Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
26.04.2014. З сястрой Валяй і яе дзецьмі Надзяй і Сяргеем (вазіў на машыне) былі на Ракаўскіх могілках. Помнік, зроблены нашым бацькам, нам спадабаўся. Схадзілі ў майстэрню і аплацілі за работу. Крыху пастаялі ў чарзе. Шмат хто заказвае помнікі ў Ракаве. Потым пабылі на каталіцкіх могілках. Я паказаў, дзе пахаваны бацькі Янушкевічаў. На могілках шмат людзей – усе рыхтуюцца да Радаўніцы.
29.04.2014. Радаўніца. Мой сябра Лёня Шчарбінскі, едучы з жонкай адведаць родных, падвёз мяне да Ракаўскіх могілак. Была палова дванаццатай. Спыніліся ў метрах трохстах, бо бліжэй не пад’ехаць. Вельмі шмат машын і людзей. Дзве гадзіны прабыў з бацькамі…
Паблізу мяне да магілы сваёй маці прыйшоў мужчына з кошыкам, з якога дастаў цукеркі, апельсіны і паклаў пад крыж. Пагаласіўшы, узяў пляшку піва і стаў піць. П’ючы, расказаў суседзям пра тое, што яму 55 гадоў і што ён вельмі-вельмі любіў маці, якая перад смерцю доўга мучылася, хварэючы на рак…
Побач да магілы жанчыны, якая пражыла 59 гадоў, хлопец з дзяўчынай прывялі пад рукі бабулю. Старая была абута ў тапкі, на нагах вязаныя шкарпэткі. Так хадзіла мая мама…
Пасля таго, як бацюшка Максім пасвянцаў помнік маіх бацькоў, я пайшоў да магілы мамінага брата Пашкі. Ідучы сярод помнікаў і людзей, думаў пра тое, што іду сярод мёртвых і жывых, якіх я не ведаў і ведаць не буду, але цяпер яны для мяне, як родныя…
Каля магілы дзядзькі Пашкі былі мае дваюрадныя браты Сяргей, Ігар і Мішка Лемяшонкі са сваёй маці і сваякамі. Цётка Марыя пахваліла помнік, які мы паставілі бацькам…
Сяргей з жонкай запрасілі мяне ў госці. Не адмовіўся, бо я і ехаў у Ракаў, каб не толькі пабыць з бацькамі, а і наведаць сваіх родных, з якімі, на жаль, апошнім часам, бачымся толькі на пахаваннях…
У Сяргея дома быў сын з жонкай і дачка з малой, а да іх далучыліся цешча і маці. Успаміналі памерлых, гаварылі пра дзяцей. Сяргеева цешча ўзгадала, што чытала ў газеце мае творы. Дарэчы, дачка майго брата Вольга Лемяшонак, ходзячы ў школу, пісала вершы. Друкавалася ў раёнцы і ў зборніку “Валожыншчына літаратурная”. На маё пытанне: “Ці пішаш цяпер?” адказала: “Не да вершаў…”
Вяртаючыся ў Мінск, палічыў сваіх дваюрадных братоў і сясцёр. Іх у мяне 24 і больш за 50 дваюрадных пляменнікаў. З сёстрамі і братамі зрэдку бачымся, а вось пляменнікаў некаторых і не ведаю…
05.05.2014. На вуліцы змрочна, на душы самотна. Успамінаючы бацькоў, прыдумаў радкі:
Мама і тата любілі мяне,
Мама і тата, як сонца ў акне
Хаты старой, дзе ніхто не жыве,
Хаты, якая, як крыж на царкве,
Стаіць адзінока, чакаючы нас…
У Мінскай лякарні, куды яго забрала “хуткая”, 30 красавіка памёр пісьменнік Уладзімір Дамашэвіч. Кажуць, што ён памёр ноччу, у сне. Яму ішоў 87 год. Адразу ж узгадалася рэдакцыя часопіса “Маладосць”, куды я да Міколы Аўрамчыка ў 1978 годзе ўпершыню прынёс вершы. Мікола Якаўлевіч гаварыў са мной, а Уладзімір Максімавіч, стол якога стаяў побач, слухаў і час ад часу задаваў пытанні пра вёску і цікавіўся, як у нас людзі называюць тую ці іншую рэч, прыладу, страву. Напрыканцы запытаўся, ці спрабую пісаць прозу. Я не спрабаваў, бо мне было ўсяго 18 гадоў, і ў мяне ў галаве самі па сабе рыфмаваліся радкі. І потым нярэдка, калі я прыходзіў у “Маладосць” і чакаў