У гэту нядзелю адзначаецца Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.
Усё сваё працоўнае жыццё Уладзімір Піліпавіч Вашкевіч аддаў сельскагаспадарчай галіне свайго роднага краю. Росквіт працоўнай дзейнасці прыпаў на гады старшынства ў саўгасе “Праца”, якому аддаў 15 гадоў.
Адзін з самых адказных, надзейных, моцных і мудрых кіраўнікоў раёна. Нягледзячы на шматлікія выпрабаванні лёсу, у свае 70 гадоў Уладзімір Піліпавіч выглядае досыць маладжава і вядзе актыўны лад жыцця: працуе, узначальвае Ракаўскую пярвічную ветэранскую арганізацыю. Сёлета да 35-годдзя ўтварэння Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў быў узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама.
У. П. Вашкевіч нарадзіўся ў вёсцы Дубіна Юрздыцкая ў звычайнай сялянскай сям’і. Бацька працаваў механізатарам, маці – малаказборшчыцай. Рабілі за працадні, а жылі з 30 сотак зямлі, каровы-карміцелькі, свіней і курэй на падворку. Добра выручалі і бацькавы залатыя рукі: ён умеў класці печы і печкі, капаць студні, рамантаваць гадзіннікі, швейныя машыны. Як і большасць вясковай дзетвары, з 6 гадоў Уладзімір дапамагаў дома па гаспадарцы, разам з дарослымі хадзіў нарыхтоўваць уручную торф для ацяплення. Калі яму споўнілася 8 гадоў, у сям’і нарадзіўся меншы брат.
У школу пайшоў у кірзавых ботах і перашытых портках-галіфэ, урокі рабіў пры лучыне ці газнічцы. Тым не менш, вучоба давалася лёгка – асабліва любіў матэматыку, гісторыю і восем класаў скончыў з адной чацвёркай па рускай мове. Марыў паступаць у Лісічанскі горны тэхнікум ва Украіне: па-юнацку ўяўляў, што гэта работа недзе ў гарах, а не пад зямлёй у шахце. Бацькам жа хацелася, каб сын быў бліжэй да дому. Упэўнілі, таму паехаў вучыцца ў Мар’інагорскі тэхнікум на тэхніка-механіка сельскагаспадарчай вытворчасці.
Здольным навучэнцам быў і тут. На другім курсе абралі старастам групы. Яму падабаліся спецыяльныя дысцыпліны, а веды давалі грунтоўныя. І пасля заканчэння з дыпломам на руках, акрамя прафесіі, меў пасведчанні трактарыста, вадзіцеля-прафесіянала, матацыкліста.
На работу прыйшоў механікам па працаёмкіх працэсах у родны калгас “Радзіма” (цяпер “Агра-Дубінское”), а праз паўтара месяца ўжо забралі служыць у войска. Патрапіў у Бабруйск у 5-ю гвардзейскую танкавую армію – у асобны пантонна-маставы батальён, які ажыццяўляў пераправу шматтоннай тэхнікі па вадзе. Тут лідарскія якасці юнака таксама заўважыла камандаванне: вылучылі сакратаром камсамольскай арганізацыі роты, напрыканцы службы яго прынялі ў рады Камуністычнай партыі. Да канца прызыву даслужыўся да малодшага лейтэнанта, угаворвалі застацца намеснікам па тэхнічных пытаннях роты, але яго пацягнула дадому – да зямлі, да абранай спецыяльнасці.
Вярнуўся ў сваю гаспадарку, якая стала называцца “Зара”. Прызначылі брыгадзірам трактарнай брыгады. А праз год Уладзімір сустрэў спадарожніцу жыцця Галіну – яна працавала загадчыцай ФАПа ў Алянаве Падбярэзскага сельсавета. Увогуле, у тыя гады саўгас “Падбярэззе” знаходзіўся ў самым росквіце. Яго ўзначальваў кіраўнік ад Бога Міхаіл Браніслававіч Поль. У мястэчку вялося будаўніцтва, ішло імклівае развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці. Маладой сям’і далі жыллё, а мужу – такую ж пасаду. У падпарадкаванні былі некалькі паляводчых брыгад, у тым ліку Героя Сацыялістычнай Працы Зоі Макараўны Задоры, тэхніка.
– З пераездам у Падбярэззе жыццё сур’ёзна змянілася, у тым плане, што абстаноўка і адносіны былі зусім іншыя, – адзначае Уладзімір Піліпавіч. – Тут працавалі спецыялісты больш высокага ўзроўню. Сам дырэктар Поль быў прагрэсіўны: вельмі камунікабельны, культурны, начытаны, граматны, патрабавальны, падтрымліваў дысцыпліну, перадавыя метады работы. Мелі свой вакальна-інструментальны ансамбль – моладзь збіралася з усёй акругі. Вёска проста цвіла, і ніколі не мог падумаць, што Падбярэззе так затухне…
Гэтаму краю У. П. Вашкевіч аддаў 11 гадоў работы, 6 з якіх з’яўляўся сакратаром парткама. За час працы завочна скончыў Вышэйшую партыйную школу, якая таксама многаму навучыла, дала глыбокія веды і вялікія магчымасці.
