Уладзімір Цаюн працуе трактарыстам на падрыхтоўцы лесасек, тралёўцы і вывазцы лесу Румскага лясніцтва. Такога высокага прызнання сваёй працы не чакаў і нават крышачку засаромеўся, калі запыталіся пра адчуванні.
– Безумоўна ж, прыемна, 26 гадоў, як займаюся лясной справай у родных мясцінах, – расказвае ён. – Нарадзіўся ў Мазурцы – за два кіламетры ад Рума. Бацька, Іван Сцяпанавіч Цаюн, калісьці працаваў лесніком у гэтым жа лясніцтве, але рана пайшоў з жыцця – мне было ўсяго восем гадоў. Таму, можна сказаць, пайшоў па яго сцежках. Пачынаў пры Пятры Пятровічы Юшы, праз паўгода прыйшоў наш цяперашні дырэктар Уладзімір Уладзіміравіч Бацян. Многаму ў іх навучыўся – як у старэйшых вопытных калег. Раней сумяшчаліся пасады лесніка і трактарыста, і я так працаваў 15 гадоў. А апошні час адбылося раздзяленне і цяпер раблю толькі трактарыстам. Работы вельмі многа: тая ж самая тралёўка драўніны, дастаўка дроў насельніцтву, догляд за мінпалосамі і пажарнымі палосамі – усё гэта ўваходзіць у мае абавязкі.
Уладзімір Цаюн расказвае, што навакольны лес ведае як свае пяць пальцаў. Тым больш, што жыве ён у сваёй роднай Мазурцы: хоць і ёсць кватэра ў Валожыне, але трэба дапамагаць матулі, якой ужо пад 80 гадоў, ды і работа, можна сказаць, побач.
– Вёсачка наша невялікая – усяго сем хат, але ўсе дамы жылыя – пакуплялі дачнікі, – працягвае Уладзімір Іванавіч. – Можна сказаць, што ўклад жыцця мала чым змяніўся: цывілізацыя (газавае ацяпленне і водаправод) не прыйшлі – як і раней печку палім дровамі, а ваду бяром у калодзежы, аднак гэта зусім не засмучае – мы звыклыя да такіх умоў. Толькі пяць чалавек мясцовых жыхароў засталося і ў тым жа калісьці вялікім па вясковых мерках Руме: ажывае яна летам, а зімой праедзеш – нават слядоў няма па снезе.
Штодзённая праца прыносіць У. Цаюну не толькі задавальненне, але і душэўны спакой.
– Ведаеце, калі на выхадныя выязджаю ў Валожын ці да дачкі ў Мінск, стараюся доўга не затрымлівацца: гарадская мітусня не для мяне. Тут жыццё ідзе сваім парадкам: спакойным, павольным, ціхім. Нават калі працуеш, можна сказаць, што ў нейкім сэнсе адпачываеш. Ды і паветра якое – проста асалода!