загадчыка аддзела паэзіі, Уладзімір Максімавіч раіў мне паспрабаваць свае сілы ў прозе. І ўрэшце рэшт я напісаў некалькі апавяданняў, але праляцела дзесяць гадоў, і Уладзімір Дамашэвіч пайшоў на пенсію, і я не адважыўся паказваць свае апавяданні новаму загадчыку аддзела прозы… Апошні раз сустракаўся з Уладзімірам Дамашэвічам 30 сакавіка 2011 года, калі ён прыходзіў у выдавецтва і пытаўся, ці можна прынесці рукапіс для друку. “Прыносьце!” – сказаў я, і Уладзімір Максімавіч абяцаў прынесці, але не прынёс і ўжо ніколі не прынясе…
06.05.2014.Тэлефанаваў у Лягезы, каб павіншаваць з днём народзінаў дзядзьку Віцю. Першай да тэлефона падышла цётка Стася. Ад яе даведаўся, што яна нарадзілася 7 мая 1945 года. Праз пару хвілін падышоў дзядзька. Яму 81 год. Дарэчы, мяне назвалі ў ягоны гонар. Бацька хацеў, каб я быў Славікам, як ягоны малодшы брат, але мама “перамагла”, і я стаў Віцем, як мамін малодшы брат…
09.05.2014. З Максімам наведалі Пугачы. 50 кіламетраў ехалі дзве з паловай гадзіны. За Ракавам да нас далучыўся Анатоль Блашчыцын, які, спазніўшыся на вакзал, дагнаў перапоўнены аўтобус на валожынскай маршрутцы. У Бузунах палавіна людзей выйшла. Ад Анатоля даведаўся, што ў гэтай вёсцы збудавана 600 лецішчаў…
У Пугачы даехала каля дзесяці чалавек. Схадзілі ў краму. Купілі хлеба і папіць. Звярнуў увагу на тры мяшкі бульбы, але не паглядзеў, па колькі яе прадаюць…
Дзядзька Толя з канём ужо чакаў каля хаты. Пакуль мы аралі, Максім распаліў агонь у мангале. Калі б зямлю запусцілі ў гэтым годзе, то ў агародзе б выраслі сотні дзве клёнікаў…
Праз дзядзьку Толю перадаў Святлане Шніп (жонка майго дваюраднага брата Сяргея) “Пугачоўскага цырульніка”. Праз паўгадзіны на машыне да нас прыехала Святлана, каб падзякаваць за кніжку. Прыехала з меншымі дзецьмі. Вітаючыся з малымі, я запытаўся, як іх завуць. Хлопчык гадоў пяці сказаў: “Ілля Шніп”, а дзяўчынка гадоў трох тут жа дадала: “А я – Яна!” Іх старэйшы Максім, які цяпер вучыцца ў сёмым класе, доўгі час хацеў стаць хакеістам, але нядаўна перадумаў. Святлана працуе ў Пугачоўскай школе, і разам з вучнямі займаецца краязнаўствам. На сённяшні дзень іх цікавіць гісторыя вёсак Татары і Татарскія, што знаходзяцца паблізу з Пугачамі…
З Максімам насадзілі цыбулі, часнаку, буракоў, морквы, рэпы, бобу, гароху. Агуркі пасадзім наступным разам. Не ведаю, што ў нас вырасце, але вяскоўцы, якія праходзілі міма, глядзелі на нас, як на вопытных гаспадароў…
На слупку нашай агароджы ўжо няма паштовай скрынкі…
На кашэнне травы не хапіла ні сіл, ні часу. У агародчыку, дзе мама даглядала кветкі, цяпер трава. І ўсё ж сярод травы і дзьмухаўцоў вырас адзінокі чырвоны цюльпан, як свечка, якая мне асвяціла ўсё, што тут было яшчэ некалькі гадоў таму…
10.05.2014. Апошнім часам Ліда Шніп піша ў Фэйсбуку пра сваіх сваякоў. І так ужо атрымалася, што яе дваюрадныя брат Саша і сёстры Люда і Света (дзеці Івана Іосіфавіча і Валянціны Іосіфаўны Шніп) – мае траюрадныя, таму ўсё, пра што піша Ліда, для мяне вельмі блізкае і дарагое. І я не магу ўстрымацца, каб тое-сёе не працытаваць з яе запісаў: “Дарэчы, цётка Валя – заслужаная настаўніца Беларусі. Дзядзька Іван нарадзіўся ў 1917 годзе ў вёсцы Пугачы ў хаце насупраць Гаіка, у якім раслі 600-гадовыя дубы (Гаік быў уласнасцю майго