Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
22.07.2012. Учора з Людмілай Рублеўскай і сябрамі “Літаратурнага прадмесця”, якім яна кіруе, ездзіў да Аксаны Спрынчан на Лысую гару, дзе мы распачалі святкаванне 10-годдзя стварэння суполкі. Суполка ўзнікла ў кастрычніку 2002 года пры штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, дзе я працаваў галоўным рэдактарам. На той час дырэктарам холдынгу “ЛіМ” была Таіса Бондар. Мая ідэя была падтрымана ёю, і пасля абвесткі ў газеце на першае пасяджэнне прыйшлі Аксана Спрынчан і Наталля Якавенка. На другі раз ужо было некалькі чалавек, а праз некалькі месяцаў у самым большым пакоі “ЛіМа” ўсе не змясціліся (было чалавек трыццаць), хто прыйшоў на пасяджэнне “Літаратурнага квартала”…
23.07.2012. Да мяне на працу прыходзіла паэтка Раіса Баравікова. Пагаварыўшы па справах, узгадалі Веру Вярбу, якая нядаўна памерла. “У канцы мая ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры было адкрыццё выставы, прысвечанай беларускім пісьменніцам. Сярод памерлых былі чатыры жывыя: Загнетава, Каржанеўская, Вярба і я. Калі запрашалі на адкрыццё Вярбу, яна сказала, што не пойдзе, а прыйдзе сын. Словам, Вера сама сябе яшчэ тады далучыла да мёртвых, бо ад памерлых пісьменніц былі іх дзеці і сваякі!” – так завяршыла ўспамін пра выставу Раіса Андрэеўна і, сказаўшы, што Вярба была запанібрата са старэйшымі пісьменнікамі, расказала гісторыю.
Веру Вярбу з самага пачатку яе творчага шляху рэдагаваў Анатоль Вялюгін. І вось некуды ён прапаў, а Веры трэба тэрмінова здаваць кніжку, і, не адшукаўшы Анатоля Сцяпанавіча, яна пазваніла Аркадзю Куляшову і сказала: “Аркадзь! Мне тут трэба адрэдагаваць некаторыя вершы, ты паглядзі і адрэдагуй, бо я нікім не чытаныя творы ў выдавецтва не здаю! Трэба тэрмінова!” І народны паэт Беларусі Аркадзь Куляшоў пачытаў рукапіс Веры Вярбы, а потым і выйшла кніжка з ягонымі праўкамі.
25.07.2012. Дзякуючы Таццяне Барысюк, якая не паленавалася схадзіць у Нацыянальную бібліятэку Беларусі і пагартаць “ЛіМ” за канец 2002 года, стаў вядомы дакладны дзень першага пасяджэння суполкі “Літаратурнае прадмесце”. У штотыднёвіку за 29 лістапада 2002 года напісана: “Запрашаем! 5 снежня ў рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва” (вул. Захарава, 19) пройдзе арганізацыйнае пасяджэнне літаб’яднання. Запрашаюцца маладыя паэты, празаікі, крытыкі. Пачатак у 17 гадзін”.
30.07.2012. “З яе вецер скульптуру рабіў!” – сказаў мастак Эдуард Агуновіч пра Алесю Сівохіну, якая ў лёгкай сукенцы на свяце “Ракуцёўскае лета-2012” больш за тры гадзіны правяла на сцэне, даючы слова выступоўцам…
02.08.2012. У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшла імпрэза, прысвечаная 100-годдзю Пятра Бітэля. На ёй прысутнічалі дачка Ала Пятроўна, сын Андрэй Пятровіч і ўнучка Тамара Іванаўна. Вяла імпрэзу Ганна Запартыка, ад якой усе даведаліся, што цяпер у архіве-музеі ёсць асабістая справа Пятра Бітэля пад нумарам № 497…
29.08.2012. У кватэры, дзе жыў бацька, пасялілася восень – на падлозе ляжыць руды ліст з яблыні, які заляцеў праз расчыненую фортку…
“Мне некуда больше спешить…” – загучала ўва мне, калі я выйшаў з пустой кватэры, дзе жыў бацька…
31.08.2012. Ключ ад кватэры, дзе трыста сутак пражыў бацька, аддаў гаспадыні. Аддаў, як спаліў мост, па якім можна было вярнуцца ў мінулае…
02.09.2012. На Дні беларускага пісьменства ў Глыбокім на пляцы каля бюста Ігната Буйніцкага сустрэў скульптара Івана Міско. Не паспелі добра пагаварыць, як да нас далучыўся Міхась Казлоўскі, які прыйшоў палюбавацца бюстам Вацлава Ластоўскага. Ад Івана Якімавіча мы даведаліся, што кожны бюст, а іх на пляцы восем, рабіў асобны скульптар. Чатыры з Мінска і чатыры віцебскія.
