Калонка паэта, празаіка, намесніка дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура» – галоўнага рэдактара часопіса «Полымя», лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне «Мастацкая літаратура», лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі, нашага земляка Віктара Шніпа. Незабыўнае
04.12.2015. У бібліятэцы імя Цёткі тэатр “Арт.С” працягнуў рэалізацыю паэтычна-міфалагічнага праекта “Сакральная Беларусь”. На гэты раз тэмай імпрэзы быў белы колер. Нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, прыйшлі ўсе выступоўцы: Рэгіна Багамолава, Мікола Кандратаў, Ірына і Максім Клімковічы, Людміла Хейдарава, Юрась Пацюпа, Таццяна Пратасевіч. Народныя песні спявала Альжбэта Малішэўская-Спрынчан. Па просьбе гаспадароў сцэны Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага, а таксама слухачоў свой верш “Белы і белае” я чытаў двойчы – на самым пачатку і ў завяршэнні. Потым мы за гарбатай па чарзе распавядалі гісторыі, звязаныя з белым колерам.
06.12.2015. Раніцай заўважыў, што ў нашым двары на бэзе пупышкі зазелянелі. Яшчэ пару дзён, і лісце з’явіцца. Падумалася, магчыма я ўсю зіму праспаў, і цяпер на вуліцы сакавік?
08.12.2015. Да свят, да дзён нараджэння на працы часам даводзіцца ў дадатак да празаічных радкоў пісаць вершы. Потым віншаванні раздрукоўваем на прыгожых, зробленых выдавецкімі мастакамі, паштоўках. За апошніх дзесяць гадоў такога дабра мной напісана каля пяці дзясяткаў. У мяне амаль нічога не захавалася. Напісаў і забыўся. Нашы супрацоўніцы, якія займаюцца наборам і вёрсткай тэкстаў, увесь час мне кажуць, каб гэтыя экспромты выдаў асобнай кніжкай. Я ў адказ толькі ўсміхаюся і амаль нічога не захоўваю. Некаторыя ўжо трапілі ў сметніцу, а некаторыя пыляцца па шуфлядах майго стала. Сярод старых папер знайшоў некалькі рукапісных віншавальных твораў, напісаных Леанідам Дранько-Майсюком. Хутчэй за ўсё, іх у самога аўтара няма.
09.12.2015. Сёння дзень народзін Максіма Багдановіча. Удзельнічаў ва ўрачыстым ускладанні кветак да помніка паэту. Нягледзячы на холад, людзей сабралася даволі шмат. Праўда, у асноўным школьнікі і студэнты. Змерз. І няслаба. І відаць, змерзлі ўсе. Прадстаўляючы мяне, дырэктар Музея Максіма Багдановіча Марына Запартыка сказала: “Зараз выступіць галоўны рэдактар выдавецтва “Роднае слова”…” І я пачаў з выпраўлення агаворкі: “Мы тут усе ўжо змерзлі, таму і не дзіўна, што выдавецтва “Мастацкае слова” назвалі “Родным словам”. Сказаў і зразумеў, што і я памыліўся, таму давялося тут жа выпраўляцца на “Мастацкую літаратуру”. Аксана Спрынчан, якая выступала пасля мяне, потым распавяла, што мая агаворка ўспрынялася як дасціпны жарт. Словам, было холадна. Але самае галоўнае – каля Максіма Багдановіча былі людзі, і спадзяюся, што нехта з іх прыйдзе вечарам дадому ў цяпло, возьме томік з вершамі паэта і разам з ім у тыдзень Нобелеўскіх лаўрэатаў задасца пытаннем: “Хто мы такія? Толькі падарожнікі – папутнікі сярод нябёс. Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?”
10.12.2015. Сёння споўнілася 145 гадоў з дня нараджэння мастака Фердынанда Рушчыца, які нарадзіўся ў маёнтку Багданава на Ашмяншчыне (цяпер Валожынскі раён). На мінулым тыдні мне патэлефанавалі з Валожына і папрасілі, каб выступіў на свяце. Да свайго сораму я ні разу не быў на радзіме свайго знакамітага земляка, таму з радасцю даў згоду…
Ідучы да мікрааўтобуса, які чакаў вандроўнікаў у Багданава на цэнтральным пляцы, зайшоў у царкву. Было пару чалавек. Зусім маладыя. Са светлымі тварамі. Заказаў малітву па бацьках і сваяках, у памяць Фердынанда Рушчыца паставіў свечку.
