Учора ў сельгасфіліяле “Валожынскае” ўшаноўвалі першага ў раёне вадзіцеля, які перавёз запаветную тысячу тон збожжа. А ўжо сёння раніцайстаў вядомы першы камбайнер-тысячнік: удача ўсміхнулася Дзмітрыю Драневічу! Як і летась, ён не саступіў сваё першынство нікому і сёлета.
Першая тысяча тон намалочанага збожжа – гэта заўсёды свята. Свята для ўсяго раёна! Таму і ўшаноўвалі перамоўцу ўрачыста – прама на поле ля вёскі Юржышкі прыехалі пяць камбайнаў, старшыня райвыканкама Яўген Круковіч, кіраўніцтва райсельгасхарчу на чале з Дзмітрыем Кізеевым і гаспадаркі з Васілём Шэўчыкам, прафсаюзным лідарам аграрыяў Вікенціем Адамовічам. Бо, як кажуць, героя павінны ведаць у твар і браць з яго прыклад! Больш таго, нават хмары, што навіслі і палохалі вось-вось праліцца дажджом, разышліся і нябачна разам з хлебаробамі падзялілі радасць перамогі.
Як адзначыў Яўген Міхайлавіч, сёлетняя першая тысяча намалочнага збожжа для раёна стала цудам і добрым знакам да абласных “Дажынак”:
– Сёння мы сабралася ўсе разам з адной нагоды – каб павіншаваць Дзмітрыя Драневіча са знакавай падзеяй для ўсяго раёна. Мы яшчэ не паспелі добра ўклініцца ва ўборачную кампанію – на сёння не ўбралі і 50 працэнтаў плошчаў азімага рапсу, 17 працэнтаў зерневых культур, і ўжо здзесніўся цуд – ёсць першы тысячнік! Я глыбока ўпэўнены, што для Дзмітрыя Мечыслававіча гэта будзе далёка не першая тысяча на сёлетнім жніве, гледзячы які хлеб стаіць на палях агракамбіната “Дзяржынскі” менавіта ў нашым раёне. Думаю, Вам пад сілу будзе і другая, і трэцяя, а, можа, і чацвёртая тысяча тон. Хочацца пажадаць аднаго: спрыяльных умоў надвор’я і каб камбайн не падвёў свайго гаспадара. Тады абавязкова ўсё атрымаецца!
Дырэктар сельгасфіліяла “Валожынскае” Васіль Шэўчык падкрэсліў, што вельмі прыемна для любога кіраўніка гаспадаркі, калі з’яўляецца камбайнер-тысячнік, але ўдвая прыемней, калі ён першы ў раёне.
– Я думаю, мы на гэтым не спынімся. Лідар задасць тэмп, калегі будуць да яго імкнуцца, а, можа, хтосьці яго і абыдзе па намалотах. Мы толькі будзем рады, калі засекі будуць поўніцца залатым багацце, — падкрэсліў Васілій Васільевіч.
Для Дзмітрыя Драневіча гэта 11-я ўборачная кампанія. Тысячніка намалоту дасягаў заўсёды. Не падвёў гаспадарку і сёлета – праславіў на ўвесь раён.
За што атрымаў Падзякі і падарункі ад кіраўніцтва і прафкама. А вось святочны настрой вельмі ўрачыста забяспечылі івянецкія самадзейныя артысты.
Алена Залеская
фота Сяргея Бобрыка