05.09.2012. Няма выхаду толькі з магілы…
06.09.2012. Часопіс, праношаны ў партфелі больш за два тыдні, можна лічыць прачытаным…
Ружы дораць тым, хто выходзіць з натоўпу наперад, але і камяні кідаюць у тых, хто наперадзе…
07.09.2012. Там, дзе лісце ападае, там вада залатая…
08.09.2012. На свяце Дня горада ў Мінскай ратушы адкрылася выстава «Кніга-2012», прысвечаная Году кнігі. На ёй паказаны старадрукі, выданні канца XVIII – пачатку XX стагоддзяў, а таксама кнігі пра Мінск, на старонках якіх асвятляецца гісторыя горада з найстаражытных часоў да сённяшняга дня. На адкрыцці выступіў і я, і, калі верыць тым, хто потым падыходзіў да мяне, някепска. Праўда, увесь час думаў пра Міхала Валадковіча, які ў XVIII стагоддзі жадаў стаць чальцом Менскага магістрата, і чый прывід, кажуць, і цяпер жыве ў ратушы…
09.09.2012. Усе нашы няшчасці ад нашых жаданняў…
Пасля абеду з Людмілай паехалі ў цэнтр, каб паглядзець на паслясвяточныя вуліцы горада. Зайшліся ў Музей гісторыі Мінска і ў суправаджэнні музейнай работніцы абышлі ўсе дзеючыя выставы. Паглядзелі на шкляныя мастацкія вырабы, на фотакарціны Сяргея Плыткевіча, на чамаданы, у якіх жыве паэзія, на старыя фотаапараты, на карціны мастакоў вядомых і невядомых. Потым пайшлі ў Мастацкую галерэю Міхася Савіцкага, якая толькі пазаўчора адкрылася. Раней на месцы галерэі быў абласны ваенкамат, у якім я праходзіў медкамісію і потым паўдня валяўся з хлопцамі на чорных скураных нарах, чакаючы свайго далейшага лёсу. На першым паверсе галерэі паглядзелі вялікую выставу, прысвечаную Мінску. Шмат знаёмых карцін, якія былі ў школьных падручніках. Другі паверх цалкам аддадзены пад экспанаты, прысвечаныя жыццю і творчасці Міхася Савіцкага. На ўваходзе ў экспазіцыю – плакат з выявай мастака, які прапануе яблыкі. Такія ж яблыкі ў вазе на століку. Я не ўтрымаўся і ўзяў яблык з сабой. У галерэі творчасць Савіцкага прадстаўлена амаль цалкам. Тут жа ёсць майстэрня з недапісанымі карцінамі, кабінет з партрэтамі бацькі і маці. Выходзілі з галерэі, як з дваццатага стагоддзя.
Далей з Людмілай пайшлі па вуліцы Леніна ў Нацыянальны мастацкі музей, куды нас запрасіла Надзея Вусава. Наведалі выставу “Каралеўскія скарбы: еўрапейскія шэдэўры 1600-1800”. Скарбаў не вельмі шмат, але яны сапраўдныя. Заўважыўшы нас, дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў запрасіў на пагашэнне паштовай маркі, прысвечанай Леаніду Шчамялёву. Гасіў марку сам мастак. Дарэчы, Леаніду Дзмітрыевічу ў наступным годзе 5 лютага будзе 90 гадоў. Потым з Людмілай пабылі на выставе твораў Міколы Селешчука. За дзве гадзіны ў мастацкім музеі пабачылі шмат знаёмых мастакоў.
