Общество

Выдатны спецыяліст працуе ў Івянцы

15 кастрычніка – Дзень работнікаў фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прамысловасці

Вольга Рыдзеўская – загадчык аптэкі № 127 РУП “Мінская фармацыя” ў гарадскім пасёлку Івянец. Яе агульны працоўны стаж у галіне складае 18 гадоў, апошнія два – жанчына займае вышэйназваную пасаду.

Нарадзілася і вырасла наша гераіня ў Івянцы. Калі пасля заканчэння школы паўстала пытанне выбару прафесіі, дзяўчына вельмі доўга не магла вырашыць, куды паступаць. Слушную параду даў сябар, за што яму вельмі ўдзячна. Ён прапанаваў стаць фармацэўтам. У хлопца была знаёмая, якая працавала ў аптэцы і вельмі любіла сваю справу.

Вольга паступіла ў Магілёўскае медвучылішча і праз некаторы час зразумела, што знайшла прафесію па душы. З гадамі жанчына толькі ўпэўнівалася ў правільнасці выбару і сёння атрымлівае сапраўднае задавальненне ад работы. Асабліва падабаецца працаваць правізарам-першастольнікам: стаяць за прылаўкам і адпускаць лекі, мець непасрэдныя зносіны з людзьмі. Сучасны і граматны спецыяліст, стараецца дапамагчы кожнаму наведвальніку, лячыць не толькі лекамі, але і словам, увагай, усмешкай. Зразумела, што пасада загадчыка патрабуе вядзення шматлікай дакументацыі. Вольга Валер’еўна падыходзіць да гэтай справы вельмі грунтоўна і адказна, але кожны дзень імкнецца хоць на нядоўгі час за касу.

Калі атрымала ў 2003 годзе спецыяльнасць фармацэўта, першым месцам працы стала аптэка ў Плешчаніцах. Але хутка дзяўчына выйшла замуж, нарадзіла сына і пасля водпуску па доглядзе за дзіцем уладкавалася ў аптэку № 127 г. п. Івянца. Праз некаторы час Вольга Валер’еўна палічыла неабходным папоўніць багаж ведаў у аптэчнай справе і паступіла ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Нечакана ёй прапанавалі месца ў прыватнай аптэцы Мінска. За час працы ў сталіцы, лічыць, вельмі вырасла прафесіянальна: пераймала вопыт старэйшых калег, наведвала семінары.
Пасля таго, як нарадзіла другое дзіця – дачушку, вырашыла, што ёй неабходна працаваць бліжэй да дому. Так у 2017 годзе наша гераіня зноў аказалася ў Івянецкай аптэцы. Спачатку стала правізарам-першастольнікам, у 2018-м – намеснікам загадчыка аптэкі, а ў 2020-м – загадчыкам.

Работа фармацэўтаў заключаецца ў зносінах з людзьмі. У іх абавязкі ўваходзяць продаж лекавых прэпаратаў, прыём тавару, які паступіў, кансультаванне пакупнікоў, вядзенне ўліку рэцэптаў, прыходу і расходу медыкаментаў, афармленне вітрыны і інш. Калі наведвальнікі просяць парады, галоўная задача – прадаць такое лякарства, якое не нашкодзіць хвораму. Для гэтага неабходна ведаць іх склад і магчымыя пабочныя эфекты, сачыць за заканчэннем тэрміну прыдатнасці і правільным захоўваннем, бо многія сродкі патрабуюць асаблівых умоў.

Нягледзячы на вялікі вопыт, Вольга Рыдзеўская пастаянна ўдасканальвае свае веды: самастойна вывучае спецыялізаваную літаратуру, па магчымасці наведвае лекцыі і семінары, сочыць за навінкамі, што паступаюць на фармацэўтычны рынак.

Прафесіяналізм, добрыя практычныя веды дазваляюць ёй заўсёды даць слушную параду, нешта падказаць кожнаму, хто звяртаецца за дапамогай, выдатна спраўляцца з любым аб’ёмам работы ў самыя кароткія тэрміны. Сярод калег высакакласны спецыяліст карыстаецца заслужаным аўтарытэтам.

Вольга Валер’еўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо для гэтага ў яе ёсць усё неабходнае: любячы муж, выдатныя дзеці, сын, між іншым, пайшоў па слядах матулі – вучыцца на фармацэўта ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім каледжы, а таксама цікавая работа, у якой адчувае сябе як рыба ў вадзе.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара