квадратаў 15. Выйшла танней, бо складваліся ўтраіх – вось такое, можна сказаць, своесаблівае валанцёрства.
– Пакуль спонсараў не знайшлі?
– Не думаю, што хтосьці пагадзіцца аплачваць такую работу. Гэта толькі калі праект які рабіць.
– Дарэчы, якія птушкі тут намаляваны, і як прыйшла гэта ідэя? Ведаеце, яны адразу кідаюцца ў вочы і прывабліваюць нейкай цеплынёй, дабрынёй, бы казачныя героі з мультфільма ці дзяцінства?
– На самай справе, я часта маляваў кошак – у шаліках, у адзенні. Гэта мая фішка. А тут прапанаваў: “Давайце птушак у шаліках намалюем”. Пагадзіліся: падумалі, цікава і незвычайна будзе. Там ёсць падабенства да вераб’я, але яны больш паходзяць на шчурку, сокала, толькі ў аўтарскіх колерах. Атрымалася ярка, маляўніча.
Ці шмат часу патрабуецца, каб з’явіўся такі твор мастацтва?
– Кожнаму з нас траіх на сваю птушку спатрэбілася каля чатырох гадзін.
– Колькі можа “пратрымацца” такі малюнак на сцяне?
– Звычайна, калі яшчэ і лакам пакрыць, можа і 20 гадоў прабыць. У мяне ёсць малюнкі і без лаку з 2014 года ў добрым стане.
– Наколькі зразумела, стрыт-арт – Ваша хобі. А чым займаецеся ў штодзённым жыцці?
– Працую на сябе. Увогуле, я – універсальны чалавек. Ілюстратар, вулічны мастак, займаюся мастацкім афармленнем інтэр’ераў памяшканняў, роспісам.Хоць цяпер і нейронныя сеткі, але ў мяне ёсць свая ніша, свая работа, свой стыль.
– Што асабіста Вам прыносяць такія джэмы?
– Мяне шмат куды запрашаюць: на фестывалі, ездзіў у Казахстан, у Расіі, Польшчы маляваў. Мой першы малюнак на сцяне з’явіўся ў 2000 годзе. Мяне многія не разумеюць. Ведаеце, кожны ж па-свойму адпачывае. Я – вось так: ажыўляю гарады. Калі малюю, у мяне абсалютная свабода ў галаве: ні пра што не думаю, мне добра, адчуваю асалоду і задавальненне.
– Хочацца пажадаць, каб у Вас усё-усё атрымалася, каб ад простага захаплення вулічнае мастацтва стала любімай работай. Вы нават уявіць не можаце, колькі пазітыву, станоўчай энергіі, душэўнай цеплыні нясуць Вашы малюнкі на сценах – на самай справе ў іх вельмі глыбокі сэнс. Спадзяюся, што са мной пагодзяцца многія валожынцы. Поспехаў Вам і натхнення!
Алена ЗАЛЕСКАЯ,
фота аўтара