Ідучы па вуліцы Карла Маркса, частка якой на выхадныя робіцца пешаходнай, паглядзелі на забавы моладзі. Заглянуўшы ў гандлёвы цэнтр “Сталіца”, каб павячэраць, напаткалі Хрысціну Лялько з сяброўкай, якія прыйшлі з Чырвонага касцёла. Ад Хрысціны атрымалі ў падарунак кнігу Яна Твардоўскага “Разам з табою”. Дамоў з Людай вярнуліся стомленыя, але задаволеныя сваёй вандроўкай па паслясвяточным горадзе. Цяпер у нас на століку, дзе ляжаць каменьчыкі і кусочкі цэглы, прывезеныя з розных цікавых мясцін, некалькі дзён будзе красавацца яблык ад Міхася Савіцкага…
11.09.2012. Стаміўся і ад працы, і ад дарогі ў выдавецтва і дамоў. У гэтым годзе яшчэ не быў у адпачынку. Не магу дачакацца, калі ў мяне будзе гэта свята. Узгадалася мама. А мама, прапрацаваўшы даяркай амаль сорак гадоў, ні разу не была ў адпачынку…
12.09.2012. “Што галоўнае ў чалавека?” – запытаўся ў мяне доктар педагагічных навук. “Душа!” – адказаў я. “Не! Розум!” – сказаў доктар навук.
Усе бычкі дальтонікі, а каровы бачаць колеры. І калі мы чырвонай анучай дражнім бычка, ён злуецца не ад таго, што мы з чырвонай анучай, а ад таго, што мы да яго адносімся, як да каровы…
15.09.2012. Удзельнічаў у Рэспубліканскім свяце паэзіі і песні “Я сэрцам пісаў сваю кожную песню…”, якое праходзіла ў Мядзелі і было прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Максіма Танка. Свята распачалося ў 10 гадзін ускладаннем кветак да магілы Максіма Танка ў вёсцы Новікі. Потым святочныя мерапрыемствы прайшлі ў Мядзелі. Сярод іх – цырымонія адкрыцця камня ў гонар 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Танка. Усе гаварылі, што пара ўжо паставіць помнік паэту і на яго радзіме, і ў сталіцы. На беразе возера, дзе размешчана вялікая сцэна, з 14 гадзін амаль да 17 выступалі паэты, літаратуразнаўцы і артысты. Нягледзячы на холад і дробны нудотны дождж, слухачоў было шмат. І як толькі закончылася святочная імпрэза, суцішыўся дождж і навокал пасвятлела, нібыта Максім Танк даў вестку, што ён задаволены святкаваннем свайго стагоддзя…
29.09.2012. Субота. Цэлы дзень з Людмілай і супрацоўнікамі выдавецтва быў у вандроўцы…
Cонечным ранкам, едучы ў Навагрудак, спыніліся ў Міры. Пакуль большасць вандроўнікаў стаяла ў чарзе ў прыбіральню, некалькі чалавек і я з Людмілай заглянулі ў храм Святой Жываначальнай Тройцы, што быў збудаваны ў XVI стагоддзі. Пажылы мужчына, які быў адзін у царкве, тут жа падышоў да нас і пачаў расказваць пра храм і цуды, звязаныя з ім…
Прайшоўшы праз браму з агароджай і званіцай 1805 года, трапілі ў Мікалаеўскі кацёл XVI стагоддзя. На ўваходзе ў храм напісана па-руску, па-беларуску і па-польску “Шчыра запрашаем!”. У храме было пуста, але праз некалькі хвілін да нас падышла жанчына, ад якой мы даведаліся, што касцёл дзейнічае ўсяго толькі тры гады і яго наведваюць 30 вернікаў. Жанчына звадзіла нас у скляпенне пад храмам, дзе мы ўбачылі каля дзясятка трун, у якіх ляжаць памерлыя з роду Радзівілаў. Большасць памерлых – дзеці, і некалькі іх трун прыгожа размаляваныя…
У Валеўцы – Свята-Петрапаўлаўская царква XVIII стагоддзя. Драўляная і пафарбаваная ў сіні колер. Святар хоць і казаў, што прыйдзе і пусціць у храм, на жаль, не прыйшоў. Паслухаўшы расповед пра царкву, пахадзілі па цвінтары, на якім пахаваны айцец Міхаіл Ліннік (06.05.1012 – 06.04.2003) і матушка Таіса (01.05.1927 – памерла зусім нядаўна, і на помніку не пазначана дата). Тут жа пахаваны Антоній Антонавіч Каліноўскі (1880 – 1942). На помніку напісана “Убит за Христа”. Крыху далей стаіць жалезны помнік: “Здесь покоится прах настоятеля Райчанской Церкви Священника Георгия Рудаковского. Священствовал 35 лет. Жил
61 г. Умер 1873 года. … апреля. Паблізу стаіць жалезны крыж з шыльдачкай: “Протоиерей Андрей. Жил и умер в конце ХІХ века”.