З Мінска выехалі а восьмай гадзіне. Чалавек пятнаццаць. Мастакі, супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея, карэспандэнты. Амаль усіх ведаю. Сядзеў з мастаком Уладзімірам Васюком. Усю дарогу гаварылі пра жыццё-быццё і пра тых, каго ўжо няма з намі. За вокнамі мікрааўтобуса туман. Часам здавалася, што мы не едзем, а ляцім на самалёце…
Фердынанд Рушчыц пахаваны на мясцовых могілках на ўзгорку, як на вяршыне зялёнай беларускай гары, якая ў гэтай мясціне самая бліжэйшая да неба. А неба было бясхмарным. Свяціла сонца. Туман растаў і перад намі з’явіліся краявіды, нібыта ажылі карціны Рушчыца…
У Вішнеўскай мастацкай школе адбыліся ўрачыстасці, якія пачаліся з мяне – прачытаў “Баладу Фердынанда Рушчыца”. Потым выступалі валожынцы, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў і яшчэ шмат хто…
Мастак Алесь Квяткоўскі падарыў для будучага музея Фердынанда Рушчыца карціну. Ён у Багданава прыехаў на цягніку яшчэ ўчора. Начаваў у сяброў…
У мастацкай школе працуе невялікая фотавыстава Міколы Лінніка. На сценах вісяць карціны мастакоў, якія былі намаляваны падчас пленэра. На іх краявіды, якімі ў свой час натхняўся Рушчыц…
У Мінск вярталіся вясёлыя. Знайшлося ў мікрааўтобусе месца і для Алеся Квяткоўскага. Я выходзіў на Гусоўскага. Развітваючыся, мне моцна сціснуў руку мастак Алесь Суша і сказаў: “Не пушчу!” “Пусці!” – усміхаючыся, некалькі разоў паўтарыў я, на што мастак сказаў: “Гэта не я трымаю! Гэта нас трымае Рушчыц!”
11.12.2015. Да 75-годдзя з дня народзін Уладзіміра Мулявіна рыхтуем да друку кнігу, створаную Людмілай Крушынскай. Сёння павінны былі здаць у друк. Не здалі, хоць і працавалі амаль да васьмі гадзін вечара. І наогул гэты тыдзень працавалі дапазна. Праўда, толькі тыя, ад каго канкрэтна залежыць выхад кнігі. Яна атрымалася аб’ёмам 616 старонак. У ёй каля паўтысячы здымкаў, многія з якіх друкуюцца ўпершыню. Сёння, магчыма, працавалі б і да гадзін дзесяці (Людміла Крушынская, Дзмітрый Пятровіч, Вольга Максімовіч і я), калі б я напачатку не згубіў акуляры, а потым і не наступіў на іх. Дамоў вяртаўся напаўсляпым. Дома былі запасныя акуляры. У іх глядзеў хакей. Не даглядзеў. Скінуў, і разбілася правае шкельца. На працы было раструшчана левае. Словам, у мяне сёння быў акулярапад…
12.12.2015. На сённяшні дзень у маім камп’ютары сабралася шмат фотаздымкаў, якія не спарадкаваны ні па гадах, ні па імёнах, ні па падзеях, а проста захоўваюцца ў розных папках, і не зразумела мне самому, што ў мяне тут ёсць, а чаго і няма. Усё мару знайсці вольны час, каб сесці і разабрацца ў сваім фотабагацці. Толькі што адкрыў першую, якая патрапіла на вочы, папку і натрапіў на фотаздымак, зроблены ў снежні 1981 года фотаапаратам паэта Анатоля Сыса ў Каралішчавічах у час Рэспубліканскай нарады маладых літаратараў Беларусі. Гляджу на здымак і чую галасы маладых Сыса, Барэйшы, Сахарчука, Канапелькі. Навокал Каралішчавіцкі заснежаны лес, мароз. Мы не апранутыя выбеглі на вуліцу, фатаграфуемся. У нас яшчэ няма кніжак. У нас ёсць толькі першыя публікацыі ў “ЛіМе” і ў часопісах. У нас усё яшчэ наперадзе. У Барэйшы часу ў гэтым свеце дзевяць гадоў, у Сахарчука дваццаць адзін, у Сыса дваццаць чатыры, у Канапелькі трыццаць чатыры. Час праляцеў, як той снег, што падаў з неба на нашы маладыя гарачыя галовы…
14.12.2015. Ездзіў у Дом быту, што каля станцыі метро “Інстытут культуры”. Заказаў новыя акуляры. Каштуюць няслаба. Узгадалася, як гадоў пятнаццаць таму з Алесем Пісьмянковым, які тады быў галоўным рэдактарам “ЛіМа”, а я ягоным першым намеснікам, прыязджалі сюды, каб здаць у хімчыстку Алесеў касцюм. Даведаўшыся, колькі паслуга будзе каштаваць, сябра сказаў: “Я дабаўлю да гэтай сумы грошай і новы касцюм куплю”. І праз месяц Алесь набыў новы касцюм…
15.12.2015. Дзякуючы Алене Ляшковіч і ўсім яе купалаўцам, ездзіў у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Ляўкі” на ўрачыстае адкрыццё новай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі. Ехалі з Мінска тры з паловай гадзіны. Сядзеў з Навумам Гальпяровічам. Усю дарогу гаманілі пра цяперашнія жыццёвыя варункі, узгадвалі сяброў, якія адышлі ў лепшы свет. Некалькі тыдняў таму пасля цяжкай хваробы памерла былая дырэктарка бібліятэкі імя Пушкіна Наталля Чуева. Шмат гадоў яна арганізоўвала і праводзіла творчыя семінары “Слова Купалы да творчасці кліча”, якія праходзілі на Лагойшчыне. Я меў шчасце разоў пяць удзельнічаць у іх літнастаўнікам. Шмат паэтаў Мінскай вобласці, якія былі на гэтых семінарах, цяпер маюць свае кнігі, прыняты ў Саюз пісьменнікаў.
