У рэдакцыю даслала ліст наша вядомая, таленавітая зямлячка – кандыдат філалагічных навук, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Максіма Гарэцкага, беларускі літаразнаўца, тэкстолаг, крытык, аўтар навуковых кніг і шматлікіх артыкулаў Тэрэза ГОЛУБ.
Тэрэза Станіславаўна нарадзілася ў вёсцы Рудня Івянецкага сельсавета. Шмат гадоў адпрацавала навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Зараз працягвае навуковую дзейнасць, жыве ў сталіцы.
Звесткі пра Валожын ці Валожыншчыну заўсёды выклікаюць у мяне асаблівую цікавасць. Тлумачыцца такая з’ява вельмі проста: гэта цудоўны куточак маёй роднай Беларусі, дзе я з’явілася на свет, дзе прайшло маё маленства і юнацтва, куточак, дзе спасцігала першыя ўрокі жыцця, куточак, з якім ніколі не парывала сувязі.
Нарадзілася я ў Івянецкай бальніцы, дзяцінства праходзіла ў вёсцы Рудня, што непадалёку Сівіцы. Там і цяпер стаіць наш бацькоўскі дом. Сюды мы часта прыязджаем з дзецьмі і ўнукамі – адпачываем душой і сэрцам. У вясенне-асенні перыяд займаемся агародам, збіраем ягады, грыбы, вудзім рыбу, катаемся на веласіпедах, прымаем гасцей, купаемся ў рэчцы, гуляем у валейбол, бадмінтон, іншыя гульні.
Наведвальнікамі нашых жывапісных мясцін з’яўляюцца многія турысты, што прыязджаюць у сутокі рэчак Іслач і Волма, байдарачнікі, удзельнікі розных спартыўных мерапрыемстваў (злётаў), тыя, хто цікавіцца гісторыяй гэтага краю – у прыватнасці, графскім родам Тышкевічаў, падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.
Жаданне напісаць гэты артыкул узнікла ў мяне, калі прыводзіла ў парадак асабісты архіў. У ім багата назбіралася матэрыялаў: фотаздымкаў, кніг з дароўнымі надпісамі, розных друкаваных крыніц, якія распавядаюць пра многіх таленавітых землякоў, іх клопаты і дасягненні. Калі разглядаеш фотаздымкі, чытаеш віншавальныя паштоўкі, у памяці ўзнікаюць светлыя ўспаміны пра сваіх настаўнікаў, калег, аднакласнікаў, суседзяў, пра людзей, якія маюць залатыя рукі, светлую душу і чулае сэрца. Мне пашчасціла працаваць з такімі вядомымі літаратуразнаўцамі і мовазнаўцамі-землякамі, як Віктар Антонавіч Каваленка, Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец, Вячаслаў Пятровіч Рагойша, Яўген Андрэевіч Гарадніцкі, Язэп Язэпавіч Янушкевіч. Вучылася я ў паралельным класе Івянецкай сярэдняй школы разам з таленавітым паэтам Іванам Асіпацкім, была знаёмая з краязнаўцам, паэтам Генадзем Равінскім, мела творчыя і працоўныя стасункі з вядомым паэтам Віктарам Шніпам і многімі іншымі. А колькі ёсць цікавых і змястоўных людзей, што пэўны час жылі ці працавалі на Валожыншчыне?
Асабліва хвалюючыя ўспаміны сярод шматлікай колькасці асабістага архіўнага матэрыялу выклікаў у мяне пажоўклы аркуш паперы з адбіткам першадруку верша Старога Уласа “Наш Валожын”.
Ксеракопія зроблена ў 1987 годзе падчас навуковай камандзіроўкі ў Вільні. Безумоўна, гэты адбітак сам па сабе не мае якой-небудзь каштоўнасці, але для мяне ён па-свойму дарагі: вяртае ў той перыяд, калі я з вялікім натхненнем і спадзяваннем распачынала працу ў Інстытуце літаратуры НАН Беларусі, рабіла першыя паспяховыя крокі ў нязведаны свет навукі. Важна адзначыць, што творчая спадчына Старога Уласа яшчэ тады заставалася мала вядомай шырокаму колу чытачоў.
Мне было вельмі цікава даведацца як мага больш пра асобу самабытнага земляка. Тым больш, што Стары Улас – паэт, фалькларыст, публіцыст павялічваў мой інтарэс у сувязі з працай, звязанай з падрыхтоўкай да выдання навукова каментаванага Збору твораў Максіма Гарэцкага, у прыватнасці, з вывучэннем матэрыялаў “Гісторыі беларускае літаратуры”. У першых трох Віленскіх выданнях (1920, 1921, 1924 гады) аўтарам падручніка пададзены кароткія біяграфічныя звесткі пра Старога Уласа і зроблена наступная выснова: “Яго творы каштоўныя для нас і арыгінальныя тым, што паказваюць, як творыць сам народ. Нічога інтэлігенцкага ў іх няма, яны не вельмі часам складныя, але чуецца ў іх сіла самой зямлі, беспасрэдны павеў самога жыцця беларускай вёскі. Яны – натуральны адростак народнай паэзіі, казак і гутарак, легенд, жартаў. У некаторых вершах Старога Уласа смела паказаны сацыяльна-класавы характар (“З новым годам”, “Апавяданне дзядзькі Пранука”). Абразоў беларускай прыроды найболей у “Годзе беларуса”, беларускага жыцця – у “Нашым Валожыне”. Стары Улас і Лявон Лобік, а больш-менш А. Петрашкевіч і іншыя маюць у нашай паэзіі літаратурна-маральнае значэнне як песняры з мазольнаю рукою, што не толькі “з народа”, але і “самі народ”. Жыве душа народа – жыве народ!”