прадзеда). Ішла Першая сусветная вайна. Праз Пугачы праходзіла лінія фронту. У вясковых хатах жылі афіцэры з дзеншчыкамі, і ў хаце майго дзеда таксама жыў рускі афіцэр. Бабуля Марыя ў гэты нялёгкі час нарадзіла трэцяе дзіця (другой была дачка Валя, 1915 года нараджэння). Афіцэр узяў на рукі нованароджанага і назваў яго Іванам, пасля і ахрысціў Іванам. Калі фронт зрушыўся з месца, развітваючыся, афіцэр сказаў: “Калі закончыцца вайна, абавязкова прыеду, дзе б я ні быў, і свайго хрэсніка наведаю!” Ён не прыехаў, значыць…”
Прачытаўшы гэты запіс, я ўзгадаў, як мне дзед Юзя (1911 – 05.10.1982) расказваў, што падчас Першай сусветнай вайны лінія фронту праходзіла праз Пугачы, і там, дзе цяпер кароўнікі, тады былі акопы. Фронт адышоў, і дзед з братам Янкам і сябрамі нацягалі ў пуню снарадаў і рознай зброі. Дзедаў бацька, мой прадзед Іван Кандратавіч Шніп (1866 – 1916) быў уланам у царскім войску і загінуў каля Крэва. У час нямецкага нападу яму шабляй была адсечана галава. Пра гэта вестка прыйшла ў Пугачы ад аднавяскоўцаў, якія таксама ваявалі з немцамі. Янка недзе ў Смаргонскім раёне і пахаваны ў брацкай магіле. Мая прабабуля Крыстына Андрэеўна Шніп (у дзявоцтве Федаровіч, 1885 – 20.03.1947), натрапіўшы на зброю ў пуні, папрасіла суседзяў, каб яны ўсё гэта дабро прыбралі. Суседзі, доўга не шукаючы, куды знасіць зброю, выкінулі яе ў вялікую ямістую сажалку, што была паблізу. У той сажалцы, якая цяпер каля крамы, я з сябрамі ў дзяцінстве лавіў рыбу. На сённяшні дзень там балаціна, зарослая высокай травой…
У 1967 годзе бацькі забралі мяне з Лягез, і я памятаю, як каля нашых сотак былі вялізарныя пні, што засталіся ад дубоў. Бацька некалькі гадоў гэтыя пні карчаваў, каб расчысціць месца для сотак. Адзін дубок, якому гадоў за сто, яшчэ расце каля нашай сялібы. На яго я любіў залазіць і гуляць у лётчыка, а часам і пісаў, седзячы на ім, вершы…
З запісаў Ліды Шніп: “Дзядзька Антон самы старэйшы з дзяцей маёй бабулі Марыі Станіславаўны Багіна і дзядулі Іосіфа Адамавіча Шніпа. Ён праведнік свету. І калі вы будзеце ў Іерусаліме, то абавязкова наведайце гару Памяці, на якой ёсць сад праведнікаў свету. У гэтым садзе на мемарыяльнай сцяне сярод іншых імён высечана імя “Шніп Антон”. (…)
Аднойчы ноччу на дзядзькаў хутар партызаны прынеслі камандзіра, прафесійнага рускага вайскоўца Кіпкеева. У яго была адарвана нага, і яму пагражала смерць. Тады дзядзька Антон, рызыкуючы жыццём, узяў падводу, паставіў на яе вялікую бочку і паехаў у бок Маладзечна на пошукі ўрача. Знаёмыя падказалі, дзе хаваецца хірург Бабкес, яўрэй, які збег ад вайны з Заходняй Еўропы з двумя малымі дзецьмі. Ягоная жонка да таго часу ўжо была схоплена і забіта немцамі. І праз нейкі час у бочцы праз нямецкія пасты дзядзька Антон прывёз на хутар хірурга і ягоных дзяцей. Бабкес выратаваў Кіпкеева, а потым ён лячыў усіх, каму патрэбна была дапамога.
Летнімі днямі доктар спаў у лесе. Аднойчы непадалёку хутара яго схапілі польскія легіянеры, якія служылі ў немцаў. Прывялі Бабкеса на хутар, запыталіся ва ўсіх: “Вы ведаеце гэтага чалавека?” “Не! Першы раз бачым!” – пачулася ў адказ. “А ты знаёмы з гэтымі людзьмі?” – запыталіся ў доктара. “Не! Нікога не ведаю і не бачыў ніколі!” – адказаў доктар. Яго немцы расстраляюць, а дзяцей дзядзька Антон выратуе.