На паўдарозе да Ляўкоў мы выйшлі з аўтобуса на адпачынак якраз на тым месцы, дзе ў 2002 годзе спыняліся з Алесем Пісьмянковым, Эдуардам Акуліным, Анатолем Зэкавым і Лідзіяй Макарэвіч, едучы з Ляўкоў, дзе разам з віцебскімі паэтамі Анатолем Канапелькам, Давідам Сімановічам, Алегам Салтуком, Алесем Жыгуновым удзельнічалі ў свяце паэзіі. На сённяшні дзень з віцябчан жывы толькі Жыгуноў. З Пісьмянковым тады ў прыдарожнай альтанцы мы сфатаграфаваліся. Недзе ў мяне захоўваецца здымак. Было лета. Цёпла. Светла. Пісьмянкоў у Ляўках пакупаўся ў Дняпры. Я сачыў, каб ніхто не прыйшоў, бо Алесь быў зусім голы. У яго была звычка купацца ва ўсіх вадаёмах, каля якіх можна было прыпыніцца. Ён любіў ваду…
У Ляўках нас сустрэлі хлебам-соллю і песнямі. У час урачыстасцей з пісьменнікаў выступілі Навум Гальпяровіч і я. Упершыню прагучаў гімн Купалаўскага музея, створаны Камоцкім і Гальпяровічам. Экспазіцыя вельмі багатая і зроблена па-сучаснаму. Усім, думаю, запомніцца пакой, дзе за акном у садзе ходзіць Янка Купала і аглядае дрэвы.
Я пранаваў схадзіць да Дняпра. Бераг круты. Да вады далёка. Са мной пайшлі Аксана Аракчэева, Міхась Шавыркін, Навум Гальпяровіч і Анатоль Бутэвіч. Вада ў рацэ цяплейшая за вецер. Празрыстая, як неба. Вярнуўшыся на высокі купалаўскі бераг, Анатоль Іванавіч запытаўся: “Колькі прыступак у лесвіцы?” Ніхто правільна не адказаў. Я сказаў: “365!” “Не! 210!” – задаволена назваў лічбу Анатоль Іванавіч…
Сонца не было. Але пасля таго, як мы схадзілі да Дняпра і пачалі ўздымацца па лесвіцы да Купалы, каля ракі на заснежанай траве з’явілася сонечная паляна, якая, чым мы бліжэй былі да Купалы, павялічвалася, а потым і разраслася на ўсё наваколле Купалаўскай зямлі…
16.12.2015. Па запрашэнні Таццяны Гаранскай быў у мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага на адкрыцці выставы Віктара Маркаўца “Заслаўе. Жывапісныя імпрэсіі старога горада”. Большасць карцін мне даўно знаёмыя. Некаторыя ў канцы 80-х і пачатку 90-х друкаваліся ў часопісе “Беларусь”, дзе я працаваў у аддзеле культуры і рыхтаваў да друку каляровую ўклейку з рэпрадукцыямі работ мастакоў. У тыя часы шмат было створана карцін, у якіх адлюстроўваецца наша гісторыя. Праз іх для многіх беларусаў адкрывалася незнаёмая Беларусь – краіна замкаў, храмаў, рыцараў, князёў, асветнікаў, змагароў і герояў. І сёння, ходзячы па выставе Віктара Маркаўца, я адчуваў сябе вучнем, які паўтарае даўнія ўрокі па гісторыі нашай краіны…
Сустрэў на выставе земляка з Ракава Фэліка Янушкевіча. Ягоныя партрэты Льва Сапегі і Васіля Цяпінскага вісяць у мяне ў кабінеце. З Фэлікам мы даўно ўжо бачыліся. Раней, у маладосці, праязджаючы на аўтобусе праз Ракаў, я амаль кожны тыдзень бываў у яго дома. Тады яшчэ жылі бацькі Фэліка. Ягоная маці мяне заўсёды пасля дарогі карміла, а я сілкаваўся і глядзеў, як Фэлік малюе. Многія карціны тварыліся на маіх вачах. Гэта ўсё было даўно. Цяпер Фэлік малюе мала, а ўсё больш займаецца сваім музеем. Я расказаў пра сваіх дзяцей, а Фэлік пра сваіх. Мае – мастакі, Фэліка – музыканты…