У 1985 годзе яго накіравалі ў Валожын на пасаду загадчыка сельгасаддзела райкама партыі. У штаце знаходзіліся два інструктары: займаліся рэзервам кадраў, кантролем партыйных даручэнняў, ідэалагічным забеспячэннем. Папяровая работа, па словах Уладзіміра Піліпавіча, не моцна была па душы, але яна стала добрай школай жыцця і самаразвіцця. А праз два гады першы сакратар Канстанцін Канстанцінавіч Хвянько прапанаваў узначаліць саўгас “Праца”. Да таго ж у партыйных радах пачало адчувацца нейкае хістанне – у статуце Камуністычнай партыі адмянілі добра вядомую 6 галаву “Партыя – мой рулявы”: стала зразумела, што справа ідзе да развалу.
– Тады ў раёне налічвалася 26 гаспадарак, 9 з іх – нізкарэнтабельных стратных, у тым ліку і саўгас “Праца”, – успамінае У. П. Вашкевіч. – Але гаспадарчая работа мяне чамусьці не палохала. І вось 4 снежня 1987 года я прыступіў да абавязкаў дырэктара. На той час ён быў самай складанай гаспадаркай на Валожыншчыне. Землі з разрывамі знаходзіліся ў трох месцах: у Пяршаях 460 гектараў і свінаводчая ферма на 2 тысячы галоў; 1,5 тысячы гектараў каля Ракава; яшчэ адна частка палеткаў – за тэрыторыяй саўгаса “Ракаўскі”; у Валожыне размяшчалася нарыхтоўчая база жывёлы, адкормачнік буйной рагатай жывёлы на 2 тысячы галоў і закладзены падмурак новага адкормачніка на 7 тысяч галоў у вёсцы Паморшчына; з-за сухога закона ў краіне не працаваў спіртзавод. Меліся 4 малочнатаварныя фермы, пасля пабудаваў 5-ю, новы зернесушыльны комплекс і шэраг іншых аб’ектаў, якія дапамаглі стаць на ногі. Пад’ездаў, дарог – амаль ніякіх: зімой яшчэ так-сяк, а калі пачыналася вясна ці ўвосень, праехаць можна было толькі на гусенічным транспарце.
Увогуле, пачынаць было складана: уяўляеце, група работнікаў ва Украіне прасавала салому і пасля адпраўляла па чыгунцы ў гаспадарку, каб пракарміць статак да вясны. Падтрымалі людзі – харошыя, працавітыя, але пакрыўджаныя. Прыйшлося досыць доўга запэўніваць: тое, што я сказаў, будзе выканана; паабяцаў – стрымаю слова.
Маёй правай рукой быў галоўны аграном Іосіф Іванавіч Варанецкі. Вельмі талковым, разумным спецыялістам з’яўлялася начальнік Пяршайскага ўчастка Ганна Георгіеўна Рубацкая. І літаральна на трэці год мы сталі прыбытковай гаспадаркай.
У 1990 годзе аднавіў работу спіртзавод, стала лягчэй эканамічна. Паралельна дабудавалі два будынкі на жывёлагадоўчым комплексе – увялі поўны тэхналагічны цыкл ад нараджэння цяляці да здачы на мясакамбінат. Пабудавалі каля 70 кватэр. Першымі ў раёне правялі прыродны газ: працягнулі 12,5 кіламетра даволі аб’ёмнай трубы – на перспектыву, пачалі газіфікаваць вёскі. Наладзілі 8 падсобных вытворчасцей: участак ліцця з алюмінію, рабілі біжутэрыю з бурштыну, выраблялі бетонныя блокі, кольцы для студняў і каналізацыі, выпускалі алейныя фарбы, пабудавалі кілбасны цэх, выпякалі свой хлеб, мелі два невялікія магазіны ў Ракаве, станцыю тэхабслугоўвання аўтамабіляў. З’яўляліся акцыянерамі Белаграпрамбанка: у нас былі тры рахункі – у беларускіх, расійскіх рублях і ў замежнай валюце. Пачаліся даплаты ў работнікаў – пры рэнтабельнай вытворчасці напрыканцы года можна было атрымаць да 10 акладаў прэмію. Заўважалі наш калектыў і ў раёне: галоўныя спецыялісты перыядычна станавіліся лепшымі па прафесіі.
Ён быў і застаецца важаком для людзей і сёння: адказным, справядлівым, сумленным, чалавечным – такім, як вучылі бацькі.
Алена ЗАЛЕСКАЯ,
фота аўтара