Интервью

Самы малады ўчастковы Валожынскага РАУС Уладзіслаў ШАМАЙ: «Прызванне – дапамагаць людзям»

Служба ўчастковых знаходзіцца на перадавой у барацьбе са злачыннасцю і правапарушэннямі. У радавога грамадзяніна менавіта з дзейнасцю адпаведнага падраздзялення асацыюецца праца органаў унутраных спраў. Людзей гэтай прафесіі вылучаюць мужнасць, чалавечнасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу.

Участковы інспектар лейтэнант міліцыі Уладзіслаў ШАМАЙ абслугоўвае тэрыторыю Ракаўскага сельсавета. Сваю працоўную дзейнасць малады чалавек распачаў у ліпені гэтага года.
Мясцовы хлопец, які нарадзіўся і вырас у Ракаве, з дзяцінства марыў апрануць міліцэйскую форму, паўдзельнічаць у сапраўдным расследаванні, а самае галоўнае – дапамагаць людзям, таму з выбарам прафесіі вызначыўся задоўга да заканчэння школы.
У 2018 годзе ён паступіў на адміністрацыйна-прававы факультэт Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь па спецыялізацыі крымінальна-выканаўчая інспекцыя. Падчас практыкі, якую праходзіў у Валожынскім РАУС, часта прыходзілася ўзаемадзейнічаць з участковымі. Малады чалавек пачаў прыглядацца да гэтай службы. Вялікі ўплыў на яго аказаў вопытны калега Аляксандр Іванавіч Кажэка, які на той час працаваў участковым інспектарам на Ракаўскім участку. Менавіта тады курсант канчаткова вырашыў, дзе хоча працаваць і, калі выпусціўся з Акадэміі, папрасіў у аддзеле кадраў, каб яго перавялі ва ўчастковыя.

Ракаўскі сельсавет – дзін з самых буйных у раёне. Зона абслугоўвання – сам агра-гарадок і больш за 25 населеных пунктаў сельсавета. Не менш за 5 разоў у месяц неабходна наведаць кожны з іх, бо работа ўчастковага інспектара міліцыі – перш-наперш зносіны з людзьмі. Адміністрацыйны ўчастак раскінуўся на дзясяткі кіламетраў, і паспець усюды своечасова нялёгка. Акрамя ўсяго іншага, Ракаўскі – адзін з любімых напрамкаў мінчан для дачнага адпачынку: на тэрыторыі больш за 70 садаводчых таварыстваў. Калі пастаяннных жыхароў на ўчастку пражывае каля 5 тысяч, то летам яшчэ столькі ж, а можа і больш чалавек прыязджае жыць на дачы.

У сувязі з гэтым узнікае дадатковая нагрузка. Летам дачнікі канфліктуюць з-за межаў участкаў, а зімой прыходзіцца пільнавацца зладзеяў. Безумоўна, работа ўчастковага – не з лёгкіх. Даводзіцца быць і юрыстам, і псіхолагам, і міліцыянерам адначасова. Вытрыманаму, тактоўнаму, ветліваму маладому інспектару вяскоўцы давяраюць і звяртаюцца са сваімі праблемамі. Яны ўпэўнены, што той ва ўсім разбярэцца і дапаможа.
Уладзіславу Іванавічу прыходзіцца супакойваць хатніх скандалістаў, разглядаць спрэчкі паміж суседзямі, праводзіць прафілактычную работу з раней судзімымі і не толькі, змагацца з незаконным вырабам і абаротам алкаголю – адным словам, з усім тым, што можа парушаць спакой і законныя інтарэсы людзей. На жаль, большасць правапарушэнняў на падведамаснай тэрыторыі звязана з ужываннем алкагольных напіткаў, амаль 80% выпадкаў. Да таго ж неабходна весці дакументацыю, працаваць па заявах, складаць пратаколы і інш.

    Самы малады ўчастковы Валожынскага РАУС, як і ўсе яго калегі, не лічачыся з асабістым часам, калі трэба, выходзіць на службу ў выхадныя, святочныя дні, не гаворачы ўжо пра позні час сутак. На думку Уладзіслава Шамая, працаваць на радзіме значна прасцей, бо ў Ракаве ён амаль усіх ведае. Падчас адпрацоўкі адміністрацыйнага ўчастка паступова знаёміцца з насельніцтвам шматлікіх вёсак, каб пасля лёгка адсочваць любыя змены ў жыцці мясцовых жыхароў, вызначаць новых людзей, якія прыехалі пагасцяваць або вырашылі застацца тут жыць.

Уладзіслаў Іванавіч гаворыць, што работу сваю любіць, яна цікавая і апраўдала ўсе яго чаканні. Юрыдычная адукацыя вельмі дапамагае ў вырашэнні многіх надзённых праблем жыхароў сельсавета. Зыходзячы з сітуацыі, ён лёгка падбірае ключы да кожнага, з кім прыходзіцца размаўляць. Участковы заўсёды стараецца паставіць сябе на месца таго, хто да яго звярнуўся. Людзі дзеляць хаты, кансультуюцца па нормах заканадаўства, пытаюць парады, як лепш паступіць у той ці іншай сітуацыі, просяць правесці гутарку з дзецьмі, унукамі. Кожны выпадак, з якім давялося сутыкнуцца за час працы, па асабліваму цікавы і запамінальны. Так з дня ў дзень паступова назапашваецца прафесійны вопыт маладога інспектара.

Анжэла РАДЫНА