Авторская колонка Виктора ШНИПА Интервью

Незабыўнае

Першы нумар Валожынскай раённай газеты выйшаў у свет 10 кастрычніка 1939 года пад назвай «Іскра». І калі б 17 верасня таго ж года не адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі з Усходняй, не мелі б мы, валожынцы, не толькі сваёй газеты, але і той Беларусі, у якой сёння жывём.

Старонкі “Працоўнай славы” за гады свайго існавання сталі своеасаблівым летапісам жыцця нашага раёна. Уз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй чакалі па абодва бакі мяжы. Зразумела, пісьменнікі і паэты адразу адгукнуліся на гэту доўгачаканую падзею. 22 верасня Якуб Колас друкуе свежы, напісаны 21 верасня, верш «Свайму народу»:

На прастор, на шырокі разлог
Выхадзі, мой народ, грамадою:
Сотні новых і ясных дарог
Рассцілае жыццё прад табою.

Якуб Колас адным з першых вітаў Дзень яднання і рабіў ён гэта на першай паласе газеты «Звязда» ад 19 верасня 1939 года: «Браты Заходняй Беларусі! Я хачу, каб вы пачулі мой голас і словы мае, што ідуць ад шчырага сэрца. Больш дваццаці гадоў нас разлучала граніца, рассекшы на дзве часткі жывое цела народа, яго зямлю… З акна вагона бачыў я тыя мясціны, па якіх ужо даўно тысячы разоў хадзілі мае ногі. Пачуццё горычы сціскала мне сэрца, калі пазіраў я на вузенькія палоскі, на ўбогія хаты, на прыбітыя горам невясёлыя постаці маіх братоў. Нярадасныя, даўно забытыя перажыванні паўставалі зноў. Я напісаў тады вам прысвячэнне «З дарогі», якое, быць можа, да вас і не дайшло.

Па сходзе многіх дзён
Я зноў зірнуў у вочы родным долам –
Зняменне, ціш і сон,
Убожства і прыгон.
За крыжам крыж, астрогі ды касцёлы…
Дзе ж посулы паноў,
Іх лёкаяў аб роўнасці, аб волі?
У дзвэнканні званоў,
У звоне кайданоў,
У свісце бізуноў,
У голадзе, асадніцтве, падполлі.

Браты! Адбыўся суд гісторыі. Жудасным акордам трывогі, слёз, пакуты, знішчэння і смерці канчаецца панскае панаванне».

А я ўжо гадоў сорак не магу забыцца на расповед свайго бацькі Анатоля Іосіфавіча Шніпа пра тое, як у 1938 годзе ён, жыхар вёскі Пугачы, пайшоў у польскую школу ў першы клас. Настаўніца, прысланая з Варшавы, біла майго бацьку жалезнай лінейкай па руках за тое, што ён не мог правільна пісаць і гаварыць па-польску. І калі адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі з Усходняй 17 верасня 1939 года, у свае восем гадоў мой бацька, як і дарослыя, радаваўся гэтай падзеі. Праўда, у яго была свая дзіцячая радасць – не трэба больш ісці ў школу, дзе настаўніца з Варшавы жалезнай лінейкай б’е па руках.

Віктар ШНІП