Валожыншчына адлюстроўвае адну з яркіх і самабытных старонак летапісу Беларусі. Яе стваральнікамі былі і ёсць людзі самых розных прафесій. Гэта земляробы і будаўнікі, медыцынскія работнікі і вайскоўцы, працаўнікі на ніве культуры і асветы. Многія з іх – вядомыя палітыкі, пісьменнікі, вучоныя, артысты, прадстаўнікі духавенства. Пра выбітных людзей з мінулага шмат чаго ведаем з кніг, перыядычных выданняў, кінафільмаў. Цяпер пэўныя звесткі з лёгкасцю знаходзім
у інтэрнэце.
Тэрэза ГОЛУБ
Творчасць Старога Уласа была добра вядома першаму аўтару першай “Гісторыі беларускае літаратуры”. Яны абодва, як і многія іншыя беларускія пісьменнікі, друкаваліся на старонках “Нашай нівы”, “Вольнай Беларусі”, “Беларускага жыцця”, “Незалежнай думкі”, у выданнях дэкламатараў, хрэстаматый і інш. Менавіта М. Гарэцкі ўпершыню ўвёў імя Старога Уласа на старонкі “Гісторыі беларускае літаратуры” і тым самым уключыў асобу паэта і яго творчасць у кантэкст гістарычнага развіцця беларускай літаратуры.
Я з цікавасцю прачытвала кожную выяўленую публікацыю Старога Уласа ў перыядычных выданнях. Была вельмі ўзрадавана, калі, перагортваючы старонкі газеты “Вольная Беларусь” за 1918 год, натрапіла на невядомы мне верш “Наш Валожын”, што названы М. Гарэцкім у “Гісторыі…”. Ён апублікаваны разам з вершам “З вечарынкі” 14 ліпеня (№ 26) з пазнакай: месца напісання Валожын і датай пад тэкстам (адпаведна) 15/Х 1911 г. і 2/ІІ 1913 г. У сувязі з тым, што гэта перыядычнае выданне захоўвалася ў спецфондзе віленскай бібліятэкі і выдавалася ў той час з асобага дазволу, то скарыстала магчымасць і зрабіла ксеракопію. Прызнаюся, з вялікім задавальненнем чытала верш і ўяўляла мястэчка Валожын 1911 года, у якім каля “трохсот хат”, “шэсць вуліц гразкаватых”, “рынак не забрукован”, ёсць школы, паштовае аддзяленне і г. д. Каб у чытача склалася больш выразнае ўяўленне пра інфраструктуру тагачаснага мястэчка, стыль пісьменніка, прапаную наступны фрагмент тэксту:
Ёсць і начальнікі патрэбны:
Земскі, акцызны, пачтавы,
І следавацель ёсць судзебны,
І сам асэсар станавы.
Валасны пісар і старшына,
Вучыцель, дохтар, аптэкар,
Вураднік – добрая скаціна,
Стражнікаў з восім і жандар.
Царквы ёсць тры,
адна з касцёла,
Чацвёртая у старане,
Жыдоўскіх аж чатыры школы,
І манаполек маем дзве.
Ёсць валасное ўпраўленне,
Вялікі хлебны магазін,
Дзве школкі дзецям на вучэнне,
І, хоць малы, вадзяны млын.
На вялікі жаль, імя Старога Уласа і яго творчасць (як і самога аўтара першай “Гісторыі…”) амаль на тры дзесяцігоддзі былі выведзены з літаратурнага ўжытку. З вымушанага забыцця іх паступова вярталі даследчыкі. У 1961 годзе некалькі вершаў Старога Уласа было змешчана ў “Анталогіі беларускай паэзіі”, у 1967-м – у кнізе “Беларуская дакастрычніцкая паэзія”. Дзякуючы намаганням В. Рагойшы, у 1990 годзе асобным выданнем выйшаў першы зборнік твораў Старога Уласа пад назвай “Год Беларуса” (1990).
Безумоўна, кожная архіўная рэч мае сваю гісторыю, нясе ў сабе пэўную інфармацыю. Незабыўныя ўспаміны выклікаюць многія фотаздымкі. Хачу засяродзіць увагу на асобных з іх, паколькі светлыя, трапяткія выказванні тых, хто адлюстраваны на фота, выклікаюць глыбокую павагу. Адразу трэба прызнацца, што асобы, пра якіх вы даведаецеся ніжэй, не з’яўляюцца нашымі землякамі, але да акрэсленай тэмы маюць непасрэднае дачыненне.
/ Падрабязна ў нумары 2 газеты «Працоўная слава»/