На могілках у Валеўцы знайшоў магілу Вольгі Даніпатаўны Каратай (1891 – 26.07.1973). Прозвішча жанчыны, як у паэта Максіма Лужаніна. Можа, якая далёкая сваячніца…
Навокал пазалацелыя лясы і шэрыя палеткі. Там-сям пасуцца адзінокія каровы. Чамусьці падумалася, што я еду на аўтобусе праз XVIII стагоддзе…
Возера Свіцязь, як люстэрка, апетае Міцкевічам, у якое глядзяцца з неба анёлы, што ахоўваюць Беларусь… Вада ў Свіцязі чыстая і паэтычная… На беразе возера шмат высокіх прыгожых дубоў, але і хапае пачарнелых пнёў, што засталіся ад дубоў, якія, дакладна, ведалі Адама Міцкевіча…
Пад нагамі храбусцяць жалуды. Вялікія, як патроны…
Шмат груздоў і апенек. Некалькі чалавек іх збіраюць, а ўсе астатнія любуюцца Свіцяззю і фатаграфуюцца. А я ўяўляю Адама Міцкевіча, які сядзіць на беразе возера і піша па-беларуску пра прыгажосць, што навокал…
На вялікім валуне, пафарбаваным у зялёны колер, белай фарбай напісаны радкі Адама Міцкевіча:
Калі навагрудскія ўбачыш прасторы,
Ракітнік разлапісты, нізкі,
Каня супыні ля плужанскага бору,
Каб глянуць на возера зблізку.
Непадалёк на такім жа камяні чатыры радкі са “Свіцязянкі”, але па-польску. “У перакладзе зроблена памылка!” – убачыўшы нас каля каменя з польскім надпісам, кажа стары дзядзька, які кожны дзень, пакуль няма маразоў, прыходзіць да Свіцязі і плавае. Мы старога не папраўляем, што Міцкевіч пісаў па-польску і на камяні не пераклад, а арыгінал, і ён працягвае расказваць пра паэта, нібыта асабіста яго ведаў…
Праз асфальт прабіваецца брукаванка, як наша гісторыя праз нас…
Вуліца Леніна вядзе да Навагрудскага замка… Навагрудскі замак, як балада…
На курган, насыпаны ў 1924-1931 гг. у гонар Адама Міцкевіча, я палез, а не пайшоў, як усе, па вінтавой сцяжыне, бо пасля Навагрудскага замка адчуў у сабе нейкую невыказную сілу, якую тут жа і скарыстаў…
Пабылі ў касцёле, які быў збудаваны у 1395 годзе, і дзе 12 лютага 1799 года хрысцілі Адама Міцкевіча. На цэнтральным пляцы Навагрудка ў старажытным будынку, які ахоўваецца дзяржавай, знаходзіцца бар з прыгожай назвай “Рым”…
На ўзараным полі на ўездзе ў Любчу наш аўтобус сустрэлі дзясяткі чорных варон і белых гусей і качак…
За дзень вандроўкі многія стаміліся, і да Любчанскага замка ехалі з неахвотай. Прыехаўшы і паглядзеўшы з Любчанскага замка на вялікі Нёман, усе ажылі, і нават некаторыя былі гатовы застацца, каб дапамагаць аднаўляць замак…