Интервью

Настаўнік Багданаўскай школы-сада Алена Гардынец:»Я заўсёды буду маладой у душы, бо вакол мяне дзеці»

У Мінскай вобласці дадзены старт праекту «Сельскі настаўнік». Удзельнікі праекта — гэта настаўнікі, якія кожны дзень уваходзяць у клас сельскай школы і нясуць веды і свой вопыт дзецям. Знаёмімся з удзельніцай праекта Аленай Міхайлаўнай Гардынец.

Настаўнік… Гэта прафесіянал, які любіць дзяцей, які ўсё жыццё не толькі вучыць, але вучыцца і сам.
Так лічыць Алена Міхайлаўна Гардынец, настаўнік беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі “Багданаўскі УПК дзіцячы сад – сярэдняя школа” .
“Яшчэ зусім нядаўна, здаецца, нясмела, з хваляваннем увайшла ў клас на свой першы ўрок, — так успамінае настаўнік, — а сёлета ўжо 24 гады педагагічнай дзейнасці”.

Пра сябе
З самага дзяцінства ведала, што стану настаўнікам. У ролі вучняў былі дваюрадныя браты і сёстры, сяброўкі. Заводзіўся журнал, ставіліся адзнакі, задавалася дамашняе заданне.
Пасля заканчэння 9 класа паступіла ў Лідскае педвучылішча. Праз чатыры гады мара збылася. Маладога педагога направілі працаваць у сельскую школу. Так і пачалося настаўніцкае жыццё. З радасцю, запалам і натхненнем Алена Міхайлаўна імчала ў школу да “сваіх дзяцей”. Трэба навучыць першакоў чытаць, пісаць, паважаць людзей, любіць свой край, быць добрымі, дапытлівымі — такую задачу ставіла яна перад сабой. Але сярэдняй спецыяльнай адукацыі настаўніку стала мала і яна вырашыла паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову. Выбарам стала спецыяльнасць выкладчыка беларускай мовы і літаратуры і айчыннай і сусветнай мастацкай культуры. “Настаўнік павінен добра ведаць сваю мову, культуру. Толькі тады ён зможа ўзрасціць сапраўднага патрыёта”, — так меркавала Алена Міхайлаўна.

Калегі гавораць, што…
Шэсць год педагог выкладае родную мову ва ўстанове адукацыі. Вучні настаўніка пастаянна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, конкурсах, алімпіядах, даследчай дзейнасці па беларускай мове і літаратуры. Не раз іх поспехамі ганарылася Алена Міхайлаўна. Любімым для яе стаў конкурс “Жывая класіка”, бо і сама любіць вершы і з радасцю іх дэкламуе.
Працавіты, добрасумленны, дасведчаны і творчы настаўнік, які пастаянна павышае сваю кваліфікацыю праз самаадукацыю, актыўную работу ў метадычных аб’яднаннях, на курсах розных напрамкаў па прадмеце. Мае першую кваліфікацыйную катэгорыю.
Алена Міхайлаўна займаецца грамадскай дзейнасцю: з’яўляецца членам арганізацыі “Белая Русь”, абрана старшынёй прафкама ўстановы адукацыі.
Узнагароджвалася граматамі раённага ўзроўню, а ў 2021 годзе ўзнагароджана Ганаровай граматай Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Настаўніцкае майстэрства, творчасць, любоў да дзяцей, адказнасць Алены Міхайлаўны выклікаюць заслужаную павагу калег, вучняў і іх бацькоў.
Алена Міхайлаўна любіць паўтараць радкі з верша беларускай паэтэсы Алены Руцкой:
На роспач не маеш права,
Хаваеш слабасць і стому.
Твая нялёгкая справа
Жыццё адкрываць другому.
“Я заўсёды буду маладой у душы, бо вакол мяне дзеці. Я не шкадую, што стала настаўнікам, бо ў гэтым маё прызначэнне”, — так сцвярджае педагог.