Ганаровая грамата Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі – так сёлета ацэнена работа старшага майстра майстарскага ўчастка “Багданава” Анатолія Каравайскага.
На адным месцы Анатолій Анатольевіч працуе 23 гады. Скончыў Беларускі політэхнічны ўніверсітэт, мелася вакансія майстра на “Кліме” – там адрабіў чатыры гады. А калі прапанавалі ўзначаліць участак у Багданаве – перайшоў сюды.
Жыве ён у Вішневе, графік работы зменны – даводзіцца працаваць і ў выхадныя, па патрэбе адгрузкі вагонаў з драўнінай на чыгунку.
На пытанне: “Што прыносіць штодзённая праца” Анатолій Каравайскі адказаў так:
– Па-першае, пастаянная работа – вялікая справа. Па-другое, дакладна ведаю: вось сёння прыйшоў – у мяне ёсць канкрэтны ўчастак работы. Па-трэцяе, я ўпэўнены ў заўтрашнім дні, і на сёння гэта многа азначае. Плюс да ўсяго – атрымліваю добрую зарплату. І я цаню тое, што маю: сваіх дзяцей вучу гэтаму, падначаленых – таксама.
Па словах Анатолія Анатольевіча, ацэнка працы вельмі патрэбна чалавеку.
– Разумееш: ёсць да чаго імкнуцца, ды і не дарэмна стараўся, – кажа ён. – Ну і, безумоўна ж, гэта стымул працаваць яшчэ лепш і прыклад астатнім.