Мастак Віктар Барабанцаў зноў напомніў пра партрэт Людмілы Рублеўскай, які ён намаляваў гадоў пятнаццаць таму, а гадоў пяць таму падарыў нам. Ніяк не можам забраць. Я абяцаў праз пару тыдняў з Людмілай заглянуць у майстэрню да Віктара…
З Алесем Разанавым згадалі пра маладую мастачку Кацярыну Дасько, якая яшчэ ўсё афармляе ягоную кнігу для “МЛ”. Трэба будзе падшавяліць дзяўчыну, а то час ляціць, і ў Алеся Сцяпанавіча ўжо губляецца надзея, што нешта атрымаецца з выданнем выбраных пункціраў.
Стоячы каля карціны Віктара Маркаўца, дзе сяўня і груган, Алесь Разанаў расказаў мне гісторыю яе стварэння: “Напачатку былі і сяўня, і груган, але нечага не хапала. Я прапанаваў Віктару, каб ён намаляваў зерне. Залатое зерне. І ён намаляваў зерне, і карціна набыла філасофскі сэнс”…
Алесь Разанаў у “Лятучым універсітэце” чытае лекцыі. У яго было пытанне да мяне: “Ці ведаеш, калі быў напісаны верш Алеся Пісьмянкова “Мой сад у снезе па калена…”? Я студэнтам сказаў, што незадоўга да смерці паэта…” Вярнуўшыся з выставы, я знайшоў верш Пісьмянкова і паведаміў Алесю Сцяпанавічу, што твор напісаны ў 1986 годзе. “Трэба будзе выправіцца на наступнай лекцыі!” – дзякуючы за дапамогу, сказаў Разанаў…
На адкрыцці выставы было шматлюдна, а не так, як часам, бывае, што карцін на сценах болей, чым іх гледачоў…
На аўтобусны прыпынак ад Віктара Маркаўца ішоў з Уладзімірам Васюком, які папрасіў мяне ганяць на падобныя выставы маладых мастакоў, якія ў нас працуюць у выдавецтве…
18.12.2015. У час абедзеннага перапынку купіў у канфіскаце кілаграм “Каралеўскага” сыру. Еду ў ліфце, трымаючы набытак у руках, бо торбы з сабой не захапіў. І раптам ліфт спыняецца напаўдарозе. Зайшлі прыгожыя дзяўчаты. Ліфт тут жа зачыніўся, як велізарная мышалоўка…
19.12.2015. Снілася вёска. Лета. Іду па вуліцы на Юстынаву гару. Праходжу каля двухпавярховага Белага дома. Яго так назвалі гадоў сорак таму. Доўгі час ён быў у вёсцы адзіным домам, які збудаваны з белай цэглы і двухпавярховы. Там жылі прыезджыя. Словам, сніцца, што іду каля Белага дома. Раптам расчыняюцца дзверы пад’езда, і на вуліцу выходзіць знаёмы пісьменнік з дзецьмі (хлопчыкам і дзяўчынкай). Вітаемся. Я пытаюся: “Ты да некага ў госці прыехаў?” “Не! Я тут цяпер жыву. Я напісаў кнігу пра Шабаны, а цяпер пішу пра твае Пугачы!” – адказаў празаік і прапанаваў пайсці з ім у сад…
20.12.2015. Тысячагоддзямі людзі спрачаюцца, ваююць за землі. А зямля ўся, дзе мы ўсе жывём, належыць Адаму і Еве…
Снілася родная хата. Вечар. Марозіць. Я прыехаў дадому, збіраюся пераначаваць. На кухні падлога зусім сапсавалася. Змрочна. Сцюдзёна. Заходжу ў залу, а там цяплей і святлей. Здаецца, што тут нядаўна былі бацькі. І ў мяне з’яўляецца надзея, што пераначую, не змерзну. Прачынаюся. Успамінаю бацькоў. 25 снежня будзе тры гады, як бацька адышоў да мамы ў лепшы свет…