І ўжо пасля вайны прыедзе на хутар машына і забярэ дзяцей у Маскву. Праз шмат гадоў, калі майго таты не будзе ў жывых, ужо сама ва ўзросце былая маленькая дзяўчынка Ада Бабкес, жыхарка ЗША, адшукае цётку Надзю і дзядзьку Антона, каб аддзячыць ім за выратаванне…”
13.05.2014. Пазнаёміўся з калекцыянерам Дзмітрыем Сярэбранікавым і фотамайстрам Уладзімірам Суцягіным. Яны адшукалі мяне праз нашых агульных знаёмых. А справа ў тым, што Дзмітрый у свой час набыў старыя (шкляныя) негатывы фотаздымкаў, якія зроблены ў маіх Пугачах. Тое, што здымкі рабіліся ў маёй роднай вёсцы, стала вядома па фотаздымку 1952 года, на якім сядзяць вучні другога класа Пугачоўскай школы. Гэта багацце, добра павандраваўшы з рук у рукі, было набыта Дзмітрыем у Шчучыне. Дзякуючы Уладзіміру і яго любові да фотамастацтва, амаль усе негатывы прыведзены ў нармальны выгляд. Цяпер Дзмітрый і Уладзімір рыхтуюцца да выставы, на якой хочуць паказаць фотаздымкі, зробленыя ў 50-я гады мінулага стагоддзя фотамайстрам з Пугачоў…
Сёння, прыехаўшы з Сярэбранікавым у майстэрню Суцягіна, я доўга разглядаў пугачоўскія фотаздымкі, але, на жаль, нікога не пазнаў. Праўда, на здымку вучняў другога класа, здаецца, стаіць мой родны дзядзька Славік, які нарадзіўся ў 1944 годзе…
Непадалёку з майстэрняй жыве Ліда Шніп, якая па майму званку на хвілін пятнаццаць перад працай забеглася, каб паспрабаваць каго-небудзь з вяскоўцаў пазнаць. На жаль, і Ліда дакладна і ўпэўненна не змагла нікога назваць. Нічога дзіўнага, бо мы з Лідай нарадзіліся пазней за той час, калі рабіліся гэтыя здымкі. Тут жа з майстэрні я патэлефанаваў Анатолю Блашчыцыну, ад якога мы даведаліся, што фатографам у Пугачах быў Пётр Ціханавіч Ціманаў, які нарадзіўся на Палтаўшчыне. У нас ён з’явіўся пасля вайны, прыехаў з Германіі з будучай жонкай з Пугачоў, якую ён вызваліў ад немцаў. У Ціманава на Украіне засталася першая жонка і дачка. Дзяцей у новай сям’і не было. У хаце Пятра Ціханавіча нейкі час размяшчалася крама, дзе гаспадар быў прадаўцом. Жонка ягоная працавала паштальёнам. Да ўсяго Ціманаў з’яўляўся загадчыкам клуба і бібліятэкі. Дзякуючы яму, савецкія салдаты, якія былі забіты немцамі на самым пачатку вайны і пахаваны каля лесу, перазахаваны каля клуба, дзе быў пастаўлены помнік, каля якога кожны раз на Дзень Перамогі адбываліся ўрачыстыя мерапрыемствы. Я памятаю, як той помнік адкрываўся. У той дзень у Пугачах было вялікае свята, і каля клуба сабралася вельмі шмат людзей, і не толькі з нашай вёскі. Да нас прыязджалі салдаты і давалі салют. Цяпер у доме, дзе быў клуб, жывуць людзі, а пахаваныя салдаты былі перапахаваны каля новага Дома культуры…
З Дзмітрыем і Уладзімірам вырашылі ў бліжэйшы час працягнуць посшук новых звестак пра фотамайстра з Пугачоў. Паедзем і ў Пугачы (спадзяёмся, што старажылы пазнаюць на здымках сваіх аднавяскоўцаў), дзе паспрабуем знайсці фотаздымак самога фотамайстра. Паедзем і ў Дубравы, дзе пахаваны Пётр Ціханавіч Ціманаў, каб даведацца гады ягонага жыцця…
15.05.2014. Удзельнічаў у прэзентацыі кнігі Міхася Казлоўскага “Бацькаўшчыны светлае крыло”, якая выйшла напрыканцы мінулага года…
Едучы на вакзал, думаў па дарозе ў Маладзечна падрыхтавацца да выступлення, але… Праз некалькі хвілін пасля таго, як сеў, насупраць мяне прымясцілася жанчына. І не проста жанчына, а паэтка Людка Сільнова. Яна ехала да маці. І мы ўсю дарогу прагаварылі пра жыццё і пра літаратуру…
На вакзале ўжо чакаў Міхась Казлоўскі. Да нас праз хвілін пяць далучыўся былы галоўны рэдактар “Маладзечанскай газеты” Аляксандр Хазянін. У Палачанскі дом культуры нас завёз Віктар Сыракваша, які ўсю дарогу чытаў байкі Кандрата Крапівы і свае. Раней ён працаваў дырэктарам Дома культуры…
На прэзентацыю кнігі Міхася Казлоўскага сабралася чалавек пяцьдзясят. Болей не магло і быць, бо зала ў бібліятэцы зусім невялікая. Міхась зачытваў з кнігі аповеды пра сваіх бацькоў, і многія, слухаючы, плакалі…
Вяртаючыся ў Маладзечна, большую частку дарогі маўчалі. Усё было сказана…